АНІЗАТРАПІ́Я (ад грэч. anisos неаднолькавы + tropos напрамак),
1) у фізіцы — залежнасць фіз. (мех., аптычных, магн. і інш.) уласцівасцяў рэчыва ад напрамку. Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцяў (напр., вадкіх крышталёў) тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул. У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напр., драўніна) або штучнай тэкстуры (напр., пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія мех. уласцівасцяў). Анізатрапія многіх уласцівасцяў крышталёў, напр. лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцяў, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж гал. восі сіметрыі і ўпоперак да яе. Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі. Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напр., у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, эл. поля, магн. поля (гл.Катона—Мутона эфект, Фарадэя эфект).
2) А. ў геалогіі абумоўлена мікраслаістасцю, упарадкаванай арыентацыяй зерняў і крышталёў і мікратрэшчынаватасцю горных парод і мінералаў. Крышталі розных мінералаў выяўляюць анізатрапію розных уласцівасцяў: слюды — аптычных, мех. (спайнасці, пругкасці, трываласці); дыстэну — цвёрдасці; кварцу, турмаліну — аптычных, п’езаэлектрычнага эфекту; магнетыту — ферамагнітных; кальцыту — аптычных. Анізатрапія некаторых мінералаў выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні. Анізатрапія масіваў горных парод вызначаецца ўпарадкаванымі лінейнымі ці плоскаснымі элементамі будовы (стратыфікаваныя асадкавыя і метамарфічныя тоўшчы горных парод з лінейна арыентаванымі структурамі, слаістасцю, макратрэшчынаватасцю і інш.). Пры горных работах найб. значэнне маюць дэфармацыйныя ўласцівасці парод.
3) У батаніцы — здольнасць розных органаў адной і той жа расліны займаць рознае становішча пры аднолькавым ўздзеянні пэўнага фактара вонкавага асяроддзя. Напр., пры бакавым асвятленні расліны яе верхавінка выгінаецца ў бок крыніцы святла, а лісцевыя пласцінкі займаюць перпендыкулярнае напрамку прамянёў становішча.
Літ.:
Шаскольская М.П. Очерки о свойствах кристаллов. 2 изд. М., 1978;
Сиротин Ю.М., Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭ́НА (ад лац. antenna рэя),
прыстасаванне для выпрамянення і прыёму электрамагнітных хваляў, адзін з асн. элементаў ліній радыёсувязі. Перадавальная антэна пераўтварае энергію эл.-магн. ваганняў, засяроджаную ў выхадных вагальных ланцугах радыёперадатчыка, у энергію радыёхваляў. Прыёмная антэна выконвае адваротнае пераўтварэнне энергіі радыёхваляў у энергію ВЧ-ваганняў і аддзяляе карысны сігнал ад перашкод. У большасці перадавальных антэн інтэнсіўнасць выпрамянення залежыць ад напрамку (накіраванасць выпрамянення), што павышае напружанасць эл.-магн. хвалі ў бок найб. выпрамянення (раўназначная эфекту, выкліканаму павышэннем выпрамяняльнай магутнасці); вызначаецца каэфіцыентам накіраванага дзеяння (КНДз). Залежнасць напружанасці эл. поля ад напрамку назірання графічна адлюстроўваецца дыяграмай накіраванасці (ДН). Звычайна ДН мае многапялёсткавы характар (вынік інтэрферэнцыі выпрамянення ад асобных элементаў антэны); адрозніваюць гал. пялёстак і бакавыя. Чым большыя памеры антэны ў параўнанні з даўжынёй хвалі, тым вузейшы гал. пялёстак, большы яго КНДз і большая колькасць бакавых пялёсткаў. Асн. характарыстыкі антэны (ДН, КНДз і ўваходнае супраціўленне, што характарызуе ўзгадненне антэны з лініяй перадачы) аднолькавыя ў рэжымах перадачы і прыёму. Паводле канструкцыі і прынцыпу работы антэны бываюць: бягучай хвалі антэна, дыяпазонная антэна, рамачная антэна, хваляводна-рупарная антэна, люстраная антэна, вібратарная, шчылінная, лінзавая, антэнная рашотка і інш.
