БО́ЛНЫРА, Болнара,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 40 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 2,7 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 64,6 км².

Схілы катлавіны амаль не выражаны, берагі нізкія, забалочаныя, парослыя лесам. Дно плоскае, глеістае. Расліннасць утварае паласу шыр. да 150 м. Вакол возера паласа балот шыр. да 3 км. Праз возера працякае р. Дражбітка, сцёк па канаве ў р. Свіна.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДНА,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, за 13 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,51 км², даўж. 1,02 км, найб. шыр. 680 м, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 3,7 км².

Схілы катлавіны выш. да 5 м, тарфяністыя, паўн.-ўсх. пясчаныя, пад лесам. Берагі забалочаныя, на ПнЗ сплавінныя, тарфяністыя. Дно плоскае, сапрапелістае, на ПдУ і У пясчанае мелкаводдзе. Прымае балотныя воды. Трыснёг і хвошч утвараюць паласу шыр. 15—20 м.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТЫ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 15 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 3,1 км². Схілы катлавіны разараныя, на У пад хваёвым лесам. Берагі (акрамя паўд. і асобных паўн. участкаў) нізкія, сплавінныя. Да ўсх. і зах. берагоў прымыкае балота. Дно плоскае, выслана сапрапелем. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Зарастае. Сцёк па ручаі ў воз. Снуды.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНЬ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Міёры. Пл. 0,37 км², даўж. 1,29 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 2,74 км. Пл. вадазбору 22,7 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, парослыя хмызняком. Берагі пераважна нізкія, на Пн сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, высланае сапрапелямі. Востраў пл. 1 га. Расліннасць да глыб. 2 м, займае 45% пл. возера. Злучана пратокай з воз. Асінаўка, на Пд упадае ручай з воз. Кацілава.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РА,

возера ў Любанскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Арэса, за 12 км на ПдУ ад г. Любань, на плоскай забалочанай мясцовасці. Пл. 3,24 км², даўж. 2,75 км, найб. шыр. 1,55 км, найб. глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 7,4 км. Схілы катлавіны плоскія, затарфаваныя, на У пясчаныя дзюны выш. да 7 м. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага пясчанае. Злучана з Чабускім каналам. У выніку меліярац. работ возера абмялела і штучна папаўняецца праз магістральны канал з р. Арэса.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЧЫНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 14 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,22 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 4,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, пясчаныя. Берагі выш. да 0,5 м, забалочаныя, тарфяністыя, да ўрэзу вады расце лес і хмызняк. Дно плоскае, сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчанае. Шыр. паласы надводнай расліннасці 15—30 м. Упадае меліярац. канава, выцякае ручай у воз. Сямёненкі.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБЕ́ЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна (правы прыток Зах. Дзвіны), якая выцякае з возера, за 7 км на ПдЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 2,31 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 32 км². Схілы катлавіны невыразныя, на У выш. 4—5 м, разараныя. Берагі сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, які здабываюць на ўгнаенне. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м. Моцна зарастае. Злучана ручаём з азёрамі Круглік і Мошна.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́МІНЕЦ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 4 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 24 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, параслі лесам. У паўд. плёсе 2 астравы агульнай пл. 2 га. Дно плоскае, выслана сапрапелямі. У возера ўпадаюць 4 ручаі, у т. л. з воз. Доўгі Дземінец і з возера без назвы; на Пн выцякае ручай у воз. Ваўчо.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ЛЬЦЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 38 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,78 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 720 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 63,5 км². Схілы катлавіны выш. да 7 м (на Пд 15—20 м), пад лесам, на ПнЗ разараныя. Берагі нізкія. Дно плоскае, выслана пераважна пяском і глеямі, у цэнтры — сапрапелем. Зарастае. Упадаюць р. Няклейка і ручай з воз. Сіценец, выцякае р. Жэльцанка.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НІЧНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 32 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,47 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 10,5 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, забалочаныя, пад лесам, на У да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў на ПнУ і ПдЗ — пясчанымі адкладамі. На ПнЗ з воз. выцякае ручай у р. Нача.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)