МАХНЮ́К (Алег Васілевіч) (н. 7.5.1928, в. Амбросенка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
мастак. Вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 з бацькамі ў Германіі, дзе скончыў бел. гімназію імя М.Багдановіча (г. Ватэнштэт), рабіў ілюстрацыі для бел. часопіса «Шляхам, жыцця». З пач. 1950-х г. жыве ў г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Працаваў на з-дзе Форда. Аўтар плакатаў, ілюстрацый для паштовак і часопісаў, дэкарацый, 5 разных іканастасаў для правасл. цэркваў (4 для бел., 1 для рускай), кургана-помніка «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы. Удзельнічае ў штогадовых выстаўках у бел. грамадскім цэнтры ў Саўт-Рыверы; яго кампазіцыі, скульптуры і рэльефы ўзнаўляюць рэаліі ранейшага вясковага жыцця на радзіме («Запрэжаны конік», «Сейбіт», «Стары селянін»), увасабляюць фалькл. персанажаў, гіст. сімвалы («Пагоня»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ў 17 — 1-й пал. 19 ст., якія ствараліся, утрымліваліся і кіраваліся манаскім ордэнам базыльянаў. Дзейнічалі на Беларусі, Украіне, у Літве, Латвіі і Польшчы. Папа Павел V 2.12.1615 зацвердзіў базыльянскія школы і дазволіў весці ў іх навучанне свецкай моладзі. На Беларусі першыя школы ўзніклі да 1637 у Мінску, Навагрудку, мяст. Баруны, Жыровічы, Чарэя і інш. У базыльянскіх школах вучылася моладзь розных веравызнанняў. Настаўнікаў для школ рыхтавалі ў езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі (універсітэце), замежных універсітэтах. Выкладаліся: грэч., лац., царкоўнаслав., польск., рус., ням., франц. мовы, метафізіка, рыторыка, логіка, паэтыка, права, асновы хрысц. веравучэння і абраднасці, гісторыя агульная і Рэчы Паспалітай, з 19 ст. — гісторыя Рас. імперыі, фіз. і паліт. геаграфія, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, фізіка, астраномія, заалогія. У 1820—30-я г. базыльянскія школы зачынены ўрадам Рас. імперыі або пераўтвораны ў семінарыі і духоўныя праваслаўныя школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».
Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел.драм. трупа М.А.Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.Купалы, Ф.Аляхновіча, У.Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел.нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел.культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБО́ЎСКІ (Павел Арсенавіч) (11.9.1864, в. Грабоўскае Сумскай вобл., Украіна — 12.12.1902),
украінскі паэт, рэв. дэмакрат. У 1874—82 вучыўся ў Ахтырскім духоўным вучылішчы і Харкаўскай духоўнай семінарыі. Удзельнік харкаўскай групы «Чорнага перадзелу». У 1882 за рэв. агітацыю арыштаваны і сасланы на катаргу. Каля 20 гадоў правёў у сібірскіх турмах і ссылцы. Майстар кароткага верша, насычанага глыбінёй думкі і пачуццяў (зб-кі «Пралеска», 1894; «З Поўначы», 1896; «Кобза», 1898). У творах адлюстроўваў мінулае і сучаснае Украіны, героіку рэв. барацьбы. Як крытык і публіцыст выступаў супраць дэкадэнцтва, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», апалітычнасці ў маст. творчасці, ліберальнага народніцтва, сцвярджаў прынцыпы рэалізму. Пісаў для дзяцей. Перакладаў з рус., груз., арм., балг., польск., англ., італьян., франц. і інш. моў свету (зб. «З чужога поля», 1895).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),
бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДАНО́ВІЧ (Аляксандр) (26.2.1805, в. Белькавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.5.1868),
бел. гісторык, пісьменнік, педагог. Бацька І.А.Здановіча. Скончыў Віленскі ун-т. Канд. філасофіі (1831). Ў 1834—63 выкладчык лац. мовы і гісторыі Віленскага шляхецкага ін-та, выкладчык гісторыі Віленскай духоўнай семінарыі. Аўтар падручнікаў «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V веку да нашых дзён» (1844), «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей» (1861) і інш. Пераклаў з рус. мовы на польскую падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (1845), «Гісторыя новага часу» (1846). Аўтар «Нарыса польскай гісторыі для дзяцей» (1857), у якім выклаў свае погляды на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы, «Нарыса гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—5, 1874—78), «Дзённіка» (нап. 1849—59). Чл. Віленскай Археалагічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»).
Літ.:
Kościałkowski S. Aleksander Zdanowicz (1805—1868): Zarys biograficzny. Wilno, 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыівял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ШКА ((Onoszko) Ян) (каля 1775, Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 1820 або 1827),
польскі і бел.паэт. Дакладныя факты біяграфіі не захаваліся. Некаторыя аўтары атаясамліваюць яго з ксяндзом Янам Аношкам, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі (1823—31). Пісаў панегірыкі шляхце, сатыр. вершы. Аўтар паэмы «Бібеіда» (распаўсюджвалася ў рукапісах). У сваіх сентыментальных творах услаўляў жыццё ў вясковым зацішшы («Муза з вясковае далі», «Мае думкі», «На дажынкі»), прапаведаваў працавітасць і сумленнасць («Літасць»), высмейваў асобныя заганы («На п’янага ветрагона»). Некаторыя яго вершы маюць рэлігійна-містычнае адценне («Сон», «Да бога»), У 1828 Т.Урублеўская выдала ў Полацку яго «Паэтычныя творы». П.Мядэкша ўключыў вершы Аношкі ў зб. «Вянок з папараці» (Вільня, 1842). Пра Аношку як «беларускага паэта» пісалі Р.Падбярэскі, рус. бібліёграф Р.Генадзі. На бел. мову творы Аношкі перакладаў У.Дубоўка.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 451—454.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Зора Лявонаўна) (н. 1.7.1927, Мінск),
грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, літаратуразнавец. Жонка В.Кіпеля. Вучылася ў Бел. настаўніцкай семінарыі ў Мінску. Скончыла Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1955), бібліятэчны (1966) і параўнальнага літаратуразнаўства (1983) ф-ты Ратгерскага ун-та ў г. Нью-Брансуік (ЗША). З 1944 у Германіі. Скончыла Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працавала ў навук. лабараторыі ун-та Дж.Хопкінса (1956—58). У 1966—91 у Нью-Йоркскай публічнай б-цы. Рэдактар газ.«Беларус» (ліп. 1991 — вер. 1992, з 1994). Чл.Амер. асацыяцыі слав. даследаванняў, управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Разам з В.Кіпелем склала бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988). Даследуе рукапісную бел. л-ру 16 ст. Пераклала на англ. мову «Аповесць пра Трышчана».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),
уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал.семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.