КАЛО́ (Collot) Мары Ан (1748, Парыж — 23.2.1821),

французскі скульптар. Прадстаўнік класіцызму. З 1764 вучылася ў Э.М.Фальканэ, у 1766—78 працавала разам з ім у Расіі. З 1767 чл. Пецярбургскай АМ. Аўтар шматлікіх партрэтных бюстаў, якія вылучаюцца жывасцю характарыстык (Вальтэра, каля 1770; Д.​Дзідро, 1772; Фальканэ, 1773, і інш.). Каля 1773 вылепіла мадэль галавы Пятра I для помніка яму работы Фальканэ ў Пецярбургу.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РАН (Myrōn) з Элеўтэраў

(каля 500—400 г. да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар, прадстаўнік ранняй класікі. Працаваў у Афінах. Праславіўся статуямі атлетаў-пераможцаў, выкананых пераважна ў бронзе (вядомы па рым. копіях), якія вылучаліся жыццёвасцю ў перадачы руху, гарманічнай ураўнаважанасцю кампазіцыі, экспрэсіяй (напр., «Дыскабол»). Звяртаўся да міфалагічных сюжэтаў (скульпт. група «Афіна і Марсій»).

С.​І.​Пракоп’ева.

Міран. Дыскабол. 5 ст. да н.э.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛА́КАВЫ,

расійскія альпіністы, браты. Віталь Міхайлавіч (13.1.1906, Масква — 26.5.1986), інжынер-канструктар, засл. майстар альпінізму (1934), засл. майстар спорту СССР (1943), засл. трэнер СССР (1961). Зрабіў першаўзыходжанне на пік Леніна (7134 м, Памір, 1934). Яўген Міхайлавіч (17.2.1907, Масква — 24.3.1948), скульптар, засл. майстар альпінізму (1934). Зрабіў першаўзыходжанне на вышэйшую вяршыню б. СССР — пік Камунізму (7495 м, Памір, 1933). Яго імем названа адна з вяршынь на Паміры.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУРАХМА́НАЎ Фуад Гасан аглы (11.5.1915, г. Шэкі, Азербайджан — 15.6.1971),

азербайджанскі скульптар. Нар. мастак Азербайджана (1955). Чл.-кар. АМ СССР (1949). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1935—40). Працаваў пераважна як манументаліст: помнікі Нізамі ў Гянджы (Дзярж. прэмія СССР 1947) і Баку, пісьменніку С.​Вургуну ў Баку, паэту Рудакі ў Душанбе і інш.; статуя «Чабан» (Дзярж. прэмія СССР 1951). Творы Абдурахманава адметныя выразнасцю формы, спакойнай, ураўнаважанай кампазіцыяй.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЙЖАДЫ́НЬЮ (Aleijadinho, літар. маленькі калека; сапр. Лісбоа Антоніу Франсіску, Lisbôa; 29.8.1730 або 1738, г. Віла-Рыка, Бразілія — 18.11.1814),

бразільскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Знявечаны праказай, працаваў, прымацоўваючы інструменты да пальчатак. Пабудаваў цэрквы Сан-Франсіску ў Ору-Прэту і ў Сан-Жуан-дэл-Рэй. Стварыў скульптуры 12 біблейскіх прарокаў і серыю драўляных паліхромных груп «Страсці Хрыстовы» ў царкве Бон-Жэзус-ды-Матазіньюс у Кангоньясе.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗУКЕ́ВІЧ Баляслаў Вінцэнтавіч (12.11.1879, Вільня — 13.2.1935),

бел. скульптар. Вучыўся ў Віленскай школе малявання і рамёстваў (1894—97), у школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1902—09), скончыў Кракаўскую АМ (1902). З 1904 працаваў у Вільні, з 1908 — у Пецярбургу, потым у Парыжы (удзельнік салонаў 1909, 1912, 1914). З 1919 жыў у Вільні. У рэаліст.манеры ствараў партрэты, помнікі, бюсты, мемар. дошкі, медальёны і інш.

А.​К.​Лявонава.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦВІНЁНАК Аляксандр Уладзіміравіч (н. 3.5.1957, г. Браслаў Віцебскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1983). У 1983—86 вучыўся ў творчых акад. майстэрнях у З.Азгура. Асн. творы: «Легенда» (1987), рэльеф «Беларускія майстры 17 ст.» (1990), «Ф.​Дастаеўскі» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1992), «Архангел Міхаіл» (1993), «Паўшы ангел» (1995). Распрацоўвае гіст. вобразы бел. асветнікаў: Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш. Іл. гл. ў арт. Драўляная скульптура.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДО́К Вольга Анатолеўна (21.12.1906, г. Гомель — 10.10.1974),

бел. скульптар. Вучылася ў Ленінградзе ў Вышэйшым маст.-прамысл. ін-це (1924—26) і Ін-це пралет. выяўл. мастацтва (1926—31). Працавала ў станковай і манум. скульптуры. Аўтар кампазіцый «Партызанка» (1947), «Даярка» (1950), «Юнацтва» (1963), «Парыў» (1964); барэльефаў Д.​Ібаруры (1949), Дз.​І.​Мендзялеева (1955), В.​А.​Моцарта (1956), жаночага партрэта (1970) і інш.

В.Дзядок. Даярка. 1950.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАБІШВІ́ЛІ Канстанцін Міхайлавіч (23.7.1906, Тбілісі — 1993),

грузінскі скульптар. Нар. маст. Грузіі (1958). Чл.кар. АМ СССР (1970). Скончыў Тбіліскую АМ (1930), з 1934 выкладаў у ёй (з 1944 праф.). Аўтар помнікаў Ш.​Руставелі (1942) і М.​Ахундаву (1958) у Тбілісі, Г.​Эрыставі ў Горы (1950), Г.​Дзімітрову ў Маскве (1972, з М.​Мерабішвілі) і інш., партрэтаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.

К.Мерабішвілі. Помнік Ш.​Руставелі ў Тбілісі. 1942.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ТМЕС,

старажытнаегіпецкі скульптар 14 ст. да н.э. «Начальнік скульптараў» пры двары фараона Аменхатэпа IV — Эхнатона. Працаваў у сталіцы Егіпта пры Эхнатоне — стараж. г. Ахетатон (сучасны Амарна). У 1912 ням. археолаг Л.​Борхарт пры раскопках Ахетатона адкрыў майстэрню Т. з шэрагам партрэтных работ, сярод якіх выявы Эхнатона, царыцы Неферціці і іх шасці дачок. Партрэты вылучаюцца выключнай тонкасцю мадэліроўкі, трапяткой адухоўленасцю вобразаў. Іл. гл. да арт. Егіпет Старажытны.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)