Вібратарная антэна — праваднік даўжынёй L = 0,5λ, дзе λ — даўж. хвалі; КНДз=1,64, для яго павелічэння звычайна выкарыстоўваюць многавібратарныя антэны (гл.Тэлевізійная антэна), выкарыстоўваюць ва ўсіх дыяпазонах радыёхваляў. Шчылінная антэна — метал. экран з прамавугольнымі адтулінамі; выкарыстоўваюць у дыяпазоне ЗВЧ. Лінзавая антэна складаецца з абпрамяняльніка (вібратарная, шчылінная або інш. антэны) і дыэлектрычнай лінзы, якая факусіруе хвалю ў вузкі прамень; КНДз да 104; выкарыстоўваецца ў радыёлакацыйных і вымяральных устаноўках. Антэнная рашотка — сістэма слабанакіраваных антэн, якія ў рэжыме перадачы далучаюцца да агульнага генератара праз сістэму размеркавання магутнасці, у рэжыме прыёму — да агульнага прыёмніка; КНДз прыблізна роўны здабытку КНДз асобнага выпрамяняльніка і іх колькасці. Асаблівасць — магчымасць павароту ДН адносна самой рашоткі (эл. сканіраванне), што дасягаецца зменай рознасці фазаў паміж суседнімі выпрамяняльнікамі з дапамогай спец. фазавярчальнікаў па камандах ЭВМ.
А.А.Юрцаў.
Антэна лінзавая і яе дыяграмы накіраванасці (ДН).Антэна вібратарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ТЭО́РЫЯкрышталічных цвёрдых цел,
квантавая тэорыя спектра энергій электронаў крышталя. Паводле З.т. гэты спектр складаецца з зон дазволеных і забароненых энергій. З.т. тлумачыць шэраг уласцівасцей і з’яў у крышталях, у прыватнасці, розны характар іх электраправоднасці.
Аснова З.т. — аднаэлектроннае прыбліжэнне: скорасць руху атамных ядраў каля становішчаў раўнавагі многа меншая за скорасць электронаў; кожны электрон рухаецца ў трохмерна-перыядычным полі, якое ствараецца ядрамі і астатнімі электронамі. Зона праводнасці (с) і валентная зона (v) утвораны сукупнасцю атамных энергет. узроўняў, «расшчэпленых» у выніку аб’яднання свабодных атамаў у крышт. рашотку. Узроўні энергіі валентных электронаў (е) атама расшчапляюцца і зрушваюцца значна больш, чым узроўні ўнутраных электронаў (і). Шырыня забароненай зоны Eg (энергет. шчыліна паміж v- і с-зонамі) вызначаецца раўнаважнай адлегласцю паміж ядрамі (пастаяннай крышт.рашоткі d) У крышталі з N ідэнтычных атамаў кожны атамны ўзровень расшчапляецца на N узроўняў, якія ўтвараюць квазінеперарыўную дазволеную зону або яе частку. Электроны запаўняюць дазволеныя зоны энергій у адпаведнасці з Паўлі прынцыпам: на N узроўнях зоны можа знаходзіцца не больш за 2N электронаў. Уласцівасці крышталя залежаць ад колькасці электронаў у зоне праводнасці і/ці ад колькасці незапоўненых узроўняў (вакансій для электронаў) у валентнай зоне. Калі энергет. зона запоўнена электронамі часткова, то пад уздзеяннем знешняга эл. поля яны пераразмяркоўваюцца па ўзроўнях у зоне. Пры гэтым парушаецца сіметрыя размеркавання электронаў па скорасцях — узнікае эл. ток. Таму крышталь з часткова запоўненай c-зонай з’яўляецца правадніком электрычнасці — металам. Электроны ў поўнасцю запоўненай v-зоне з-за прынцыпу Паўлі не могуць пераразмяркоўвацца па ўзроўнях энергіі; крышталь з пустой с-зонай і поўнасцю запоўненай электронамі v-зонай — дыэлектрык. Калі цеплавая энергія дастатковая для пераводу часткі электронаў з v-зоны ў c-зону, то электраправоднасць крышталя расце пры награванні; такі крышталь — паўправаднік. Пры слаба перакрытых с- і v-зонах крышталь з’яўляецца паўметалам (напр., вісмут), а пры змыканні гэтых зон (Eg=0) — бясшчылінным паўправадніком (напр., шэрае волава). З.т. — набліжэнне да рашэння фундаментальнай задачы: вывесці ўласцівасці крышталя з уласцівасцей атамаў, з якіх ён складаецца.
