АЎЧЫ́ННІКАЎ (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 29.5.1936, г. Варонеж),
рускі кампазітар і дырыжор. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1962, клас Ц.Хрэннікава). З 1962 дырыжор розных аркестраў, у т. л. Усесаюзнага радыё і тэлебачання. Сярод твораў: 2 оперы; балеты; араторыі «Гімны Айчыне» і «Сергій Раданежскі»; кантата, 4 сімфоніі, 6 сюіт і інш. для сімф. арк.; камерна-інстр. творы; хары; рамансы; музыка да кінафільмаў «Вайна і мір», «Андрэй Рублёў», «Яны змагаліся за Радзіму», «Іванава дзяцінства», «Барыс Гадуноў» і інш.
т. 2, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н РАГВАЛО́ДАВІЧ (Барысавіч),
безудзельны (?) князь з полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст., сын полацкага кн. Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1129. Адзін з 6 полацкіх князёў, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч за адмову ад сумеснага паходу супраць полаўцаў адправіў у ссылку ў Канстанцінопаль. Паводле В.М.Тацішчава, на службе ў візантыйскага імператара Іаана полацкія князі атрымлівалі плату і мужна ваявалі з арабамі. У 1140 І.Р., верагодна, вярнуўся на радзіму разам з братам Рагвалодам (Васілём).
А.В.Іоў.
т. 7, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТШАЛК (каля 1010—7.6.1066),
князь бодрычаў [1031—66; фактычна з 1044]. Выхоўваўся ў кляштары св. Міхаіла ў г. Люнебург (Германія). Пасля смерці бацькі Прыбыгнева (каля 1030) вярнуўся на радзіму і стаў княжыць, аднак у хуткім часе скінуты саксонцамі і эмігрыраваў у Данію. З дапамогай свайго цесця дацкага караля Кнуда I Вялікага і брэменскага архіепіскапа Адальберта II вярнуў у 1044 княжацкі трон. Заснаваў Вендскую дзяржаву. Укараняў хрысціянства, намагаўся стварыць незалежную слав. царкву. Загінуў у час паўстання (інспіравана племянной знаццю), якое праходзіла пад лозунгам вяртання да язычніцтва.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯЧЭ́ВІЧ (Іпаліт Вікенцьевіч) (1800 — 46),
удзельнік паўстання 1830—31. Сын В.Гячэвіча. Валодаў маёнткамі Вязынь і Ізабелін у Вілейскім пав. Служыў у Мінскай казённай палаце. З 1826 маршалак шляхты Вілейскага пав. У крас. 1831 узначаліў павятовы паўстанцкі камітэт, які на кароткі тэрмін устанавіў кантроль над паветам. Пасля заняцця Вілейкі казакамі хаваўся ў сваякоў, потым арыштаваны і зняволены ў крэпасць. У вер. 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі, але ў хуткім часе высланы ў Варонеж. Вярнуўся на радзіму ў 1837.
У.П.Крук.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАБА́РАЎ (Джуманіяз) (н. 25.11.1930, кішлак Пулаты Кашкадар’інскай вобл., Узбекістан),
узбекскі паэт. Засл. дз. маст. Узбекістана (1980). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1952). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паэзіі «Я слаўлю Радзіму» (1953), «Подых вясны» (1956), «Рэха гор» (1961), «Сшытак дваццаці дзён» (1967), «Хвіліны натхнення» (1971) і інш. Вядомы як перакладчык і драматург. Пераклаў на ўзб. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклалі Р.Барадулін, В.Іпатава.
Тв.:
Рус. пер. — Родное тепло. Ташкент, 1982;
Убежденность. Ташкент, 1982.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бяссла́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які не заслугоўвае славы, не пакрыты славай, няслаўны; ганебны. Бясслаўнае адступленне. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты [усходні вецер] ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. Ужо нямнога засталося жахлівых слядоў варожага нашэсця. Але добра захаваліся сляды іх бясслаўнай пагібелі: абгарэлыя іржавыя каркасы вагонаў, .. пакарэжаныя, пакрытыя іржою танкі, рэшткі спаленых аўтамашын. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АСКНА́ЗІЙ (Ісак Львовіч) (Лейбавіч; 16.1.1856, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобласці — 1903),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1874—79). У 1880—84 у Італіі, Германіі, Польшчы. Вярнуўшыся на радзіму, жыў у Віцебску. Аўтар жанравых сцэн з жыцця гарадоў і мястэчак Беларусі: «Яўрэйскае вяселле», «Прыход суботы», «Выпрабаванне жаніха» (усе 1890), «Па пазыку» (1892), «Вандроўныя шаўцы». Пісаў карціны на біблейскія сюжэты («Майсей у пустыні», 1885, «Саламон за працай над «Эклезіястам», «Кат з галавой Іаана Хрысціцеля» і інш.).
Літ.:
Булгаков Ф.И. Наши художники. Т. 1. СПб., 1889.
Л.Н.Дробаў.
т. 2, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВО́Й (Сяргей Рыгоравіч) (н. 6.9.1911, г. Новасібірск),
рускі паэт. Друкуецца з 1934. У зб-ках «Я ў Расіі народжаны» (1956), «Я люблю» (1962), «Вера, Надзея, Любоў» (1971), «Гады... Новая лірыка» (1981), «...А песня ходзіць на вайну» (1984), «Пра цябе...» (1991) і інш. вершы пра Радзіму, прыроду, ваен. гады, складаны цяперашні час. Аўтар паэм «Сын Расіі» (1942), «Маці» (1961), «Балада пра каханне» (1962) і інш., кніг для дзяцей, тэкстаў песень. Для лірыкі Астравога ўласцівыя публіцыстычнасць і грамадзянскасць.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1985—86.
т. 2, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вацлаў Мартынавіч) (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),
рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.
т. 2, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РСЕЙ, Хорсі (Horsey) Джэрам (? — пасля 1626), англійскі падарожнік. З 1573 агент англ. гандлёвай Маскоўскай кампаніі. У 1581—91 выконваў важныя дыпламат. даручэнні англ. і рас. ўрадаў. Пасля вяртання на радзіму ў 1622 арыштаваны за апазіцыйныя выступленні супраць урада караля Якава I. Аўтар некалькіх прац пра Расію часоў Івана IV Грознага і Фёдара Іванавіча. Пры апісанні сваіх падарожжаў праз Літву і Беларусь змясціў звесткі пра сустрэчу з кн. Радзівіламі, заняцце Іванам IV Полацка ў 1563 і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Записки о России, XVI — начало XVII в. М., 1990.
А.П.Грыцкевіч.
т. 5, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)