турнэ́, нескл., н.
1. Падарожжа па кругавому маршруту. Студэнты розных маскоўскіх вышэйшых навучальных устаноў робяць турнэ па Савецкай краіне. «Звязда». // Разм. Паход, паездка. Пасля гэтага турнэ ляснічага па ўсіх кварталах многія леснікі былі выкліканы ў канцылярыю. Сіняўскі.
2. Паездка артыстаў, спартсменаў на гастрольныя выступленні, спаборніцтвы і пад. Вядомы імпрэсарыо італьянец Латуза запрапанаваў мне гастрольнае турнэ па Еўропе. Рамановіч.
[Фр. tournee.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які валодае магічнай, звышнатуральнай сілай. Чарадзейнае зелле. □ Вельмі шкада, што цуды бываюць толькі ў казках, што толькі з чарадзейнага рога ўсяго многа. Сяркоў.
2. Незвычайны па сіле ўплыву, уздзеяння; які захапляе, чаруе. [Міхась Чарот] мне неяк прызнаваўся, што гэтая жанчына мела над ім нейкую чарадзейную ўладу. Рамановіч. Слова ў літаратурным мастацкім творы — гэта чарадзейны знак. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Сцегнавая ці лапатачная частка тушы свінні або барана, адпаведным чынам прыгатаваная для ўжывання. Вепручок рос ладны, ружовы, таму на вялікдзень былі на стале і шынка з мяккім сальцам, і мармуровыя каркавіны, і вэнджаныя кілбасы з пахучым кменам. Рамановіч. У маёнтку князя Абхазава яшчэ не страцілі смаку да вяпровай шынкі. Самуйлёнак.
[Ням. Schinken.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспансі́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць экспансіўнага; нястрыманасць, бурнае праяўленне пачуцця. Гэтая невысокая, хударлявая, але зграбная, з падфарбаванымі рыжымі валасамі, быстрым позіркам і тонкімі вуснамі жанчына рабіла на ўсіх моцнае ўражанне сваёй экспансіўнасцю і рашучым характарам. Рамановіч. І ў той жа час мы чытаем верш [А. Міцкевіча] як нацыянальнае рускае тварэнне, пазнаём непаўторны пушкінскі стыль, пушкінскую экспансіўнасць лірычнага пачуцця. Палітыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перары́ць, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.
1. Разрыць, парыць лычом усё, многае. Свінні перарылі ўвесь агарод.
2. Разм. Раскідаць, перавярнуць што‑н. у пошуках чаго‑н.; перакапаць. Перарыць усе рэчы ў каморцы. □ На вакзале я быў затрыманы сышчыкамі, якія перарылі мой вучнёўскі чамадан. Танк. — Пуста! Я ж табе сказаў, што .. [Антон] напэўна павязе .. [паперы] з сабою, — нервова прашыпеў Громаў, калі яны перарылі ўвесь стол. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гра́цыя, ‑і. ж.
1. Прыгажосць формы, позы, рухаў цела. Ва ўсёй постаці Званцовай было столькі грацыі і хараства, што ад яе цяжка было адвесці вочы. Рамановіч.
2. Шырокі эластычны жаночы пояс, які ахоплівае торс і падтрымлівае грудзі.
3. Уст. паэт. Красуня, прыгажуня. — Быць у Панямоні і не пабачыць вас, трох грацый, панямонскіх красунь, было б злачынствам з нашага боку, — пажартаваў Лабановіч. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярсцёнак, ‑нка, м.
Прадмет, звычайна з дарагога металу, у форме абадка, абруча, часта з каштоўнымі камянямі, які носіцца на пальцы як упрыгожанне ці як сімвал шлюбу. Панна Рузя часцей за ўсё стаіць каля белай кафлянай грубкі, залажыўшы назад сухія бяскроўныя рукі з пярсцёнкамі. Грэецца. Брыль. Я міжвольна зняў заручальны пярсцёнак з безыменнага пальца правай рукі і схаваў яго ў кішэню камізэлькі. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
такто́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае такт 2, які валодае тактам 2. Уважлівая, тактоўная, удумлівая,.. [Вольга Уладзіміраўна Галіна] ўмела, не крыўдзячы выканаўца, паправіць яго памылку. «Беларусь». [Надзя:] — Цябе выратавала тое, што ты аказаўся надзіва тактоўным чалавекам і не паспрабаваў нават абняць Іну Аляксандраўну. Рамановіч. // Які выконваецца з тактам. Тактоўны ўчынак. Тактоўны падыход. □ Аб тым, як жывуць выгнаныя са школы калегі,.. [Базыль Трайпанскі] палічыў тактоўным не распытвацца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чалаве́чны, ‑ая, ‑ае.
Уважлівы, чулы, душэўны; гуманны. Калі гляджу на роднае аблічча, На востры зрок з-пад стомленых павек, — Вось-вось з граніту сыдзе просты, блізкі І самы чалавечны Чалавек! Звонак. [Насця:] Які вы добры, чалавечны! Даруйце мне мой тон. Колас. Купала сябраваў з Міровічам, ён яму вельмі падабаўся і як творца, і як чалавек з вясёлым, жывым характарам, вельмі чалавечным і добразычлівым. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць чыстым, вычысціць. Пачысціць паліто. Пачысціць зубы. □ Мы пагаліліся, апранулі новыя гімнасцёркі, пачысцілі боты і пайшлі. Няхай.
2. Зняць, выдаліць непатрэбнае, рыхтуючы да чаго‑н. Пачысціць яблыкі на кампот. □ Якуб дастаў з ночваў ладнага шчупака, пачысціў яго, потым прынёс трэсак, пачаў рыхтаваць малым снеданне. Лупсякоў.
3. Разм. Аграбіць, абрабаваць. Чужынцы абадралі Мінск як ліпку, пачысцілі і ўсю Беларусь. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)