Літ.:
Харрисон У.А. Электронная структура и свойства твердых тел: Физика химической связи: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗА (франц. bronze),
1) у тэхніцы — сплаў на аснове медзі, у якім асн. дабаўкамі з’яўляюцца волава, алюміній, берылій, крэмній, свінец, хром і інш. элементы, за выключэннем цынку (яго сплаў з меддзю наз.латунь) і нікелю (медна-нікелевы сплаў). Адпаведна бронза называецца алавянай, алюмініевай і г.д. Бронза мае значную трываласць, пластычнасць, цвёрдасць, высокія антыкаразійныя і антыфрыкцыйныя ўласцівасці.
Алавяная бронза мае да 11% волава і невялікія дабаўкі цынку, свінцу, фосфару, нікелю. Вызначаецца малым каэф. трэння па сталі. З яе робяць рабочы слой падшыпнікаў слізгання і антыкаразійную арматуру. Алюмініевая бронза мае 11% алюмінію і дабаўкі жалеза, нікелю і марганцу, якія павялічваюць трываласць сплаву. Устойлівая да сернай і большасці арган. кіслот. З яе робяць стужкі, палосы на спружыны, пруткі, трубы і фасонныя адліўкі. Берыліевая бронза мае да 2,4% берылію. Ідзе на выраб мембран, спружын, кантактаў, шасцерняў. Крэмніевая бронза мае 1—3% крэмнію, а таксама нікель, цынк, свінец, марганец. Вызначаецца высокімі мех. характарыстыкамі, антыфрыкцыйнымі ўласцівасцямі, добра зварваецца, паяецца і апрацоўваецца рэзаннем. З яе робяць пруткі, стужкі, сеткі, рашоткі, электроды. Марганцавая бронза вызначаецца павышанай каразійнай устойлівасцю, гарачатрываласцю. Свінцовістая бронза можа мець да 60% свінцу. Ёю ўкрываюць (тонкім слоем) укладышы і ўтулкі, якія працуюць у рэжыме слізгання. Хромістая бронза вызначаецца высокай электра- і цеплаправоднасцю. Ідзе на выраб калектараў эл. рухавікоў, электродаў.
2) У мастацтве — адзін з найб. пашыраных матэрыялаў для дэкар.-прыкладных вырабаў і скульптуры. Ліццё з алавянай бронзы (сплаў медзі з волавам, часам з дадаткамі інш. металаў) дае магчымасць з макс. дакладнасцю ўзнаўляць найдрабнейшыя дэталі мадэлі. Добра паддаецца апрацоўцы (чаканцы, паліроўцы, таніроўцы). Матэрыял пластычна вельмі выразны, на паверхні скульптуры (манум., дэкар., станковай) стварае своеасаблівыя святлоценявыя эфекты. Пад дзеяннем атм. з’яў набывае спецыфічныя адценні (паціну).
Вырабы з бронзы вядомы ў мастацтве Месапатаміі (3-е тыс. да н.э.), Стараж. Егіпта (2-е тыс. да н.э.); час росквіту — эпоха італьян. Адраджэння. З 17 ст.маст. ліццё з бронзы пашырана ў Францыі. Вядомыя творы з бронзы ў бел. мастацтве: помнікі Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур), Я.Купалу (1972, А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), М.Багдановічу (1981, С.Вакар) у Мінску, Ф.Скарыне (1974, А.Глебаў) у Полацку, С.Буднаму (1980, С.Гарбунова) у Нясвіжы і інш.
