ЭЛЕКТРАКІНЕТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць з’яў, якія адбываюцца ў сістэмах з капілярамі ці мембранамі, змешчанымі ў электраліт, пры накладанні знешняга эл. поля, а таксама адваротных ім эфектаў.

Абумоўлены наяўнасцю падвойнага электрычнага слоя на мяжы падзелу фаз і здольнасцю дыфузнай ч. гэтага слоя зрушвацца адносна нерухомай яго часткі. Да Э.з. адносяць электраосмас, электрафарэз, з’яўленне эл. рознасці патэнцыялаў паміж канцамі капіляраў ці мембран пры працяканні праз іх вадкасці, узнікненне рознасці патэнцыялаў пры асяданні (седыментацыі) часціц, суспензаваных у электраліце (эфект Дорна).

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ТСАН, Бейтсан (Bateson) Уільям (8.8.1861, г. Уітбі, Вялікабрытанія — 8.2.1926), англійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1892), з 1908 праф. у ім. З 1910 дырэктар Ін-та садовых культур у Мертане. Навук. працы па вывучэнні генетычных высноў спадчыннасці. Тлумачыў узнікненне новых прыкмет у арганізмаў выпадзеннем тармозячых фактараў (тэорыя «прысутнасці — адсутнасці»; 1905). Аўтар многіх генетычных тэрмінаў, у т. л. і тэрміна «генетыка» (1906). Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1894).

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́НА-МУТО́НА ЭФЕ́КТ,

узнікненне падвойнага праменепераламлення ў асяроддзі, змешчаным у знешняе магн. поле, пры распаўсюджванні святла перпендыкулярна полю; адзін з эфектаў магнітаоптыкі. Вынікі ўзаемадзеяння магн. поля з токавымі сістэмамі (электроны ў атаме, носьбіты зарада ў паўправадніках), якія вызначаюць аптычныя ўласцівасці рэчыва, выяўляецца ва ўсіх рэчывах. Выяўлены ў калоідных растворах англ. фізікам Дж.​Керам (1901) і даследаваны франц. фізікамі Эме Катонам і А.​Мутонам (1907). Выкарыстоўваецца для вымярэнняў дыямагн. успрыімлівасці, вывучэння магн. уласцівасцей электронных абалонак, структуры малекул і дамешкавых цэнтраў і інш.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНЗІЛІ́Т (ад лац. tonsilla міндалепадобная залоза) хранічны, хранічнае запаленне глотачных міндалін (пераважна паднябенных). Узбуджальнікі: гемалітычны стрэптакок групы А, стафілакокі, вірусы, грыбкі. Бывае Т. кампенсаваны (пачырваненне і рубцовыя змены міндалін, гнойныя пробкі, пачырваненне і патаўшчэнне краёў нёбных паднябенных дужак, павелічэнне і балючасць шыйных і падсківічных лімфавузлоў, боль, сухасць, непрыемны пах з рота і інш.) і дэкампенсаваны (частыя абвастрэнні, узнікненне каляміндалінных абсцэсаў, субфебрыльная т-ра цела і інш.). Прыводзіць да развіцця пашкоджанняў сэрца, рэўматызму, сепсісу. Лячэнне тэрапеўт., хірург. (танзілектамія).

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэгіяналіза́цыя

(ад рэгіён)

умацаванне эканамічных, палітычных і іншых сувязей паміж дзяржавамі, якія ўваходзяць у адзін рэгіён; узнікненне рэгіянальных аб’яднанняў дзяржаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэратагене́з

(ад гр. teras, -atos = пачвара + -генез)

узнікненне анамалій развіцця ў жывёл і чалавека ў выніку парушэння зародкавага развіцця арганізма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

інду́кцыя, ‑і, ж.

1. Спосаб разважання і метад даследавання, пры якіх агульныя выгады робяцца на аснове ведаў пра адзінкавыя факты; проціл. дэдукцыя.

2. Узбуджэнне электрычнага току ў якім‑н. правадніку пры руху яго ў магнітным полі або пры змяненні вакол яго магнітнага поля. Электрамагнітная індукцыя. Магнітная індукцыя.

3. Узаемадзеянне працэсаў узбуджэння і тармажэння ў нервовай сістэме, пры якім узнікненне аднаго працэсу выклікае развіццё другога, процілеглага.

[Лац. inductio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эксцэ́с, ‑у, м.

1. Крайняе праяўленне чаго‑н.; празмернасць, нястрыманасць. — Ага, зразумела, — сказаў лысаваты. Сківіца ў яго адвісла, быццам стала адразу цяжкай. — Спадзяюся, як культурныя людзі, мы пагаворым без лішніх эксцэсаў. Асіпенка. [Мяснікоў:] — Перадай штабу, усім салдатам: вытрымка! Ніякіх эксцэсаў! Мележ.

2. Парушэнне нармальнага ходу чаго‑н., вострае сутыкненне (звычайна ў грамадскім жыцці). — Гарнізон выконвае мае распараджэнне, а гэта дае магчымасць папярэдзіць узнікненне непажаданых эксцэсаў. Гурскі.

[Ад лац. excessus — выхад; ухіленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы павышанага тыпу ў Маскве ў 2-й пал. 17 ст. Узніклі па ініцыятыве рас. ўрада, царквы і прыватных асоб (школа Ф.​М.​Рцішчава) у сувязі з патрэбай у адукаваных дыпламатах, настаўніках, прыказных. Школы былі прызначаны вучыць замежным мовам, задавальняць імкненне да ведаў шырокіх слаёў дваранства і пасадскага насельніцтва, павышаць іх агульны культ. ўзровень. Выкладчыкамі былі звычайна святары і манахі. Выкладаліся грэч., лац., царк.-слав. мовы, рыторыка і філасофія. Узнікненне і дзейнасць Грэка-лацінскіх школ садзейнічалі стварэнню ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЙНО́Е АПЛАДНЕ́ННЕ,

тып палавога працэсу, уласцівы пакрытанасенным раслінам. Адкрыў у 1898 рус. батанік С.Г.Навашын. Заключаецца ў тым, што пры фарміраванні семя гаплоідная яйцаклетка апладняецца адным (генератыўнае апладненне), а дыплоіднае ядро цэнтр. клеткі зародкавага мяшка — другім (вегетатыўнае апладненне) сперміем пылковага зерня. У выніку генератыўнага апладнення ўтвараецца дыплоідная зігота, якая дае пачатак зародку. Вынікам вегетатыўнага апладнення служыць узнікненне пач. клеткі трыплоіднага эндасперму (пажыўнай тканкі семені). Д.а. забяспечыла пакрытанасенным раслінам пашырэнне на Зямлі і амаль неабмежаваныя магчымасці прыстасавання да ўмоў існавання (ад тропікаў да тундраў, ад вільготных мясцін да пустынь).

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)