1) члены аднаго роду або аднаго віду жывёл, раслін, аднолькава аддаленых у роднасных адносінах ад агульных продкаў; пакаленне;
2) узнаўленне, вытворчасць (напр. г. электрычнай энергіі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ, рыбгасы,
гаспадаркі, якія гадуюць рыбу ў штучных сажалках ці прыстасаваных натуральных вадаёмах (гл.Сажалкавая рыбная гаспадарка), у тэрмальных водах ДРЭС (гл.Садковая рыбная гаспадарка), у рыбагадавальніках, здабываюць у натуральных вадаёмах (гл.Азёрна-таварная рыбная гаспадарка), перапрацоўваюць рыбу. Да функцый Р.г. таксама адносяць тэхн. і біял. меліярацыю вадаёмаў, штучнае зарыбленне вадаёмаў гасп.-каштоўнымі відамі рыб (карп, белы амур, таўсталобікі, сырок і інш.), пабудову рыбаахоўных збудаванняў, узнаўленне і паляпшэнне якасці рыбных запасаў. Паводле структуры Р.г. падзяляюць на поўнасістэмныя (здзяйсняюць поўны цыкл развядзення рыбы: атрыманне спелых вытворнікаў і палавых прадуктаў ад іх, апладненне ікры і яе інкубацыя, вытрымліванне лічынак, вырошчванне моладзі, выпуск у вадаёмы ці дарошчванне яе да таварнага стану ў сажалках) і няпоўнасістэмныя (адрозніваюцца адсутнасцю аднаго ці некалькіх звёнаў у гасп. працэсе вырошчвання рыбы). Р.г. вядуцца з рознымі абаротамі (перыяд часу, неабходны для вырошчвання рыбы ад ікрынкі да таварнай вагі).
На Беларусі 26 Р.г., якія ўваходзяць у сістэму Мінсельгасхарчу, таксама ў структуры нац. паркаў Нарачанскі, Браслаўскія азёры. Найб. буйныя: «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў і інш. Большасць Р.г. (18) з’яўляюцца поўнасістэмнымі сажалкавымі гаспадаркамі, якія вырошчваюць рыбу па 2- і 3-гадовым абаротах.
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбныя гаспадаркі: 1 — адлоў рыбы са спушчаных сажалак у рыбгасе «Лактышы»; 2 — адлоў рыбы ў рыбгасе «Лахва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЭРЫЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. extériorisation выяўленне, праяўленне, ад лац. eksterior вонкавы, знешні),
у псіхалогіі гэта праяўленне ўнутр. псіхічнага жыцця чалавека ў знешніх (знакавых і сац.) формах свайго існавання: разнастайныя пачуцці і думкі і ў штодзённым жыцці кожнага чалавека, і ў творчасці вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш.Напр., рэалізацыя вынаходнікамі сваіх задум у той ці інш. канструкцыі, выражанай прадметна або графічна; узнаўленне мастакамі ў выглядзе малюнкаў вобразаў, якія ствараюцца першапачаткова ўнутр. позіркам; запіс або графічнае адлюстраванне схем пры вырашэнні вучэбных задач. Э. ажыццяўляецца не толькі на завяршальным этапе дзейнасці, але і ў ходзе яго, у прамежкавых звёнах паміж задумкай і поўнай рэалізацыяй. Як кірунак разумовай дзейнасці Э. процілеглая інтэрыярызацыі — пераходу знешніх практычных дзеянняў ва ўнутр. псіхічны план. На арган. ўзаемасувязь абодвух працэсаў упершыню звярнуў увагу Л.С.Выгоцкі. Паводле яго культ.-гіст. тэорыі паводзін, чалавек авалодвае сабой як адной з сіл прыроды, атрымліваючы інфармацыю звонку пры дапамозе сістэмы знакаў, якія ствараюцца культурай; г.зн. усякая сапраўды чалавечая форма псіхікі першапачаткова складваецца са знешняй сац. формы зносін паміж людзьмі, а потым увасабляецца ў працэсах Э. асобнага індывіда. Праблемы Э. распрацоўваюцца ў працах А.М.Лявонцьева, П.Я.Гальперына і інш.
