спартыўныя практыкаванні, якія складаюцца з некалькіх (ад 3 да 10) відаў бегу, скачкоў і кіданняў. Класічнымі мнагабор’ямі лічацца: у мужчын дзесяцібор’е (бег на 100, 400, 1500 м і 110 м з бар’ерамі, скачкі ў вышыню, даўжыню, з шастом, кіданні дыска, кап’я і штурханне ядра), у жанчын пяцібор’е (бег на 100 м з бар’ерамі і 800 м, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра) і сямібор’е (акрамя відаў пяцібор’я — бег на 200 м і кіданне кап’я).
Паходзяць з часоў Стараж. Грэцыі; на Алімп. гульнях асн. відам спорту лічыўся пентатлон (пяцібор’е). Першыя спаборніцтвы па дзесяцібор’і праведзены ў Швецыі (1911), у праграму Алімп. гульняў уключаны з 1912 (Стакгольм). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1934, камандныя спаборніцтвы на Кубак Еўропы па мнагабор’ях — з 1973. Першыя міжнар. спаборніцтвы па пяцібор’і адбыліся на жаночай Алімпіядзе (1922, г. Монтэ-Карла, Манака), чэмпіянаты Еўропы праводзіліся ў 1950—80, у праграме Алімп. гульняў — у 1964—80. Спаборніцтвы па сямібор’і праводзяцца з 1981; у праграме Алімп. гульняў — з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША).
Сярод беларускіх мнагаборцаў вызначыліся: у дзесяцібор’і — Дз.Сухамазаў, бронз. прызёр Універсіяды (1995, Японія); у сямібор’і — жаночая каманда ў складзе Т.Алісевіч, А.Атрошчанка, С.Бурага, Н.Сазановіч, пераможца Кубка Еўропы (1995, Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́МАНТ І́МПУЛЬСУ,
фізічная велічыня, якая характарызуе меру вярчальнага руху цела (сістэмы цел) адносна пункта або восі. Паняцце «М.і.» дастасавальнае таксама да эл.-магн., гравітацыйнага і інш. фізічных палёў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні многіх задач механікі, фізікі і тэхнікі.
М.і. матэрыяльнага пункта з імпульсамі адносна цэнтра (полюса) O роўны вектарнаму здабытку:
, дзе — радыус-вектар пункта, праведзены з цэнтра O. Для сістэмы n такіх пунктаў
і адносна восі вярчэння выражаецца таксама праз вуглавую скорасць і момант інерцыіI дадзенай сістэмы (напр., цвёрдага цела) адносна гэтай восі:
. Змены М.і. сістэмы цел адбываюцца пад уздзеяннем толькі знешніх сіл і залежаць ад іх моманту (гл.Момант сілы). З 2-га закону Ньютана (гл.Ньютана законы механікі) вынікае
. Калі
будзе пастаянным і мае месца закон захавання М.і. (гл.Захавання законы). Роўнасць
мае таксама месца пры руху пункта (цела) ў полі цэнтральных сіл, пры гэтым яго рух падпарадкоўваецца закону плошчаў (гл.Кеплера законы), што выкарыстоўваецца ў нябеснай механіцы, тэорыі руху ШСЗ, касм. лятальных апаратаў і інш. Большасці элементарных часціц уласцівы ўласны, унутраны М.і. (гл.Спін). Адзінка М.і. ў СІ — кілаграм-метр у квадраце за секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ АРХЕАЛО́ГІЯ, гідраархеалогія,
галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем стараж. аб’ектаў, затопленых вадой. Узнікла ў сярэдневякоўі з мэтай пошуку затанулых караблёў. Першыя ў Расіі даследаванні па П.а. праведзены ў 1905 у бухце г. Феадосія ў Чорным моры. У 1930 пад кіраўніцтвам праф. К.Э.Грыневіча вадалазы даследавалі рэшткі пабудоў стараж./v-abbr>-грэч./v-abbr> калоніі Херсанес. З 1937 пад кіраўніцтвам акад. Р.А.Арбелі вяліся даследаванні антычнага г. Ольвія. Далейшае развіццё П.а. звязана з вынаходствам у 1943 франц. даследчыкам Ж.А.Кусто і Э.