КАНЦЭРТМА́ЙСТАР (ням. Konzertmeister),

1) 1-ы скрыпач—саліст сімф. ці опернага аркестра; часам выступае як дырыжор.

2) Музыкант, што ўзначальвае кожную з відавых інстр. груп сімф. аркестра (пераважна ўнутры струннай групы).

3) Піяніст, які дапамагае вакалістам, артыстам балета, інструменталістам развучваць партыі і акампануе ім на рэпетыцыях і ў канцэртах. Сярод бел. канцэртмайстраў С.Талкачоў, Ж.​Габа, Г.Карант, Г.​Каржанеўская, Л.Максімава, Т.Міянсарава, Н.Ражнова, Л.Талкачова і інш.

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАЎ (Валерый Аляксандравіч) (н. 16.10.1931, Кіеў),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. Расіі (1972). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас Д.Ойстраха), з 1965 выкладае ў ёй (з 1983 праф.). З 1957 саліст Маскоўскай філармоніі. У рэпертуары скрыпічныя творы муз. класікі і сучасных кампазітараў. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах імя І.​Славіка і Ф.​Ондржычака (Прага, 1956), імя П.​Чайкоўскага (Масква, 1958).

т. 8, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ХАРАЎ (Георгій Іванавіч) (30.11.1915, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 14.4.1973),

бел. дырыжор, балалаечнік, дамрыст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва. Скончыў Бел. кансерваторыю (1951), выкладаў у ёй (1963—73). У 1924—38 арганізатар і кіраўнік аматарскіх аркестраў у Гомелі, выступаў як саліст-балалаечнік (у т. л. на Гомельскім радыё). З 1939 кіраўнік арк. групы Ансамбля песні і танца БВА, у 1945—71 кіраўнік і саліст Секстэта домраў Бел. радыё. Арганізатар і кіраўнік шматлікіх вучэбных і аматарскіх аркестраў у Бел. кансерваторыі, Мінскім муз. вучылішчы, муз. школах, БДУ. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі, прапагандыст твораў бел. кампазітараў і нар. музыкі. Сярод аранжыровак: сімфоніі Ф.​Шуберта, В.​Каліннікава, С.​Пракоф’ева, С.​Васіленкі, інстр. канцэрты Э.​Грыга, М.​Будашкіна, Дз.​Смольскага, Ю.​Шышакова. Аўтар апрацовак бел. нар. песень і мелодый. Сярод яго вучняў Г.Асмалоўская, М.​Лісіцын, У.​Перацяцька, Л.Смялкоўскі. Дыпламант Усесаюзнага агляду-конкурсу (1939, Масква).

Літ.:

Таірава Л. Свята памяці // Мастацтва. 1996. № 4;

Шчарбак В.М. Вялікі майстар у галіне народнай музыкі // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1993. Вып. 12.

Г.​В.​Асмалоўская.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГА́Й (Сяргей Іванавіч) (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),

расійскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.​Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.​Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял. т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.​Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.​Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.

Літ.:

Гусев П.С. И.​Мигай. Л., 1975.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАНАЎ (Ігар Леанідавіч) (н. 20.1.1936, г. Екацярынбург, Расія),

рускі спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1970). Скончыў Горкаўскую кансерваторыю (1960), выкладаў у ёй (1980—92). У 1961—87 саліст Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1993 у Бел. акадэміі музыкі. На сцэне Опернай студыі акадэміі паставіў оперы «Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна, «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці, «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, кампазіцыю паводле оперы «Так робяць усе» В.​А.​Моцарта.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЁ ((Baillot) П’ер Мары Франсуа дэ Саль) (1.10.1771, Парыж — 15.9.1842),

французскі скрыпач-віртуоз, кампазітар, педагог. Праф. Парыжскай кансерваторыі (1795). Буйны прадстаўнік т.зв. парыжскай школы. З 1802 канцэртаваў (у 1805—08 прыдворны саліст у Пецярбургу). У 1821—32 першы скрыпач т-ра «Гранд-апера», з 1827 — Каралеўскай прыдворнай капэлы. Аўтар твораў для скрыпкі, метадычных дапаможнікаў, у т. л. скрыпічнай школы, нарысаў пра А.​Грэтры, Дж.​Б.​Віёці і інш.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАКУ́ЛАЎ (Ахмад) (н. 17.1.1931, г. Душанбе),

таджыкскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1954—56 і з 1966 саліст Таджыкскага т-ра оперы і балета, адначасова з 1966 заг. кафедры ф-та мастацтваў Таджыкскага пед. ін-та (праф. з 1977). Сярод партый: Садык («Вяртанне» Я.​Сабзанава), Мадан («Камдэ і Мадан» З.​Шахідзі), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала). Дзярж. прэмія Таджыкістана 1966.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ПРЫК (Уладзімір Іванавіч) (н. 16.9.1927, в. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1956). Працаваў у Кіеўскай філармоніі, Львоўскім т-ры оперы і балета. З 1963 саліст Бел. філармоніі. Сярод оперных партый: Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). У канцэртным рэпертуары лірычныя песні, рамансы, оперныя арыі і інш.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЭР (Рудольф Рыхардавіч) (н. 10.7.1923, Тбілісі),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Чымкенцкі настаўніцкі ін-т (1952), Ташкенцкую кансерваторыю (1957), у 1957—61 выкладаў у ёй. З 1961 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1979 праф.). У рэпертуары творы рус. і замежных кампазітараў-класікаў і сучасных аўтараў. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1961). З канца 1980-х г. жыве за мяжой.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗЕ́ЛЯ (Леанід Лаўрэнцьевіч) (н. 4.12.1940, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірычны тэнар), педагог. Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1962 артыст, у 1966—94 саліст Акадэмічнага хору Бел. тэлебачання і радыё. З 1975 выкладае ў Бел. ун-це культуры. Выконваў адказныя сола, у т. л. ў харах «Шчабятуха» М.​Аладава, «Па Суздалі» Б.​Краўчанкі, «Тры птушкі» М.​Равеля, негрыцянскіх спірычуэлс.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)