Літ.:
Выготский Л.С. История развития психических функций. М., 1953;
Леонтьев А.Н. Проблемы развития психики. 4 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
інтэгра́цыя
(лац. integratio = узнаўленне)
1) аб’яднанне ў адно цэлае якіх-н. частак (проціл.дэзінтэграцыя);
2) аб’яднанне нацыянальных гаспадарак дзвюх і больш дзяржаў з аднатыповым грамадскім ладам (эканамічная і.);
3) мат. знаходжанне інтэграла па функцыі (і. функцыі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
успамі́н, ‑у, м.
1.Узнаўленне ў думках таго, што захавалася ў памяці. Вярнуўшыся ў купэ, Рыта зноў падсела да акна і аддалася ўспамінам аб сваіх нядаўніх універсітэцкіх сябрах.Васілевіч.
2.толькімн. (успамі́ны, ‑аў). Запіскі, расказы аб мінулым, перажытым. Пісаць успаміны. Вечар успамінаў. □ Усе слухалі ўспаміны старога, нібы казку, — жывы летапіс сваіх мясцін.Новікаў.— Ну, калі на тое пайшло, што заняліся ўспамінамі, — усміхнуўшыся, загаварыў Катлярэвіч, — то і мне ёсць пра што сказаць.Гурскі.
•••
Лёгкі на ўспамінгл. лёгкі.
На ўспамін — для таго, каб доўга помнілі, не забывалі каго‑, чаго‑н. (даць, падарыць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Amantium irae amoris integratio est (Terentius)
Сваркі закаханых ‒ узнаўленне кахання.
Ссоры влюблённых ‒ возобновление любви.
бел. Хто каго любіць, той таго чубіць. Мілыя сварацца ‒ толькі цешацца. Удзень ‒ як каты, у начы ‒ як галубы.
рус. Милые бранятся ‒ только тешатся. Любовь после ссоры ещё ярче горит. Милого побои недолго болят. Милого побои не на’ кости. Больше дерутся, так смирнее живут.
англ. The quarreling of lovers is the renewal of love (Ссоры влюблённых ‒ возобновление любви).
нем. Die sich bei Tage zanken, lecken sich bei Nacht (Те, кто ругаются днём, лижутся ночью). Liebeszorn ist neuer Liebeszunder (Любовный гнев ‒ это новый любовный труд).
Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)
АБСТРА́КТНАЕ І КАНКРЭ́ТНАЕ,
катэгорыі дыялектыкі, у якіх адлюстраваны расчляненне і цэласнасць з’яў рэчаіснасці і іх узнаўленне ў працэсе пазнання. Абстрактнае разглядаецца як адна з уласцівасцяў, частка цэлага, аднабаковае, неразвітое; канкрэтнае — як адзінства, паўната, шматбаковасць і цэласнасць аб’екта ва ўсёй разнастайнасці яго сувязяў і дачыненняў. У гісторыі філасофіі да Г.Гегеля канкрэтнае ўяўлялася гал. чынам як разнастайнасць адзінкавых рэчаў і з’яў, дадзеных праз адчуванні; абстрактнае — як характарыстыка прадуктаў мыслення (абстракцыя). Гегель, які ўпершыню ўвёў у філасофію паняцці абстрактнае і канкрэтнае як суадносных катэгорый дыялектыкі, разглядаў канкрэтнае як сінонім дыялектычнай узаемасувязі, падзеленай цэласнасці, а абстрактнае — як этап руху і развіцця самога канкрэтнага. І.Кант, І.Фіхтэ і інш. прадстаўнікі ідэалізму таксама зыходзілі з разумення канкрэтнага як выключна духоўнай у сваёй аснове сувязі эмпірычна дадзеных з’яў. Прыхільнікі эмпірызму зводзяць канкрэтнае толькі да адзінкавых успрымальных адчуваннем з’яў, а розныя школы пазітывізму — да індывід. аб’екта, які ўспрымаецца імі як комплекс адчуванняў. У дыялект. матэрыялізме канкрэтнае разглядалася як непасрэдна дадзенае пачуццёва ўспрымальнае цэлае і як сістэма навук. вызначэнняў, якая выяўляе істотныя сувязі і дачыненні рэчаў, заканамернасці і тэндэнцыі развіцця з’яў; абстрактнае ж — як праява непаўнаты, неразвітасці, абмежаванасці любога яе фрагмента, праява аднабаковасці ведаў аб прадмеце. Спосаб тэарэт. ўзнаўлення ў свядомасці цэласнага аб’екта — узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, якое ёсць усеагульная форма разгортвання навук. пазнання, сістэма адлюстравання аб’екта ў паняццях.
