будаўнічыя матэрыялы, з якіх робяць дахі будынкаў і збудаванняў. Характарызуюцца воданепранікальнасцю, мароза-, вогне- і вільгацеўстойлівасцю, трываласцю, лёгкасцю.
Адрозніваюць Д.м.: цвёрдыя (штучныя — лісты, пліткі), гнуткія (рулонныя, найб. пашыраны) і пластычныя (масцікавыя); сілікатныя (азбестацэментныя хвалепадобныя лісты і пліткі, гл.Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі; чарапіца, шыфер); арганічныя (драўняныя — гонта, драніцы, дошкі; бітумныя і дзёгцевыя — пергамін, руберойд, таль, палімерныя на аснове пластмас — плоскія і хвалепадобныя пліты з шклапластыкаў і інш.); металічныя (лісты дахавай сталі, алюмінію, цынку). Пластычныя Д.м. — бітумныя, бітумна-палімерныя і дзёгцевыя масцікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ФАСФАРЫ́ТАЎ Каля паўд.-ўсх. ускраіны г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пластавы паклад звязаны з сенаманскімі адкладамі верхняга мелу. Фасфарыты прымеркаваны да тоўшчы глаўканітава-кварцавых пяскоў і прадстаўлены цёмна-шэрымі жаўлакамі, пясчана-жаўлачнымі слаямі і фасфарытавай плітой. Папярэдне разведаныя запасы 175 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 0,12—14,1 м, фасфарытавай пліты 0,05—0,3 м, ускрышы (пяскі, гліны, супескі, мергель, мел) 5,3—46,3 м. Колькасць пяцівокісу фосфару ў зыходнай рудзе 3,14—18,4%. Фасфарыты прыдатныя для вытв-сці мінер. угнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНАПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі з буйнапамерных плоскасных зборных элементаў. Вырабляюцца на спец. прадпрыемствах і манціруюцца на буд. пляцоўках. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве жылых, грамадскіх і вытв. будынкаў, дарог, аэрадромаў, плацін, каналаў, прамысл. і інш. збудаванняў. З іх робяць насцілы міжпаверхавых перакрыццяў, панэлі пакрыццяў будынкаў, сценавыя панэлі, фундаментныя пліты і інш. Буйнапанэльныя канструкцыі найбольш пашыраны ў каркасна-панэльнай і панэльнай (бескаркаснай) канструкцыйных схемах будынкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,
размешчаны на аднайм. паўвостраве, займае б.ч.тэр. Саудаўскай Аравіі. Пл. каля 1500 тыс.км². Прымеркаваны да Аравійскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Асн. ваданосныя комплексы звязаны з палеазойскімі, мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі адкладамі. Дэбіты свідравін 0,1—79 л/с і больш (у аазісе Эль-Хаса 227 л/с), крыніц 0,5—528 л/с (некаторыя фантануюць). Мінералізацыя вады 1—5,5 г/л. Рэсурсы падземных водаў папаўняюцца пераважна ад інфільтрацыі атм. ападкаў і кандэнсацыі вільгаці. Воды басейна выкарыстоўваюць на забеспячэнне нас. пунктаў, прамысловасці, на арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК ТЭКТАНІ́ЧНЫ,
участак зямной кары, абмежаваны разломамі. Памеры ад соцень квадратных метраў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Форма ад трохвугольнай і паліганальнай да выцягнутай (гл.Ступень тэктанічная). Невял. блокі тэктанічныя вылучаюць у рудных і шахтавых палях, на нафтагазаносных плошчах, пры інжынерна-геал. раянаванні. Буйныя блокі (літасферныя пліты або геаблокі) — у крышталічным фундаменце платформаў і складкавых абласцях. Блокі тэктанічныя перамяшчаюцца адзін адносна аднаго ў верт. і гарыз. напрамках. Стыкі паміж блокамі часта ўтвараюць шыўную зону. На Беларусі найб. выразную блокавую будову мае фундамент Прыпяцкага прагіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУДАР’І́НСКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
размешчана на Туранскай нізіне, у пустынных раёнах Каракумаў і Кызылкумаў, у цэнтр. і ўсх.ч. Туркменіі, на З Узбекістана, Пн Афганістана і Ірана. Займае паўд.-ўсх.ч. Туранскай пліты і Перадкапетдагскі краявы прагін. Пл. 417 тыс.км². Першае газавае радовішча адкрыта ў 1953. Выяўлена больш як 90 газавых, газакандэнсатных, газанафтавых радовішчаў на пач. 1980-х г. Прадукцыйныя адклады юры і мелу на глыб. 0,2—4 км. Газы сухія, метанавыя, нафты маласярністыя, шчыльн. 770—900 кг/м³. Газаправоды Бухара—Урал, Сярэдняя Азія—Цэнтр Рас. Федэрацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЕНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі, элементы якіх нераздымна злучаны з дапамогай кляёў. Адрозніваюць К.к. будаўнічыя (нясучыя — аркі, бэлькі, калоны, фермы, рамы і агараджальныя — звычайна слаістыя пліты, панэлі, карабы і інш.), суднавыя (напр., карпусы катэраў, шлюпак), авіяцыйныя (карпусы некаторых лятальных апаратаў), мэблевыя і інш.