Да арт.Бронза. Барыс і Глеб. Сярэдзіна 12 ст. Гарадскі пасёлак Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Бронза. Статуэтка Асірыса. 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Леса1 ’тоўстая жэрдка ў хляве пад вышкамі, у каморы, дзе клалі лён’ (луп., жытк., Нар. сл.), лёска ’клінападобны папярочны драўляны брусок для замацоўвання і ўцягілення дзвярэй’ (бяроз., Шатал.), тонкія жэрдкі для агароджы’ (Ян.), ’агароджа з тонкіх пруткоў’ (Юрч., Бяльк.; светлаг., Мат. Гом., ТС), ’агароджа з тонкай ляшчыны, асінніка ці бярэзіна, пераплётнага ў станчым становішчы’ (Нас., Федар. Дад.), ц.-пал. ’плот’ (Нар. сл.), ’кій’ (бяроз., Сл. паўн.-зах.), ’насціл з дубцоў у санях’ (ТС), леса ’пляцень’ (паўдн.-усх., КЭС), леска ’агароджа’, ’сукі елкі для агароджы’ (Мат. Маг.). Укр.ліса, ліса, ліска, рус.леса, польск.łasa, laska, луж.lesa, leska, чэш.lisa, ст.-чэш.lesa, славац.lesa, ляш.Vaska, славен.lesa, серб.-харв.ље̏са, макед.леса, балг.леса, ласа, леса, ст.-слав. лѣса — з падобнымі ці блізкімі значэннямі. Прасл.lesa — ж. р. ад lesъ. Семантычнае напаўненне лексемы lesa ’будаўнічы матэрыял у выглядзе (гнуткіх) галін, тонкіх ствалоў, з якога рабіліся прымітыўныя буданы, хаціны, стрэхі’. Пазней канкрэтызаваўшыся, лексема ў адных гаворках стала называць ’галіны арэшніку, ляшчыны’ > ’ляшчыну’. З другога боку, розныя перапляценні, рашоткі пераўтварыліся ў прылады для лоўлі рыбы, канчатковым вынікам гэтага развіцця, прыкладам можа служыць віц., гом.лёска ’лёска’ (Касп., Мат. Гом.) або леска ’плот’ (І. Чыгрынаў. Ішоў чалавек…). Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 485, 486; Слаўскі, 4, 56–60. Тое ж і ў іншых славян: балг.леса ’рашотка’, серб.-харв.ље̏са ’нары’, чэш.lísa ’верша’, ’паліца з жэрдак’, польск.łasa ’рашотка’.
Ле́са2 ’лесвіца, па якой лазяць да коміна, да пчол на дрэве’ (ТС; браг., хойн., Мат. Гом.), лёска ’лесвіца’ (браг., Мат. Гом.; браг., Нар. словатв., Ян., ТС; ц.-палес., Нар. сл.; уздз., Жд. 2, Сцяшк. Сл., Шат.), лескі, ліёскі ’тс’ (ганц., бярэз., круп., Сл. паўн.-зах.), ’прыстаўная лесвіца’ (Мал.; ляхав., Янк. Мат.: круп., Жд. 2), ’лесвіца з шырокімі прыступкамі’ (Некр.), ’прыстасаванне, каб лазіць на дрэва’ (слуц., КЭС). Да ле́са1 (гл.). Семантычна гэтыя лексемы можна звесці да ’астрова, лесвіца ў выглядзе ствала дрэва з адсечанымі галінамі’ — яе коса прыстаўлялі да дрэва і лазілі да борці на дрэве’. Генетычна узыходзіць да прасл.lesa. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 60–61.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. З 1909 музеем кіраваў А.К.Снітка. Экспазіцыя мела 1363 экспанаты (1910), сярод іх рэчы царк. даўніны, рэліг. культу, тэксты нар. песень, казак, паданняў, матэрыялы этнагр. экспедыцый, па гісторыі гербаў і пячатак, каля 500 стараж. манет, археал. знаходкі з раскопак пад Пінскам, Радашковічамі, Слуцкам, Туравам. Сярод збораў кніжнага фонду (каля 1900 тамоў, 1910) Апостал і Тыпікон (16 ст.), Мінея агульная (канец 17 ст.), Сінопсіс (18 ст.), архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музеі зберагалася частка калекцыі бел. археолага Г.Х.Татура. У пач. 1-й сусв. вайны экспанаты музея эвакуіраваны ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фонду і 250 кніг трапілі ў царк. аддзел Бел.дзярж. музея, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены дзярж. б-цы, архівы — цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т. л. рукапісы, зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.
