ФО́РМУЛА (лац. formula форма, правіла),

знакавая пабудова, у якой элементы структуры звязаны паміж сабой аператарамі і абазначаюць прадметы, з’явы, працэсы, велічыні і інш. аб’екты пазнання. Пры запісе Ф., асабліва ў фармальных мовах, карыстаюцца дужкамі і інш. дапаможнымі знакамі.

Напр., Ф. ў матэматыцы: (a+b)​2 = a​2 + 2ab + b​2 — Ф. квадрата сумы двух лікаў a і b; a​2 + b​2 = c​2 матэм. запіс Піфагора тэарэмы; у матэм. логіцы: [(A⋁B)→(B⋁C)]→(A→C) (гл. Алгебра логікі). Гл. таксама Формулы хімічныя.

т. 16, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕКТЫ́ЎНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ зямной паверхні,

розніца паміж выпрамяненнем Зямлі і атмасферным выпрамяненнем (процівыпрамяненнем атмасферы); састаўная ч. радыяцыйнага балансу зямной паверхні. З вышынёй Э.в. павялічваецца, з павышэннем вільготнасці паветра і воблачнасці памяншаецца. У малавоблачныя ночы страты цяпла зямной паверхняй у выніку Э.в. выклікаюць яе радыяцыйнае ахалоджванне. Удзень Э.в. большае, чым ноччу, але днём яно перакрываецца і часткова кампенсуецца паглынутай сонечнай радыяцыяй. На Беларусі гадавыя сумы Э.в. павялічваюцца з Пн на Пд ад 1100 да 1300 МДж/м² і складаюць 40—45% паглынутай радыяцыі.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НС атмасферы і падысподняй паверхні,

рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджвання глебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНТ (ад англ. grant падарунак, ахвяраванне),

1) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навук. і інш. установам і арг-цыям.

2) Мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фіз. і юрыд. асобам на конкурснай аснове для правядзення навук. даследаванняў на дагаворных умовах, а таксама бясплатная датацыя, субсідыя гал. чынам навук. ці навуч. установам, творчым калектывам, спарт. камандам і інш. з дзярж. або мясц. бюджэту.

3) Стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзярж. або мясц. бюджэту.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РА МНО́СТВА,

абагульненне паняцця даўжыні адрэзка, плошчы плоскай фігуры і аб’ёму цела на мноствы любой прыроды. Мае важнае значэнне ў функцыянальным аналізе, тэорыі імавернасцей, тэорыі гульняў і інш.

Найб. важнай з М.м. з’яўляецца мера Лебега, уведзеная А.Л.Лебегам пры абагульненні паняцця інтэграла (1902). Напр., на плоскасці меру Лебега квадрата лічаць роўнай яго плошчы. Асн. ўласцівасці: мера любога мноства неадмоўная; мера сумы канечнай або злічонай сістэмы папарна неперасякальных мностваў (не маюць агульных элементаў) роўная суме іх мер; пры перамяшчэнні мноства як цвёрдага цела яго мера не змяняецца.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],

уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чэк ​1, ‑а, м.

1. Грашовы дакумент з распараджэннем укладчыка банка аб выдачы ці пералічэнні прад’яўніку пэўнай сумы грошай з бягучага рахунку. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць. Скрыган. Тут [у таварыстве параходаўладальнікаў] неафіцыйна ўручаліся.. [містэру Лаяну] даволі буйныя чэкі. Лынькоў.

2. Квітанцыя ў касу з указаннем сумы, якую патрэбна ўнесці за тавар; талон з касы, які сведчыць пра тое, што за тавар, які купляецца, у касу заплачаны грошы. Выпісаць чэк. Аплаціць чэк. □ Пакуль Косця (яго чарга) выбіваў чэкі і падносіў талеркі з супам, Іван густа намазваў хлеб гарчыцай і еў. Шамякін.

[Англ. check.]

чэк ​2, ‑а, м.

Участак поля з пасевамі рысу, абгароджаны землянымі валікамі для ўтрымання вады пры яго затопліванні. Рысавыя чэкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́нта

(іт. sconto)

скідка з сумы рахунка за плацеж наяўнымі або да тэрміну, што практыкуецца ў міжнародным гандлі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКЦЭ́ПТ (ад лац. acceptus прыняты),

1) згода на заключэнне дагавору ў адпаведнасці з прапановай (афертай) інш. боку.

2) У міжнар. праве — аднабаковая заява пра звязанасць умовамі дагавору.

3) Прыняцце плацельшчыкам (трасатам) па пераводным вэксалі (траце) абавязацельстваў аплаціць вэксаль у вызначаны ў ім тэрмін. Такі акцэпт афармляецца на правым баку вэксаля ў выглядзе адпаведнага надпісу акцэптанта.

4) Згода банка гарантаваць выплату сумы, названай у пераводным вэксалі.

5) Згода плацельшчыка на аплату грашовых і таварных дакументаў. Выкарыстоўваецца пры разліках за тавары, паслугі і выкананыя работы: плацеж ажыццяўляецца са згоды плацельшчыка па разліковых дакументах, выпісаных пастаўшчыком.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРАБО́ТНАЙ ПЛА́ТЫ ЖАЛЕ́ЗНЫ ЗАКО́Н,

канцэпцыя, паводле якой сярэдняя зарплата вызначаецца велічынёй затрат, што забяспечваюць існаванне і аднаўленне рабочай сілы. Закон сфармуляваны Ф.Ласалем. У яго аснову пакладзена канцэпцыя выдаткаў вытв-сці, што складаюцца з працы і капіталу; якія фарміруюць цану прадукту. Прац. выдаткі павінны ўключаць затраты на харчаванне, вопратку, падтрыманне працаздольнасці. Зарплата вагаецца вакол гэтай сумы, бо калі яна будзе, напр., вышэй, то гэта прывядзе да паляпшэння дабрабыту, росту колькасці насельніцтва, павелічэння прапаноў рабочай сілы, што ў сваю чаргу знізіць зарплату. Калі ж зарплата зменшыцца, то пагоршыцца дабрабыт, упадзе нараджальнасць, знізіцца прапанова рабочай сілы, што прывядзе да росту аплаты працы.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)