Літ.:
Гот В.С., Семёнов В.С., Урсул А.Д. Категории современной науки. М., 1984;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРА́КЦЫЯ СВЯТЛА́,
з’ява агінання святлом контураў непразрыстых цел, якая прыводзіць да парушэння законаў геаметрычнай оптыкі. У больш шырокім сэнсе Д.с. — сукупнасць эфектаў, якія назіраюцца пры распаўсюджванні святла ў асяроддзі, з яўна выражанымі неаднароднасцямі.
Д.с. тлумачыцца праяўленнем хвалевых уласцівасцей святла і адбываецца, калі святло праходзіць праз вузкія шчыліны і адтуліны ў непразрыстых экранах ці каля краёў непразрыстых цел (памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі святла). Дыфракцыйная карціна з’яўляецца вынікам інтэрферэнцыі дыфрагаваных хваль і вызначаецца суадносінамі паміж памерамі перашкод ці адтулін і даўжынёй хвалі святла і характарызуецца адпаведным размеркаваннем інтэнсіўнасці. Разлік найпрасцейшых дыфракцыйных карцін робіцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу. Пры Д.с. ад кропкавай крыніцы (сферычная хваля) на круглай адтуліне ці круглым экране (дыфракцыя Фрэнеля) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных кольцаў (дыфракцыйны відарыс перашкоды). Пры дыфракцыі плоскай светлавой хвалі на вузкай шчыліне (дыфракцыя Фраўнгофера) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных палос (дыфракцыйны відарыс крыніцы святла). Д.с. на дыяфрагмах і аправах аб’ектываў абмяжоўвае раздзяляльную здольнасць аптычных прылад (мікраскопаў, тэлескопаў і інш.). На Д.с. заснавана дзеянне дыфракцыйных рашотак, узнаўленне галаграфічных відарысаў і інш. выкарыстанні галаграфіі.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.
К.М.Грушэцкі.
Да арт.Дыфракцыя святла. Размеркаванне інтэнсіўнасці (1) і дыфракцыйная карціна (2) пры дыфракцыі Фраўнгофера на вузкай шчыліне шырынёй b, φ — вугал дыфракцыі.Да арт.Дыфракцыя святла. Дыфракцыйная карціна пры дыфракцыі Фрэнеля на круглай адтуліне (1) і круглым экране (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБР (Bison bonasus),
млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 падвіды: раўнінны еўрап. белавежскі (B.b. bonasus) і каўказскі (B.b. caucasicus). У мінулым быў пашыраны на тэр. Літвы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вял. Каўказа. На пач. 20 ст. захаваўся ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але быў знішчаны — у пушчы ў 1919, на Каўказе ў 1927.