Будынак музея пастаўлены на тэр. архірэйскага падвор’я ў 1913 у азнаменаванне 300-годдзя дома Раманавых (арх. В.Струеў). Быў задуманы як частка арх.-маст. комплексу духоўнай рэзідэнцыі Мінскай епархіі, якая ўключала пабудовы архірэйскага падвор’я і праектуемыя будынак музея і агароджу з цэнтр. парадным уваходам. Выкананы ў неарускім стылі. 2-павярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак пастаўлены на высокі цокаль і накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усх. боку да яго прыбудавана круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены вежы, стылізаванай пад стараж. абарончую, былі прарэзаны байніцамі, верхняя ч. аформлена машыкулямі і геам. арнаментам. З зах. боку фасад фланкіраваны невял. квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім 4-гранным шатром. Гал. ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзелены карнізным паяском, прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкар. паўкалонамі, 2- і 3-лопасцевымі аркамі, філёнгамі і інш. элементамі. Агароджа з цэнтр. парадным уваходам аддзяляла архірэйскае падвор’е ад Аляксандраўскага сквера. Цэнтр. парадны ўваход меў тыя ж арх. формы, што і будынак музея: высокія фланкіруючыя квадратныя ў плане слупы-вежачкі завяршаліся вастраверхімі шатровымі дахамі, карнізныя паяскі, што апяразвалі вежачкі, з простым. геам. арнаментам. Лучковая металічная арка была вырашана ў духу венскага мадэрна. Кованыя рашоткі, агароджа, вароты, брамы былі зроблены высокакваліфікаванымі мясц. кавалямі. У 1930-я г. агароджа знішчана. У 1915—20 у будынку размяшчаўся Народны дом, з 1963 — Дом работнікаў мастацтваў.
Літ.:
Записки Северо-Западного отдела имп. Русского географического общества. Кн. 1. Вильна, 1910;
Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус.Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРА́ФІЯ (ад грэч. holos увесь, поўны + ...графія),
метад атрымання поўнага аб’ёмнага відарыса аб’екта, заснаваны на інтэрферэнцыі і дыфракцыі кагерэнтных хваль; галіна фізікі, што вывучае заканамернасці запісу, узнаўлення і пераўтварэння хвалевых палёў рознай прыроды (аптычных, акустычных і інш.). Галаграфію вынайшаў (1948) і атрымаў першыя галаграмы (ГЛ) найпрасцейшых аб’ектаў Д.Габар. У 1962—63 амер. фізікі Э.Лэйтс і Ю.Упатніекс выкарысталі для атрымання ГЛ лазер, а сав. фізік Ю.М.Дзенісюк (1962) прапанаваў метад запісу аб’ёмных ГЛ. У 1960-я г. створаны тэарэт. і эксперым. асновы галаграфіі.
Аб’ёмны відарыс аб’екта фіксуецца на ГЛ у выглядзе інтэрферэнцыйнай карціны, створанай прадметнай хваляй (ПХ), адбітай ад аб’екта, і кагерэнтнай з ёй апорнай хваляй (АХ). У адрозненне ад фатаграфіі, дзе зафіксаваны відарыс аптычны, ГЛ дае прасторавае размеркаванне амплітуды і фазы ПХ. Паколькі ПХ не плоская, ГЛ мае структуру нерэгулярнай дыфракцыйнай рашоткі. Інфармацыя аб размеркаванні амплітуды ПХ запісваецца ў выглядзе кантрасту інтэрферэнцыйнай карціны, а фазы — у выглядзе формы і перыяду інтэрферэнцыйных палос (гл.Інтэрферэнцыя святла). Пры асвятленні галаграмы АХ у выніку дыфракцыі святла ўзнаўляецца амплітудна-фазавае размеркаванне поля ПХ. ГЛ пераўтварае частку АХ у копію ПХ, пры ўспрыманні якой вокам ствараецца ўражанне непасрэднага назірання аб’екта. Галаграфія мае шэраг спецыфічных уласцівасцей, адрозных ад фатаграфіі: ГЛ узнаўляе аб’ёмны (монахраматычны або каляровы) відарыс аб’екта, кожны ўчастак ГЛ дазваляе ўзнавіць увесь відарыс аб’екта, аб’ёмныя ГЛ Дзенісюка ўзнаўляюцца пры дапамозе звычайных крыніц святла (сонечнае асвятленне, лямпа напальвання), галаграфічны запіс мае вял. надзейнасць і інфарм. ёмістасць, што вызначае шырокі спектр практычнага выкарыстання галаграфіі: для атрымання аб’ёмных відарысаў твораў мастацтва, стварэння галаграфічнага кіно, для неразбуральнага кантролю формы складаных аб’ектаў, вывучэння неаднароднасцей матэрыялаў, захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, для візуалізацыі акустычных і эл.-магн. палёў і інш.
