КІЛАГРА́М (франц. kilo ад грэч. chilioi тысяча + грам),

адзінка масы, адна з асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кг.

К. роўны масе міжнар. прататыпа, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагаў (у Сеўры каля Парыжа). Прататып К. — цыліндрычная гіра дыяметрам і вышынёй 39 мм, зробленая ў 1799 з плацінаірыдыевага сплаву Адносная хібнасць параўнання эталонаў-копій з гэтым прататыпам не перавышае 2∙10​−9. З 40 зробленых копій 2 (№ 12 і 26) былі перададзены Расіі. Эталон № 12 быў прыняты ў СССР за дзярж. першасны эталон адзінкі масы (зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу).

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МА́Ю ГО́НАР»,

грамадскае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі. Засн. ў 1991. Праводзіць культ.-асв. работу, садзейнічае развіццю і ўмацаванню творчых узаемасувязей, аказвае дапамогу мастакам. У 1999 у аб’яднанне ўваходзілі: В.​Целеш (старшыня), К.​Вольская, М.​Гаўрыловіч, Г.​Зашчырынская, Л.​Лойка, В.​Малышчыц, В.​Маркевіч, Т.​Насенка, М.​Чырыч (усе Латвія), А.​Аблажэй, К.​Балаховіч, А.​Поклад, С.​Поклад (усе Літва), М.​Астравумава (Эстонія), Я.​Кузьміцкі (Швецыя), В.​Драздоўскі, Ю.​Казак, А.​Кірвель, Ю.​Рудак, В.​Сівуха, Я.​Чарнякевіч (усе Санкт-Пецярбург). У 1992 у Мінску адбылася выстаўка твораў мастакоў аб’яднання.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ГЕН (Мікалай Аляксандравіч) (24.3.1895, в. Лахта, цяпер у межах Санкт-Пецярбурга — 20.5.1969),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1929). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У ліп. 1941 153-я стралк. дывізія пад яго камандаваннем утрымлівала абарону на падыходзе да Віцебска (гл. Віцебска абарона 1941), з 22 ліп. да вер. 1941 знішчыла каля 200 танкаў, 56 гармат, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За стойкасць у гэтых баях і ў Смаленскай бітве дывізія адна з першых удастоена наймення «гвардзейскай». Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч

(1810, Мінская губ. — 24.7.1887),

бел. гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1833). З 1835 служыў у дзярж. установах. У час. «Санкт-Петербургские ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш. апублікаваў артыкулы «Даследаванне пра паходжанне, назву і мову літоўскага народа», «Урывак з літоўска-рускай гісторыі», «Пра рускі летапіс у Літве, названы «Хроніка Быхаўца». Запісы фальклору паўд. і зах. славян надрукаваны ў яго кнігах «Аповесці і паданні народаў славянскага племя» (ч. 1—2, 1840—41) і «Народныя славянскія апавяданні» (1844). У 1851 асобнай кнігай выйшла яго праца «Праваслаўе і руская народнасць у Літве». Удзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археагр. камісіі.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПО́Н (сапр. Гапон-Новых) Георгій Апалонавіч

(17.2.1870, в. Белякі Палтаўскай вобл., Украіна — 10.4.1906),

свяшчэннік, удзельнік падзей 1905 у Расіі. Скончыў Палтаўскую семінарыю (1893), у 1898—1903 вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1902 быў звязаны з нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым. У 1903 стварыў арг-цыю «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга». Ініцыятар петыцыі пецярбургскіх рабочых да імператара Мікалая II і шэсця да Зімняга палаца дзевятага студзеня 1905, якое закончылася расстрэлам дэманстрантаў. Да кастр. 1905 у эміграцыі. Намагаўся пранікнуць у «баявую арг-цыю» эсэраў, але быў выкрыты і паводле прыгавору павешаны ў Азёрках (каля Пецярбурга).

Тв.:

История моей жизни. М., 1990.

