све́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не страціў сваіх натуральных якасцей. Свежае мяса. Свежае малако. Свежы сыр. // Толькі што прыгатаваны (пра ежу, напіткі). І адкуль на стале тваім Бохан свежага хлеба пахучы. Барадулін. [Бацька:] — Ці не час нам падсілкавацца? Давай свежага чайку заварым. Шыловіч. // Такі, якога не закранула апрацоўка (вэнджанне, саленне, кансерваванне і пад.); які застаўся ў натуральным выглядзе. У каго толькі ўзыходзяць, а ў яго, у Нічыпара Кавалёнка, як звалі бацьку, ужо свежыя агуркі. Кавалёў. Першыя сотні кілаграмаў свежых грыбоў былі адпраўлены на прадпрыемствы.. Мінска. «Звязда». // Толькі што, нядаўна зрэзаны, сарваны (пра расліны, плады). Зноў мы слаўна пагуляем, Свежых ягад назбіраем. Колас. На грэблю кожную вясну накідвалі рознага ламачча, свежага яловага і хваёвага галля, а найбольш зыбкія мясціны высцілалі жэрдзем. Дуброўскі. // Нядаўна або толькі што зроблены, падрыхтаваны, атрыманы. Свежыя стагі. □ Ды прайшла па золкіх росах На сінім досвітку чуць свет, Дзе пахнуць свежыя пракосы, пакінуўшы мне босы след. Матэвушаў. Сцены ў пакоі былі зроблены са свежых дошак, шчыліны паміж імі свяціліся. Карпюк.

2. Такі, які не быў у карыстанні, ва ўжыванні. Асцярожна, каб лішне не прымаць свежую пасцель, Усцін Тарасавіч прысеў на краёк свайго ложка. Марціновіч. Кузьма сеў на кучу свежай саломы, з якой ва ўсе бакі пырснулі маленькія конікі, і задумаўся. Дуброўскі. / Пра новае і чыстае адзенне, бялізну. Свежая прасціна. □ Трафім Зіновіч падшыў да сваёй салдацкай гімнасцёркі свежы каўнерык. Кірэйчык.

3. Чысты, нічым не забруджаны, які часта абнаўляецца (пра ваду, паветра). Дзеці слухаюць сваю настаўніцу і старанна наліваюць градкі свежай, прынесенай з калодзежа, вадзіцай. Барашка. Грудзі яго [Мацуты] з палёгкай удыхалі свежае, халоднае паветра. В. Вольскі.

4. Халаднаватыя досыць халодны. З поля дзьмула свежым халадком, прабірала вільгаццю. Гартны. Раніца была свежая, і буйная раса шчыпала босыя ногі. Чарнышэвіч. Па дварэ быў вецер — дзьмуў на ганак — сухі, свежы, аж холадна стала ў грудзі. Пташнікаў.

5. Які не страціў сваёй сілы, бляску, яркасці ці натуральная афарбоўкі. Ён [трамвай] бяжыць з вясёлымі Званкамі, Афарбоўкай свежай зіхаціць. Броўка. Доўгі кароўнік,.. бялеўся новымі сасновымі сценамі, чырванеўся свежай чарапіцай. Якімовіч. // Ярка-зялёны, малады (пра траву, дрэвы і пад.). Свежая трава. □ Свежай зелянінай.. разгарнуліся вузкія палоскі аўса. Бядуля. Яшчэ дацвіталі сады, і дужа яркай была зелень свежага лісця на маладых бярозах. Машара. // перан. Выразны, ясны, незабыты. Усе дзяліліся свежымі ўражаннямі, усе апавядалі адзін аднаму пра новыя цікавыя падзеі. Зарэцкі. Прарасло жалеза Вострымі шыпамі, Будзе вечна свежай Аб салдаце памяць. Вітка.

6. Здаровы, поўны сіл, энергіі, запалу (пра чалавека). Якія.. [Богуш і Цымбал] здаровыя і свежыя, нібы прынеслі з сабою другі свет. Скрыган. Быў.. [Адам] спакойны, свежы і, лёгкі. Мо ад вады, мо ад цішыні і сонца. Вышынскі. // Які выражае такі стан, сведчыць пра яго. Смяялася кожная рыса.. [Дашынага] твару: свежыя паўнаватыя вусны, роўненькія, адзін у адзін, зубы. Васілевіч. Свежы румянец на твары прадвяшчаў поўнае выздараўленне. Кавалёў. // Звонкі, чысты (пра голас, смех і пад.). Голас у яе [Ядвісі] быў малады, свежы, сакавіты. Колас.

7. Не стомлены, не знясілены. Праціўнік пад вечар з яшчэ большай ярасцю кінуўся ў атаку. У бой уступілі свежыя часці. Гурскі. // перан. Адноўлены, абноўлены (сном, адпачынкам). Узяцца за справу са свежымі сіламі. □ Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны.

8. Які нядаўна або толькі што з’явіўся, узнік; новы. Свежы след. Свежая рана. Свежы нумар газеты. □ Яшчэ пяскі магілы свежай Пад сонцам Крыма не цвілі... Трус. За школаю едкім, удушлівым гарам пахла свежае пажарышча, і ў тонкай сасне маладою цягучаю смалою заплываў незаржавелы асколак ад бомбы. Адамчык. // Які ўпершыню з’явіўся дзе‑н.; чужы, дагэтуль тут невядомы. А вось свежы чалавек — той абавязкова спыніцца, каб паглядзець на дзве вуліцы [вёскі] ў садах. Ракітны. Увага мужчын была сканцэнтравапа на паспеўшых прыехаць у час — па свята — Міхала і Васіля, свежых людзей. Васілевіч. // Які пакуль нікому невядомы; самы новы, апошні. Свежыя навіны. □ [Вадзім Іванавіч:] — Добра, што вы заўтра выступіце. Свежае слова пра Маскву нам цяпер патрэбна як паветра. Гэта вельмі важна зараз... перад баямі. Дзенісевіч. У дзядзькі ўжо некалькі сшыткаў, у якіх ён запісвае казкі і песні, прыказкі, прымаўкі, свежыя словы, свае ўражанні і думкі. Брыль. // перан. Які ўпершыню сфармуляваны, выказаны, выкарыстаны; арыгінальны. Свежая думка. Свежая рыфма. □ Няма вычарпаных вершаваных форм і няма памераў, якія можна было б выкінуць як старызну: яны кожны раз становяцца свежымі, калі да іх дакранаецца сапраўдны талент. «Маладосць».

•••

Глянуць свежым вокам гл. глянуць.

На свежае вока гл. вока.

На свежую галаву гл. галава.

Па свежых слядах гл. след.

Свежае вока гл. вока.

Свежая капейка гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)