Робяцца з драўніны, металу, пластмас, бетону, шкла і інш. матэрыялаў у розных спалучэннях. Найб. пашыраны клееныя драўляныя канструкцыі. Вызначаюцца павышанай нясучай здольнасцю, трываласцю, даўгавечнасцю, высокай эфектыўнасцю выкарыстання матэрыялаў (маламерных, рознагатунковых, фанеры). Разнавіднасць К.к. — абалонкі з сінт. тканін на клеявых злучэннях, што выкарыстоўваюцца як пакрыцці часовых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Засн. ў 1909—10 у Мінску як сезонны цагельны з-д. З 1929 цагельны з-д № 1. У 1932 рэканструяваны і расшыраны. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1946 адноўлены. У 1958 аб’яднаны з з-дам буйных сілікатных блокаў і цэглы ў камбінат буйнаблочных буд. канструкцый. У 1959 далучаны з-д гіпсабетонных перагародачных панэлей. З 1971 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): сілікатная цэгла, блокі сценавыя і перагародачныя, сценавыя панэлі з ячэістага бетону, пліты полістырольныя, тратуарная плітка, упакоўка з полістыролу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НГЕЛЬСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВЫ КАМБІНА́Т,
у г. Навадзвінск Архангельскай вобл. Расійскай Федэрацыі, адзін з найбольшых у Еўропе. Першая чарга (сульфіт-цэлюлозны з-д і папяровая ф-ка) пачала дзейнічаць у 1940, другая (сульфат-цэлюлозны з-д і кардонная ф-ка) — у 1972, трэцяя (з-д беленай сульфатнай цэлюлозы) — у 1975. З 1994 холдынг. Асн. прадукцыя (1995): цэлюлоза, тарны кардон, папера. Выпускае таксама этылавы спірт, кармавыя дрожджы, драўняна-валакністыя пліты, сшыткі, папярова-белавыя тавары. Занята больш за 10 тыс. працаўнікоў (1990). Магутнасці разлічаны на перапрацоўку 4,5 млн.м³ драўніны за год. Частка прадукцыі экспартуецца ў Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся пры асаджэнні мінер. прадуктаў вулканічных вывяржэнняў на дне стараж. мораў і акіянаў, на астравах, уздоўж берагоў. Вулканагенны матэрыял на плошчы асадканамнажэння можа паступаць у растворах газу і гарачых вод вулканічнага паходжання, у адсарбіраваным выглядзе на паверхні часцінак попелу, як кампанент вышчалочвання лаў і попелаў. Формы пакладаў — пліты, пласты, жаўлакі. Вядомы вулканагенна-асадкавыя радовішчы жалеза, марганцу, медзі, цынку, свінцу, баксітаў, фасфарытаў і інш. Мяркуюць, што намнажэнні жаўлаковых руд жалеза і марганцу на дне Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў (жалезамарганцавыя канкрэцыі) таксама ўтварыліся з прадуктаў падводных вывяржэнняў маладых вулканаў.