ГІ́БАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для выгінання пракату і труб у халодным або гарачым стане. Выкарыстоўваецца ў котла- і суднабудаванні, хім. і нафтавай прам-ці.

Ліставы пракат апрацоўваюць на прэсах і гібачных вальцах, гатунковы пракат і трубы — на ролікавых машынах. Пракат выгінаюць таксама на гарызантальных гібачна-штамповачных прэсах (бульдозерах) і правільных прэсах. Дробныя вырабы з калібраў, дроту або стужкі (шплінты, сашчэпкі, дэталі для радыёапаратуры і інш.) робяць на гібачных аўтаматах. Найб. пашыраны гібачныя машыны з 3 валкамі, на якіх выгінаюць лісты шырынёй да 9 м і таўшчынёй да 50 мм. Гл. таксама Гібка.

Гібачныя машыны: a — лістагібачная трохвалковая (1 — сярэдні валок, 2 — корпус прывода, 3 — бакавы валок); б — трубагібачная.

т. 5, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

серпанці́н

(фр. serpentin, ад лац. serpens, -ntis = змяя)

1) скрутак доўгай вузкай каляровай папяровай стужкі, якую кідаюць у публіку на балях, карнавалах, маскарадах;

2) перан. участкі звілістай горнай дарогі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЗБЕ́СТ (грэч. asbestos літар. нязгасны, неразбуральны),

горны лён, мінералы класа водных сілікатаў магнію, жалеза і інш. з групы серпенціну (хрызатыл-азбест) і групы амфіболаў (амфібол-азбест). Паралельна-валакністай будовы, расшчапляюцца на тонкія, трывалыя валокны. Колер залаціста-жоўты, зялёны, да чорнага, распушаны — белы. Бляск шаўкавісты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 2,5 г/см³. Вогнеўстойлівы (t пл. каля 1500 °C). У прам-сці выкарыстоўваецца пераважна хрызатыл-азбест. Радовішчы азбесту звязаны з ультраасн. пародамі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці азбестацэмент. трубаў і шыферу, азбестатэхн. прам-сці (тканіны, шнуры, стужкі), вытв-сці пластмасавых і гумавых вырабаў з азбеставым напаўненнем (тармазныя калодкі, фрыкцыйныя кольцы, электраізаляцыйныя матэрыялы і інш.), таксама ў вытв-сці паперы, кардону, фільтраў.

Да арт. Азбест. Амфібол-азбест.

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШЧО́К,

гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.

Гаршкі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сту́жка ‘палоска матэрыі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Сцяшк., Мядзв.), ‘абрэзак тканіны’ (Ян.), сту́жкі ‘завязкі фартуха’ (Жд. 1), ‘вузкая палоска лазы, лыка’ (навагр., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. сту́жка ‘істужка, тасёмка’, стараж.-рус. сътуга ‘звязка, скрэпа’, польск. wstęga, wstąžka, чэш. stužka, славац. stuha, stužka, славен. stogla ‘шнурок для чаравікаў’. Прасл. *vъs‑tǫga ‘падвязка для абуўкі’, да *tegnǫti ‘цягнуць’ (Брукнер, 635). Карскі (Белорусы, 146) меркаваў, што слова занеслі ў Беларусь славакі (т. зв. каробачнікі), якіх называлі венграмі, што цяжка давесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сатле́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які, гніючы, ператварыўся ў труху; струхлелы, спарахнелы. Сатлелая кара на бярвенні паабівалася, ногі коўзаліся, ды спрыту ў Ягора хапала на любым бервяне: хоць салам змаж — пройдзе, збоку зірнеш — танцуе на кругляшы, артыст. Карамазаў. Неўзабаве з-пад зямлі выцягнулі самазарадную вінтоўку, кулямётныя стужкі і сатлелую вопратку. «Беларусь».

2. Які, тлеючы, згарэў, ператварыўся ў попел. І вецер шустры сваё жніва Збіраў з сатлелых вугалёў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серпанці́н, ‑у, м.

1. Скрутак доўгай вузкай стужкі з каляровай паперы, які кідаюць у публіку на балях, карнавалах і пад. Зайграў школьны духавы аркестр, моладзь пайшла танцаваць... Раптам веерам узляцела канфеці, абсыпаючы танцораў, пайшоў у ход серпанцін. Гурскі.

2. перан. Участкі звілістай горнай дарогі. Адхон, зарослы векавымі дрэвамі, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалі звілістым серпанцінам мармуровыя сходы з шырокімі прыступкамі. Караткевіч.

[Фр. serpentin ад serpent — змяя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГО́ЛУБ (Леў Уладзіміравіч) (29.9.1904, г. Днепрапятроўск, Украіна — 26.5.1994),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). У 1939—79 на кінастудыі «Беларусьфільм». Ствараў маст. фільмы для дзяцей і юнацтва: «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959; прэміі Усесаюзнага кінафестывалю, міжнар. кінафестываляў ў Мар-дэль-Плата, «Залатая пласцінка» і дыплом у Вічэнца), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971; за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1972). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1968 за фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Дзеці партызана» (1954, з М.​Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1957) і «Вуліца малодшага сына» (1962). Зняў стужкі «Пушчык едзе ў Прагу» (1965) і «Маленькі сяржант» (1977) (з кінастудыяй «Барандаўфільм», Чэхаславакія). Фільмы Голуба вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, уменнем раскрыць маст. здольнасці юных выканаўцаў.

Л.У.Голуб.

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Мастоўскім, Шчучынскім і Зэльвенскім р-нах Гродзенскай вобл. Жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца з цёмна-сіняй даматканкі, кроеная з 6 кліноў або андарак з 4 прамавугольных полак (чырвона-малінавага колеру ў вузкія гарыз. разнаколерныя паскі), белы або цёмны фартух, аздоблены фальбонамі і карункамі, катанка (накшталт кофты) з белага ці шэрага валенага сукна, аблямаваная чорным аксамітам. Галаўныя ўборы жанчын — каптур, даматканая ці крамная хустка, упрыгожанні — каралі, стужкі, крыжыкі. Мужчынскае адзенне істотных мясц. адрозненняў ад іншых строяў Панямоння не мела. Вопраткай былі белая або шэрая світа, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. . Жанчыны ў верхнім адзенні (катанках). Вёска Катчыно Мастоўскага раёна. Пачатак 20 ст.

т. 10, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́БІН (Дзмітрый Віталевіч) (н. 27.6.1963, Мінск),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1986), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладаў у Бел. харэаграфічным вучылішчы, з 1988 у Бел. пед. ун-це. У творчасці спалучае традыцыйныя і авангардныя метады кампазіцыі. Сярод твораў: кантаты «Беларускія песні» на нар. тэксты (1996), «Адышоўшыя строфы» на вершы Ф.​Цютчава (1998); «Псалом IX» для дзіцячых галасоў, габоя, аргана, 2 туб і ўдарных (1994); канцэрт для скрыпкі і сімф. арк. (1993); «Музыка для горада Нясвіжа» для камернага арк. (1997); «Апошняя працэсія» для 2 фп., трубы, ударных і магнітнай стужкі; «Водгукі беларускіх народных песень» для падрыхтаванага фп.; хар. цыкл «Малітвы» ў суправаджэнні чэлесты і ўдарных; вак. цыкл «Песні змроку і світанку» (абодва на вершы А.​Блока).

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)