НІКІ́ЦІН (Сяргей Канстанцінавіч) (10.10.1926, г. Каўроў Уладзімірскай вобл., Расія — 18.12.1973),
рускі пісьменнік. Скончыў Ліг. ін-т імя М.Горкага (1952). Друкаваўся з 1948. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Вяртанне» (1952), «Сем сланоў» (1954), «Белы ветразь», «Касцёр на ветры» (абодва 1960), «Вечаровая зара» (1970) і інш. пераважна пра сучаснікаў. Творчасці Н. ўласцівы дакладныя замалёўкі побыту, інтанацыі жывой мовы. Пісаў для дзяцей. На бел. мову яго творы пераклаў Б.Сачанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛЬ, Нікопаліс (грэч. Nikopolis горад перамогі),
назва шэрагу гарадоў, заснаваных рымлянамі. Найбольшыя: Н. у Кападокіі, створаны Гнеем Пампеем у 6 ст. да н.э.; Н. у Эпіры. засн. імператарам Аўгустам у 31 да н.э.; Н. у Ніжняй Мёзіі (Балгарыя), закладзены імператарам Траянам у 102 н.э. на р. Істра (за 20 км на У ад сучаснага г. Вяліка-Тырнава). Росквіт апошняга Н. адносіцца да 2—3 ст., у пач. 7 ст. разбураны аварамі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі абарончых сцен, форума, булеўтэрыя, адэона, лазняў, крам, а таксама скульптуры, надпісы, манеты і прадметы побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУЦЦЁ ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ,
спецыфічнае духоўнае перажыванне, выкліканае ўспрыманнем прыгожага або агіднага, узнёслага або нізкага, трагічнага або камічнага ў прыродзе, грамадскім быцці і мастацтве; першасны кампанент гістарычна абумоўленай эстэт. свядомасці, аснова эстэт. густаў, ідэалаў і ацэнак; адзін з састаўных элементаў мастацкай культуры. Сфарміраванае ў працэсе практычнай чалавечай дзейнасці П.э. ў далейшым развіваецца і ўдасканальваецца пад уздзеяннем фальклору і прафес. мастацтва ўсіх відаў і жанраў, становіцца важным фактарам гуманізацыі прыроднага і грамадскага быцця. Поруч з традыц. відамі мастацтва развіццю П.э. садзейнічае тэхн. эстэтыка і мастацка-прамысловае праектаванне (дызайн), афармленне сферы вытв-сці і побыту людзей паводле законаў прыгажосці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ВЕНСКІ (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (н. 5.1.1948, г. Капыль Мінскай вобл),
бел. дзеяч самадз. мастацтва, майстар нар. інструментаў. Засл. дз. культ. Беларусі (1999). Скончыў Мінскае муз.вуч. імя Глінкі (1975), Мінскі ін-т культуры (1985). З 1968 выкладаў спевы ў школах Мінска. З 1970 арганізатар і маст. кіраўнік фалькл. ансамбля «Дударыкі» (з 1993 узорны), адначасова з 1996 — ансамбля нар. музыкі і песні «Мінскія музыкі» (з 2000 нар.), сямейнага ансамбля (1979—96). Валодае ігрой на гармоніку, баяне, дудцы, жалейцы, акарыне, дудзе, ліры, цытры і інш. Збірае бел.нар. інструменты, стварыў музей бел.побыту і культуры пры школе-гімназіі 111 (1985). Аўтар песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар.побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.
Я.Ф.Шунейка.
А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МТМАН-БРЫ́ЕДЫТ (Amtmanis-Brieditis, сапр.Амтманіс) Альфрэд Фрыцавіч (5.8.1885, сядзіба Званітаю Букас, Латвія — 15.5.1966), латышскі акцёр, рэжысёр, педагог; адзін з буйнейшых майстроў рэаліст. акцёрскага мастацтва Латвіі. Нар.арт.СССР (1953). Праф. (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1903. З 1919 у Латв. т-ры драмы імя А.Упіта, з 1944 маст. кіраўнік, з 1949 гал. рэжысёр. Сярод роляў: Улдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Атвасар («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса, Дзярж. прэмія СССР 1948). Яго пастаноўкі вызначаліся яркасцю карцін нар.побыту, эмацыянальна насычанымі характарамі: «Сын рыбака» В.Лаціса (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Зямля зялёная» Упіта (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖИВА́Я СТАРИНА́»,
часопіс. Выдаваўся ў 1890—1916 у Пецярбургу аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва на рус. мове 4 разы ў год. Друкаваў даследаванні і матэрыялы па фальклору і этнаграфіі народаў Расіі, а таксама замежжа. Асн. ўвагу надаваў апісанню побыту, абрадаў, жылля, адзення, нар. медыцыне. З артыкуламі, прысвечанымі бел. фальклору і этнаграфіі, выступалі У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі («Заметкі па беларускай этнаграфіі»), Я.Ф.Карскі, М.М.Косіч («Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні»), Е.Р.Раманаў, М.А.Саковіч, А.К.Сержпутоўскі, П.В.Шэйн. Сярод публікацый — рэцэнзіі на працы бел. фалькларыстаў і этнографаў, справаздачы па этнагр. экспедыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫ́ЧАЙ,
гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.
Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЦА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча 8 ст. да н.э. — 11 ст.н.э., селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 11 ст.) каля в. Кастрыца Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча мае 3 гарызонты: у ніжнім выяўлены сляды жытлаў слупавой канструкцыі, агнішча, рэшткі майстэрні па апрацоўцы жалеза, пасудзіны днепра-дзвінскай культуры; у сярэднім — жал. прылады працы, бронзавыя падвескі, фрагменты пасудзін банцараўскай культуры; у верхнім — прылады побыту, ганчарная кераміка і інш. рэчы 10—11 ст. Побач з гарадзішчам у 6—10 ст. існавала селішча, на месцы якога ў 11 ст. ўзнік курганны могільнік (14 насыпаў). Даследаваны 2 курганы з трупапалажэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1973 у г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Адкрыты ў 1975. Мае 3 экспазіц. залы (пл. экспазіцыі 335 м²), больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Сярод матэрыялаў археал. знаходкі (прылады працы 3—1-га тыс. да н.э., косці шарсцістага насарога, зуб маманта), нумізматычныя калекцыі 17—20 ст., старадрукі (мінеі 1754 і 1799), матэрыялы пра абарону Касцюковіч у 1941, дакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны, нар. паэта Беларусі А.Куляшова, пісьменнікаў В.Хомчанкі, І.Чыгрынава, А.Русецкага, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, творы жывапісу бел. мастака А.Бархаткова, прадметы побыту, узоры прыкладнога мастацтва, матэрыялы пра вёскі, пакінутыя ў забруджанай зоне пасля Чарнобыльскай катастрофы.