ТАЛАСАКРАТЫ́ЧНЫЯ ПЕРЫ́ЯДЫ,
перыяды ў гісторыі Зямлі, калі значна пашыралася плошча мораў (трансгрэсіі). Супадаюць з сярэдзінай тэктанічных цыклаў, калі на б. ч. зямной паверхні пераважалі апусканні. Проціпастаўляюцца геакратычным перыядам. Да ліку Т.п. адносяць сілур, сярэдні і позні дэвон, ранні карбон, позні мел. Павелічэнне плошчы гідрасферы садзейнічала развіццю вільготнага марскога клімату з малымі ваганнямі т-ры. У гэты перыяд намнажаліся пераважна марскія асадкавыя тоўшчы, б. ч. якіх складалі карбанатныя пароды.
т. 15, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
умацаванне здароўя чалавека і яго правільнае фіз. развіццё, адна з састаўных частак агульнай сістэмы выхавання. Садзейнічае агульнаму развіццю асобы разам з разумовым, маральным, эстэт. і прац. выхаваннем. Асн. сродкі Ф.в. — заняткі фіз. практыкаваннямі, разнастайныя віды турызму і спорту, загартоўванне арганізма, прытрымліванне гігіенічнага рэжыму побыту і працы, авалоданне спец. ведамі (у галіне методык фіз. практыкаванняў, сродкаў загартоўвання і гігіены), якія садзейнічаюць фіз. ўдасканаленню чалавека. Гл. таксама Фізічная культура.
т. 16, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭРКАСПАРО́ЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі з роду цэркаспора. Пашкоджваюць буракі, бульбу, вінаград, інжыр і інш. пладовыя і ягадныя культуры. Праяўляюцца плямістасцю на лісці, радзей на чаранках, сцёблах, пладах. Плямы акруглыя або прадаўгаватыя, разнастайных памераў і афарбоўкі, аблямаваныя. Пры моцным пашкоджанні раслін адмірае лісце, ападаюць плады. Заражэнне адбываецца ўлетку. Развіццю хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е. Узбуджальнікі Ц. зімуюць у расл. рэштках у выглядзе скопішчаў патоўшчаных гіфаў міцэлію.
Т.У.Шэндрык.
т. 17, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЕ́ЧКА,
парная мужчынская палавая залоза млекакормячых жывёл і чалавека, у якой выпрацоўваюцца сперматазоіды і сакратуюцца андрагены (гал. чынам тэстастэрон). Я. плода ўтвараецца ў брушной поласці, але к моманту нараджэння апускаецца ў машонку, дзе знаходзіцца пры больш нізкай т-ры, што спрыяе ўтварэнню і развіццю сперматазоідаў. Біяхім. выспяванне сперматазоідаў адбываецца ў прыдатку Я., дзе сакратуецца і вадкасць, якая разбаўляе сперму. Найб. частае запаленчае захворванне Я. — архіт.
А.С.Леанцюк.
т. 18, кн. 1, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лейтматы́ў
(ням. Leitmotiv =. вядучы матыў)
1) музычная тэма, кароткі музычны зварот, які звязваецца з пэўнай ідэяй і шматразова паўтараецца ў творы адпаведна развіццю сюжэта;
2) перан. асноўная думка, якая неаднаразова паўтараецца і падкрэсліваецца (напр. л. рамана).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АБДАРАХМА́Н III ан-Насір
(Перамаганосны; 7.1.891—961),
эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам I у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́СМАН (Graßmann) Герман Гюнтэр (15.4.1809, г. Шчэцін, Польшча — 26.9.1877),
нямецкі матэматык, фізік, мовазнавец. Чл.-кар. Гётынгенскай АН. З 1842 у Шчэцінскай гімназіі. Навук. працы па матэматыцы, акустыцы, магнітным узаемадзеянні токаў, колеразнаўстве (устанавіў законы складання колераў; 1853). Прапанаваў першую сістэматычную пабудову мнагамернай эўклідавай прасторы, якая садзейнічала развіццю вектарнага і тэндэрнага злічэнняў. Склаў слоўнік да гімнаў Рыгведы (помніка стараж.-інд. л-ры; 1875).
Літ.:
Клейн Ф. Лекции о развитии математики в 19 ст.: Пер. с нем. Ч. 1. М.; Л., 1937.
т. 5, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНЫ АБСАЛЮТЫ́ЗМ,
палітыка шэрагу еўрапейскіх абсалютысцкіх дзяржаў у 2-й пал. 18 ст., якая падтрымлівала ідэі Асветніцтва. Выяўляўся ў правядзенні рэформаў, накіраваных на знішчэнне некаторых устарэлых феад. ін-таў. Манархі Іосіф II у Аўстрыі, Фрыдрых II у Прусіі, Кацярына II у Расіі, Густаў III у Швецыі і інш., спрабуючы выкарыстаць папулярнасць ідэй франц. асветнікаў, выстаўлялі сваю дзейнасць як саюз «філосафаў і гасудароў». Асветны абсалютызм быў накіраваны на ўмацаванне панавання дваранства, хоць некаторыя рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст. ўкладу.
т. 2, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ ААН (ЕЭК),
орган ААН, створаны ў 1947 у мэтах садзейнічання эканам. адраджэнню разбураных вайной краін Еўропы. Статус пастаяннага органа ААН набыла ў 1951. Членамі ЕЭК з’яўляецца большасць еўрап. дзяржаў, у т. л. Беларусь і Расія. ЕЭК садзейнічае развіццю гандлю і навук.-тэхн. супрацоўніцтва, ажыццяўляе доўгатэрміновае эканам. планаванне, накіроўвае і каардынуе работу сваіх дапаможных органаў. ЕЭК узначальваецца выканаўчым сакратаром. Кіруючым органам ЕЭК з’яўляецца чарговая сесія, якая праводзіцца штогод. Месцазнаходжанне сакратарыята ЕЭК — г. Жэнева (Швейцарыя).
т. 6, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДО́ВІК XI (Louis; 3.7.1423, г. Бурж, Францыя — 30.8.1483),
кароль Францыі [1461—83]. З дынастыі Валуа. Сын Карла VII [1422—61]. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі, падаўляў феад. мяцяжы. У 1462 набыў прав. Русільён і Сердань, у выніку перамогі ў Бургундскіх войнах 1474—77 — герцагства Бургундскае і прав. Пікардыя. Далучэннем у 1481 да каралеўскіх уладанняў правінцый Анжу, Мэн і Праванс у асн. завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі. Спрыяў развіццю рамёстваў, знешняга і ўнутр. гандлю, падтрымліваў заможных гараджан. Стварыў умовы для будучага развіцця абсалютызму ў Францыі.
т. 9, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)