Ганьянам акваланга, што дало магчымасць свабодна працаваць на глыбінях да 50 м. На Беларусі больш за 100 гідраархеал. помнікаў: капішчы, стараж. масты, месцы былых бітваў, культавыя камяні, затопленыя паселішчы, чаўны і інш. У 1907 у р. Ясельда каля в. Жабер Драгічынскага р-на вёўся пошук гармат, затопленых у 17 ст. (знойдзена 8 гармат). У 1920-я г. падводныя раскопкі праводзіліся на месцы пераправы войск Напалеона цераз Бярэзіну каля в. Студзёнка Барысаўскага р-на. Планавыя падводныя пошукі археал. помнікаў пачаліся ў 1979. Археал. даследаванні праводзіліся каля гарадзішча Маскавічы, у рэчышчы Зах. Дзвіны на месцы знаходжання Барысавых камянёў, у р. Свіслач у Мінску, у р. Лукомка каля в. Лукомль, у воз. Іказнь каля сцен замка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 2—3.2.1919 у Мінску. Скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. Прысутнічалі 230 дэлегатаў з рашаючым і 44 з дарадчым голасам: ад Гродзенскай (11 дэлегатаў), Мінскай (121), Магілёўскай (10) губ., Вілейскага пав. Віленскай губ. (125), а таксама 7 дэлегатаў ад бежанцаў. Разгледжаны пытанні аб адносінах да сав. рэспублік, аб бягучым моманце, аб межах Сав. Беларусі, аб Канстытуцыі БССР, заслухана справаздача Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада Беларусі, праведзены выбары ЦВКБССР. У рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я.М.Свярдлоў, які абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». З’езд прыняў «Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР», вызначыў тэр.БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губ.; Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. адышлі да РСФСР. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць БССР з Літ. ССР. З’езд прыняў 1-ю Канстытуцыю БССР (гл.Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919), у адпаведнасці з якой найвыш. ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі ўладу ажыццяўляў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК), адказны перад Усебел. з’ездам Саветаў. З’езд зацвердзіў герб і флаг БССР. У склад абранага з’ездам ЦВКБССР увайшло 50 чал. (45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены Паалей-Цыёна і 1 меншавік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕспартыўнае,
від воднага спорту. Аб’ядноўвае П. на спарт. дыстанцыі, падводнае (гл.Падводны спорт), сінхроннае (гл.Плаванне сінхроннае), гульнявое, прыкладное. Састаўная ч.пяцібор’я сучаснага і інш. мнагабор’яў. П. на спарт. дыстанцыі ўключае спаборніцтвы на дыстанцыі ад 50 да 1500 м спосабамі кроль, кроль на спіне, брас, батэрфляй (дэльфін). Гульнявое П. — розныя рухомыя гульні (воднае пола і інш.). Прыкладное П. — ныранне ў даўжыню і на глыбіню, ратаванне тапельца, пераадоленне водных перашкод.
Вядома са стараж. часоў як практычнае і ваенна-практычнае умельства. Як від спорту ўзнікла на мяжы 15—16 ст., сфарміравалася да канца 19 ст. 1-ы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1890. З 1896 у праграме Алімп. гульняў. Міжнар. аматарская федэрацыя П. арганізавана ў 1908, Еўрап. ліга П. — у 1924. 1-ы чэмпіянат свету праведзены ў 1973 (Бялград).
На Беларусі афіц. спаборніцтвы па П. праводзяцца з 1924. У 1936 у Мінску пабудаваны першы плавальны басейн. 1-ы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1927 (г. Гомель). У рэспубліцы працуюць каля 70 крытых плавальных басейнаў, у т. л.воднаспартыўны камбінат. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Гукаў, С.Каплякоў, А.Рудкоўская, Э.Васількова — сярэбраны і бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980), Н.Бараноўская — бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1999), І.Ларычава — чэмпіёнка СССР (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),
раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.
Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.Гарвей, італьян. М.Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.В.Абрамовіч, А.Я.Мітрашэнка, М.Ю.Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.Г.Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.Е.Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.М.Грышын, А.А.Марціновіч).
Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.Дз.Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.У.Шот, І.А.Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.М.Саўчанка, У.П.Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.А.Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.У.Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.М.Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.М.Падгайскі). Гл. таксама ў арт.Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г.праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ЕЎ (Нурэеў) Рудольф Хаметавіч
(17.3.1938, каля ст. Раздольная Іркуцкай вобл., Расія —6.1.1993),
артыст балета, балетмайстар, дырыжор. Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1958, клас Х.Бельскага). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1961 працаваў у Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш.зах. трупах. З сярэдзіны 1970-х г. гастраліраваў з праграмай «Нурыеў з сябрамі». У 1985—89 маст. дырэктар балетнай трупы Парыжскай оперы. Віртуозна валодаў асаблівасцямі розных школ і кірункаў класічнага і свабоднага танца. Сярод партый; Альберт («Жызэль» А.Адана), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Дэзірэ і Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага) і інш. Сярод пастановак: «Цені» з «Баядэркі» (1963 і 1992), «Раймонда» А.Глазунова і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (абедзве 1964), «Танкрэд» Г.В.Генцэ, «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня» (усе 1966), «Шчаўкунок» (1967, 1980), «Манфрэд» (1979) і «Бура» (1982), абедзве на муз. Чайкоўскага. З 1991 выступаў як дырыжор. Зняўся ў фільмах «Я — танцоўшчык» (1972), «Валентына» (1977). Аўтар аўтабіяграфіі (2000). У 1993 праведзены фестывалі імя Н. (Уфа, Казань).
Літ.:
Р.Нуреев. СПб., 1995;
Львов-Анохин Б. Блудный сын Русского балета // Театр. 1993. №11;
Persival J. Nureyev: aspects of the dancer. New York, 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНЫ СПОРТ, ветразевы спорт,
спаборніцтвы на спарт. парусных суднах (швертботы, яхты).
Узнік у Англіі ў 18 ст., першы яхт-клуб засн. ў г. Корк (1720). У праграме Алімп. гульняў з 1900. Міжнар. саюз П.с. засн. ў 1907. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1922, Еўропы — з 1932. Алімп.кл. суднаў з’яўляюцца «Еўропа», «Зорны», «Лазер», «Лятучы галандзец», «Містраль», «Солінг», «Тарнада», «Фін», «470»; у чэмпіянатах свету ўдзельнічаюць і інш.кл. суднаў — «Дракон», «Фаербол», «5,5» і інш. Гонкі праходзяць па кругавых дыстанцыях на 12 марскіх міль або 20—30 км і інш. Пераможца вызначаецца па суме некалькіх гонак (звычайна 7). У кл. крэйсерскіх яхт спаборніцтвы праводзяцца на вял. адлегласці. Найб. пашыраны П.с. у Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Францыі, скандынаўскіх краінах.
На Беларусі развіваецца з 1950-х г. З 1969 дзейнічае Мінскі яхт-клуб. Федэрацыя П.с. існуе з 1992. Першы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1967 (Заслаўскае вадасх.). З бел. спартсменаў найб. вызначыліся С.Краўцоў (чэмпіён свету 1988, Еўропы 1989, 1991 у кл. «Тарнада», разам з Ю.Канавалавым, Расія), В.Буданцаў (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987, чэмпіён Еўропы 1990 у кл. «Лятучы галандзец»), Г.Страх і А.Мірон (сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 1984, Еўропы 1989 у кл. «Солінг»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,
контрудар на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку ў Вялікую Айчынную вайну. Праведзены 63-м стралк. корпусам (камкор Л.Р.Пятроўскі) 21-й арміі Зах. (з 24.7.1941 Цэнтр.) фронту з удзелам Жлобінскага і Рагачоўскага знішчальных батальёнаў 13 ліп. — 17 жн.; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. 6 ліп. часці 117-й дывізіі са складу корпуса пасля разведкі боем фарсіравалі Дняпро, авалодалі Жлобінам і прасунуліся на З уздоўж бабруйскай шашы. Гітлераўцы тэрмінова падцягнулі 10-ю матарызаваную і 255-ю пях. дывізіі. У выніку жорсткіх баёў сав. войскі ноччу адарваліся ад праціўніка і адышлі на зыходныя пазіцыі, сарваўшы разлікі ням. камандавання з ходу фарсіраваць Дняпро на гэтым участку. 13 ліп. войскі 21-й арміі перайшлі ў контрнаступленне. 63-і корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў Жлобін (з дапамогай нар. апалчэння), Рагачоў, развіў наступленне на Бабруйск і да канца ліпеня ўклініўся на 30 км у размяшчэнне ворага. Толькі з дапамогай перакінутых сюды 8 дывізій рэзерву ням. войскі здолелі замацавацца на зах. беразе Друці, 14 жн. прарвалі абарону і зайшлі ў тыл. корпуса. З 17 жн. часці корпуса з баямі пачалі выходзіць з акружэння, пры прарыве з якога быў смяротна паранены камкор Пятроўскі. У выніку контрудару ворагу нанесены значныя страты, 15 яго дывізій былі трывала скаваны ў прасоўванні на ўсход.
Літ.:
Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 517.