МЫ́ТНЫ САЮ́З,

міждзяржаўнае фарміраванне, у рамках якога значна зніжаны тарыфы на правоз тавараў у межах краін-удзельніц і ўстаноўлены агульны мытны тарыф, што забяспечвае аднастайныя для ўсіх членаў умовы прыёму тавараў з інш. дзяржаў. М.с. — больш высокая ступень інтэграцыі ў параўнанні з зонай свабоднага гандлю, але саступае агульнаму рынку.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПЫТ,

прадстаўленая на рынку патрэба ў таварах і паслугах, абмежаваная дзеючымі цэнамі і плацежаздольнасцю спажыўцоў. Характарызуецца велічынёй, якая вызначае колькасць тавараў (паслуг), што пакупнік жадае і здольны набыць па дадзенай цане ў дадзены перыяд часу. Аб’ём і структура П. залежаць ад цэн на тавар і ад інш. нецэнавых фактараў (мода, даходы спажыўцоў, цэны на інш. тавары, у т. л. на тавары-заменнікі і спадарожныя тавары). Таварная структура П. — сукупнасць удзельнай вагі асобных тавараў і таварных груп у агульным аб’ёме П. Часавая структура П. характарызуе час узнікнення П. (бягучы і перспектыўны П.). Адрозніваюць індывідуальны П. адной асобы, рыначны П. на дадзеным рынку і сукупны П. на ўсіх рынках дадзенага тавару (паслугі) альбо на ўсе тавары (паслугі), што вырабляюцца і прадаюцца. П. у эканоміцы звязаны з прапановай тавараў і паслуг; раўнавага паміж імі — неабходная ўмова раўнавагі ў нар. гаспадарцы.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

махлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

Разм. Займацца махлярствам; жульнічаць, ашукваць. Алена малако на рынку прадавала. Чатыры гладышы было ў яе, Дык з аднаго пакаштаваць яна давала, А з іншых налівала, Калі ў пакупніка ўвагі не стае... Сказаўшы карацей, — Алена махлявала. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., каго-што.

Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н. Патупаўшы па рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возніка. Колас. // Таргуючыся, купіць. Паехаў [Антось] некуды, старгаваў зруб і прызнаў яго вадою ў Смольню. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЎТСА́ЙДЭР (ад англ. outsider пабочны),

1) катэгорыя дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, якія займаюць нязначнае месца на рынку і не ўваходзяць у манапалістычныя аб’яднанні.

2) Суднаходнае прадпрыемства, якое не з’яўляецца членам лінейных канферэнцый і працуе паралельна (канкурыруе) з лінейнымі суднаходнымі кампаніямі.

3) Спартыўны калектыў, спартсмен, які займае апошняе месца ў спаборніцтвах.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (Arab Monetary Fund; АВФ). Засн. ў 1976. Члены — 21 краіна араб. рэгіёна. Штаб-кватэра ў г. Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Мэты: выраўноўванне плацежных балансаў краін-удзельніц; садзейнічанне стабілізацыі курсаў валют; развіццё эканам. інтэграцыі; стварэнне арабскага фін. рынку і ўкараненне арабскага дынара ва ўзаемаразліках араб. краін. Павінен таксама крэдытаваць краіны-ўдзельніцы.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

загна́ць, -ганю́, -го́ніш, -го́ніць; -гна́ў, -гна́ла; -гані́; -гна́ны; зак.

1. каго-што. Гонячы, прымусіць увайсці куды-н., змясціцца дзе-н.

З. кароў у хлеў.

З. мяч у вароты.

2. што. Тое, што і забіць¹ (у 4 знач.; разм.).

З. цвік у сцяну.

3. каго. Замучыць хуткай яздой, гонкай.

З. каня.

З. звера.

4. Тое, што і прадаць (у 1 знач.; разм.).

З. боты на рынку.

|| незак. заганя́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. заго́н, -у, м. (да 1 знач.; спец.).

Паляванне загонам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

КРЭДЫ́ТНАЯ ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ,

устанаўленне для якой-н. дзяржавы (яе ўстаноў або грамадзян) меншых правоў або льгот у галіне крэдытавання, чым для інш. дзяржавы. У гэтым выпадку норма пазыковага працэнта і ўмовы прадастаўлення крэдыту нярэдка служаць сродкам націску (у т. л. палітычнага) буйных манапаліст. утварэнняў (аб’яднанняў) і дзяржаў, міжнар. фін. ін-таў на незгаворлівых партнёраў на рынку.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ІНТЭГРА́ЦЫІ (ЛАІ),

гандлёва-эканамічная арг-цыя 11 краін Лац. Амерыкі (Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Калумбія, Мексіка, Парагвай, Перу, Уругвай, Чылі, Эквадор). Створана ў 1981 замест Лацінаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, якая дзейнічала з 1960. Асн. задача ЛАІ — садзейнічанне развіццю рэгіянальнага эканам. супрацоўніцтва і гандлю; гал. мэта — стварэнне лацінаамер. агульнага рынку. Вышэйшы орган — Савет Міністраў; штаб-кватэра ў г. Мантэвідэо (Уругвай).

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

во́знік, ‑а, м.

1. Той, хто кіруе запрэжанымі коньмі; вазніца, фурман.

2. Той, хто займаецца возніцтвам. Патупаўшы на рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возніка. Колас. Некалькі год давялося бацьку працаваць і местачковым балаголам, а потым у купцоў вознікам лясных матэрыялаў. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)