На Беларусі даследаванні па галаграфіі пачаліся ў 1968 у Ін-це фізікі АН і праводзяцца ў ін-тах фіз. і фіз.-тэхн. профілю АН, БДУ і інш. Распрацаваны фіз. прынцыпы дынамічнай галаграфіі, развіты метады апрацоўкі інфармацыі і пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў (П.А.Апанасевіч, А.А.Афанасьеў, Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, Б.І.Сцяпанаў і інш.). Створаны галаграфічныя метады для даследавання дэфармацый і вібрацый аб’ектаў, рэльефу паверхні, уласцівасцей плазмы, сістэмы аптычнай памяці (У.А.Піліповіч, А.А.Кавалёў, Л.В.Танін і інш.), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (П.Дз.Кухарчык, А.С.Ключнікаў, М.А.Вількоцкі).
Літ.:
Кольер Р., Беркхарт К., Лин Л. Оптическая голография: Пер. с англ.М., 1973;
Островский Ю.И. Голография и ее применение. Л., 1973;
Денисюк Ю.Н. Изобразительная голография // Наука и человечество, 1982. М., 1982;
Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.
А.С.Рубанаў.
Да арт.Галаграфія. Схемы атрымання галаграм (а) і ўзнаўлення відарысаў (б): 1 — схема Габара; 2 — схема Лэйтса—Упатніекса; 3 — схема Дзенісюка; АХ — апорная хваля; ПА — паўпразрысты аб’ект; ПХ — прадметная хваля; ФП — фотапласцінка; Г — галаграма; СВ — сапраўдны відарыс; А — адбівальны аб’ект; ПЛ — паўпразрыстае люстэрка; УВ — уяўны відарыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),
цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл.Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім.ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл.Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш.фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.
К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.
Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.
Літ.:
Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;
Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл.Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.
Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш.Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш.Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.
На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац.АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.
Літ.:
Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;
Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ.М., 1986;
Промышленное применение лазеров: Пер. с англ.М., 1988.
В.В.Валяўка, В.К.Паўленка.
Да арт.Лазерная тэхналогія. А. Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),
Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 923,8 тыс.км². Нас. 113,8 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г.Абуджа; былая сталіца і гал.эканам. цэнтр — г.Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.
Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд.т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж. — студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал.р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.
Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн.чал.Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн.чал.) і ігба (каля 21 млн.чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн.чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн.чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс.чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.
Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. У канцы 1-га тыс.н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс.н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.Маколей стварыў першую афр.паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн.нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.
1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх.вобл. А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн.чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар.дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.
Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн.т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд.кВт∙гадз (1996); 61% даюць ЦЭС (у найб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс.т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст.прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн.т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн.т за год) і Алоджы (1 млн.т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс.т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс.т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн.га, пад пашай каля 40 млн.га, арашаецца каля 1 млн.га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пн — феад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн.т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах.ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс.т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс.т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс.т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс.км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал.гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.Асадэбай) і драматургія (Х.Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.Нзекву, Э.Амадзі, Т.Алука, О.Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.Аматоса, О.Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.П.Кларк, К.Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.
Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал.рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст.н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап.акад. кірунку А.Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.Ідэхен, Ф.Ідубар, Д.Нвока, І.Ае, Б.Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.Грыло, Дж.Акола, А.Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.Агундэле, Дж.Бураймах, Б.Анабракпае і інш., мазаікі — І.Адэемі, дызайну — А.Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.
Літ.:
История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;
Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ.М., 1984;
Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;
Современные литературы Африки. М., 1973.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Нігерыі.Да арт.Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.Да арт.Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.Да арт.Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.