У заапарках шэрагу краін захавалася 56 жывёл. Узнаўленне З. праводзілася ў спец. гадавальніках у Белавежскай пушчы ў Польшчы, заапарках Еўропы, на Каўказе, у Асканіі-Нова, Беларусі, Прыокскатэрасным і Окскім запаведніках, Літве. Еўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўказскі — гібрыдызацыяй B. bonasus × B. bonasus caucasicus. Акрамя чыстакроўных З. разводзяць гібрыдаў (зубрабізон і складаныя гібрыды са свойскай жывёлай). Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. У вясенне-летні перыяд З. трымаецца ў мясцінах з разнатраўем; увосень канцэнтруецца ў дубравах або лясах; зімой корміцца парасткамі, карой дрэў і інш., трымаецца паблізу падкормачных пунктаў. На Беларусі жыве падвід З. еўрап. белавежскі. Рэдкі, знаходзіцца ў стадыі аднаўлення папуляцый. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП і Беларусі. На 1.1.1997 у Белавежскай пушчы 280 З., у Бярэзінскім біясферным запаведніку 34, у Прыпяцкім запаведніку 29, у інш. раёнах Беларусі 43 асобіны. Трымаецца статкамі да 20 асобін на чале з самкай.
Даўж. цела да 3,5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 1,2 т; самкі драбнейшыя. Пярэдняя ч. тулава масіўная за кошт гарба. Галава адносна невял. з парай серпападобных рагоў. Шыя кароткая і тоўстая. Грудзі шырокія, магутныя. Поўсць адносна кароткая, зімой вельмі густая, бурая; на карку, шыі, падбародку доўгая, утварае грыву, бараду, махры падгузка. Палаваспелыя ў 3—4 гады. Нараджае пераважна 1 цяля; многія зубрыцы целяцца раз у 2 гады. Жыве 25—30 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁГАЛАГРА́ФІЯ,
запіс, узнаўленне і пераўтварэнне хвалевага фронту эл.-магн. хваль радыёдыяпазону. Метады Р. маюць шмат агульнага з метадамі аптычнай галаграфіі.
Радыёгалаграфічны працэс складаецца з запісу радыёгалаграмы, што адлюстроўвае параметры хвалевага фронту эл.-магн. поля, і ўзнаўлення відарыса аб’екта, з удзелам якога атрымаўся радыёфронт. Для запісу выкарыстоўваюцца неперарыўныя асяроддзі (аналагічныя фотаматэрыялам у аптычнай галаграфіі) або зонды. Неперарыўнымі асяроддзямі служаць плёнкі рэчываў, аптычныя ўласцівасці якіх (празрыстасць, паказчык пераламлення, паварот плоскасці палярызацыі і інш.) залежаць ад т-ры і лакальна мяняюцца пад уздзеяннем цеплаты, якая вылучаецца пры паглынанні радыёхваль. Зондамі з’яўляюцца антэны або целы, якія рассейваюць эл.-магн. хвалі. Для ўзнаўлення відарыса аб’екта выкарыстоўваюць аптычныя, радыётэхн. або выліч. спосабы. Пры аптычным спосабе радыёгалаграма пераносіцца ў адпаведным маштабе на аптычнае асяроддзе (напр., фотаплёнку), потым асвятляецца апорнай хваляй. Для фарміравання апорнай хвалі ў Р. выкарыстоўваюцца 2 спосабы: звычайны (як і ў аптычнай галаграфіі, калі апорная хваля фізічна існуе ў прасторы адначасова з прадметнай) і спецыфічны для Р., калі ў прасторы ёсць толькі адна (прадметная) хваля, а апорная падаецца ў тракт радыёпрыёмніка ці зонда. Р. выкарыстоўваецца для даследавання аддаленых аб’ектаў, напр., планет і Зямлі з космасу (раздзяленне пры адлюстраванні паверхні на некалькі парадкаў вышэйшае, чым пры звычайных метадах радыёлакацыі), для атрымання відарысаў аб’ектаў, схаваных аптычна непразрыстымі асяроддзямі (напр., ва ўмовах густой воблачнасці), у антэннай тэхніцы (для мадэліравання антэн, вымярэння іх параметраў і інш.), для апрацоўкі радыёсігналаў (сцісканне радыёлакацыйных імпульсаў) і інш.
На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца ў БДУ і Гомельскім ун-це.
Літ.:
Сафронов Г.С., Сафронова А.П. Введение в радиоголографию. М., 1973;
Бахрах Л.Д., Курочкин А.П. Голография в микроволновой технике. М., 1979;
Методы измерений параметров излучающих систем в ближней зоне. Л., 1985.