Літ.:

Лурье Ф.М. Гапон и Зубатов // Лурье Ф.М. Полицейские и провокаторы. СПб., 1992.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГАКО́ЎСКІ (Дзмітрый Гаўрылавіч) (1845—1918?),

бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў настаўнікам рус. і царк.-слав. моў у Ваўкавыску. Друкаваў артыкулы, фальклорна-этнагр. творы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости» і інш. Аўтар прац «Беларускія песні. Валачобныя» (1868), «Практычны дапаможнік па наглядным засваенні рускага правапісу» (1873), «Гістарычны нарыс Ваўкавыска, павятовага горада Гродзенскай губерні» (1881) і інш. У 1890 выдаў фальклорна-этнагр. зборнік «Пінчукі», прысвечаны духоўнай культуры насельніцтва цэнтр. часткі Палесся (уключае песні, загадкі, прыказкі, прымаўкі, а таксама апісанні вераванняў, абрадаў і звычаяў). Аўтар рамана «Блізняты» (1903), аповесці «У баку ад жыцця» (1909; на аўтабіягр. матэрыяле).

А.​І.​Гурскі.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ РУ́СКАГА БАЛЕ́ТА імя А.​Я.​Ваганавай, адна са старэйшых рус. балетных школ. Засн. ў 1738 у Санкт-Пецярбургу як Танц. школа, з 1779 у складзе тэатр. вучылішча, у 1924—92 Ленінградскае харэагр. вучылішча; з 1957 імя Ваганавай, з 1961 акадэмічнае. Рыхтуе артыстаў класічнага балета, танц. ансамбляў. Тэрмін навучання 8 гадоў (прымаюцца дзеці з 10 гадоў). Разам з вышэйшай прафес. падрыхтоўкай дае агульнаадукацыйную ў аб’ёме сярэдняй школы. Сярод выкладчыкаў вучылішча І.​Вальберх, М.​Петыпа, М.​Фокін, А.​Ваганава. Сярод выпускнікоў Т.​Карсавіна, В.​Ніжынскі, В.​Спясіўцава, М.​Сямёнава, Г.​Уланава, Н.​Дудзінская, Ф.​Лапухоў, В.​Вайнонен, Л.​Лаўроўскі, Р.​Захараў, Л.​Якабсон, Ю.​Грыгаровіч, І.​Калпакова, М.​Барышнікаў, Р.​Нурыеў, М.​Далгушын і інш.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАГІСТРА́ЛЬ,

аўтамабільная дарога для высокаінтэнсіўнага і скораснага руху аўтамаб. транспарту без перасячэння трансп. патокаў на адным узроўні. Мае 2 праезныя часткі, кожная з якіх размяшчаецца на агульным або асобным земляным палатне. Шырыня раздзяляльнай паласы паміж праезнымі часткамі не менш за 5 м. Аўтамагістралі звычайна пракладваюць у абход гарадоў і прамысл. цэнтраў, сувязь з якімі ажыццяўляецца па спец. пад’язных дарогах. Аўтамагістралі могуць абсталёўвацца спец. ахоўнымі агароджамі, мець пад палатном папярочныя праходы для перамяшчэння наземных дзікіх жывёл. На Беларусі пабудаваны ўчасткі аўтамагістраляў Масква—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст, Брэст—Ковель. Высокаразвітую сетку аўтамагістраляў маюць краіны Зах. Еўропы, Канады, ЗША (асобныя з іх утвараюць панамерыканскую і трансеўрапейскія аўтамагістралі).

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁВА (Галіна Аляксандраўна) (7.3.1932, г. Гарачы Ключ Краснадарскага краю, Расія — 8.1.1995),

расійская спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Расіі (1967), нар. арт. СССР (1974). Скончыла Саратаўскую кансерваторыю (1958). Дэбютавала ў 1958 у Саратаўскім т-ры оперы і балета. З 1960 салістка Марыінскага т-ра. З 1971 выкладала ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (праф. з 1981). Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Анастасія («Пётр I» А.​Пятрова). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе маладых оперных спевакоў (Сафія, 1961), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Уладзімір Лявонавіч) (13.10.1869, Пецярбург — 5.12.1945),

расійскі батанік і географ, грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1920; чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1914). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894) і выкладаў у ім, з 1918 прафесар. Адначасова з 1899 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе. З 1930 віцэ-прэзідэнт, з 1936 прэзідэнт АН СССР. Удзельнік рэформы АН, арганізатар яе баз і філіялаў. Навук. працы па сістэматыцы, фларыстыцы і геаграфіі раслін. Даследаваў флору Д.​Усходу, Маньчжурыі. Кіраваў стварэннем «Флоры СССР» (т. 1—30, 1934—64). Адзін з аўтараў географа-марфал. канцэпцыі віду ў раслін. Імя К. прысвоена Бат. ін-ту АН Расіі (Санкт-Пецярбург). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—12. М.; Л. 1945—58.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)