ІШТА́Р,

багіня ўрадлівасці і цялеснага кахання, вайны і разладу ў міфалогіі стараж. вавіланян і асірыйцаў, гал. жан. бажаство вавілонскага пантэона. Астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. У заходнесеміцкай міфалогіі наз. Астарта, у шумерскай — Інана. Звесткі пра культ І. ёсць у эпасе пра Гільгамеша.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТО́Н,

дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.​Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.​Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.

Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.​Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙10​3кг/м³, Харона 2,18 ∙10​3кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙10​22 кг. У 1999 Міжнар. астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНАЯ ГЕАДЭ́ЗІЯ,

раздзел геадэзіі, які вывучае тэорыю і метады пабудовы астранома-геадэзічных сетак і вызначэння формы, памераў і гравітацыйнага поля Зямлі. Займаецца навуковымі праблемамі геадэзіі Зямлі як планеты ў цэлым на падставе вынікаў астранамічных, геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні і ў каляземнай прасторы.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

магнітасфе́ра

(адмагніта- + сфера)

вобласць каляпланетнай прасторы, фізічныя ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем планеты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біягеасфе́ра

(ад бія- + геасфера)

абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана жывое рэчыва планеты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эланга́цыя

(лац. elongatio, ад longus = далёкі)

астр. бачная вуглавая адлегласць планеты ад Сонца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

засялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., што.

1. Запоўніць, заняць жыхарамі, насельнікамі. Засяліць дом. Засяліць інтэрнаты студэнтамі.

2. Пасяліўшыся, заняць. Як ніколі, мы сілай багаты цяпер, — Неўзабаве планеты Навокал заселім. Дзеружынскі. У адну сонечную, ціхую раніцу дрэвы паркаў засялілі крыклівыя гракі. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімпто́м, ‑у, м.

1. Характэрнае праяўленне або знешняя прыкмета якой‑н. хваробы. Сімптомы захворвання.

2. Кніжн. Знешняя прыкмета чаго‑н. Сімптомы гаспадарчага крызісу. □ [Касманаўты:] «Чаму ўзарваліся рухавікі? Першыя сімптомы непаладак у іх з’явіліся, калі мы ледзь увайшлі ў магнітнае поле планеты». Шыцік.

[Ад грэч. symptōma — супадзенне, прыкмета.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЗАЗЕ́МНЫЯ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫІ,

высокаарганізаваныя формы жыцця (аб’яднанні разумных істот), якія могуць існаваць ці, магчыма, існавалі ў Сусвеце па-за межамі Зямлі.

Здаўна лічылася, што існуюць планеты, населеныя разумнымі істотамі. Развіццё навукі, палёты міжпланетных касм. апаратаў паказалі, што планеты Сонечнай сістэмы не маюць прыкмет жыццядзейнасці. Імавернасць існавання П.ц. на планетных сістэмах інш. зорак пакуль што не можа быць ацэнена верагодна. У 1960-х г. заснавана міжнар. праграма SETI (Search for ExtraTerrestrial Intelligence — пошук пазаземных цывілізацый), якая дапускае магчымасць рэалізацыі ўмоў жыцця, падобных да зямных (умераныя т-ра і вільготнасць, пастаянная яркасць Сонца і інш.), у інш. месцах Галактыкі. Спробы пошуку іншапланетных цывілізацый не далі канкрэтных вынікаў. Іншы шлях пошуку П.ц. — вывучэнне міфалогіі народаў Зямлі і гіст. помнікаў, якія маглі б сведчыць пра наведванне Зямлі іншапланецянамі. Аднак бясспрэчных доказаў кантакту з прадстаўнікамі П.ц. на Зямлі не знойдзена.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ртуць ’хімічны элемент, вадкі цяжкі метал’ (ТСБМ), народная назва — жыво́е серабро́ (Ласт.). Рус., укр. ртуть, чэш. rtuť, славац. ortuť, польск. rtęć. Стараж.-рус. рътуть (Сразн., 3, 206) — разглядаецца як праславянскі дзеепрыметнік цяперашняга часу незалежнага стану *rьtǫtь (як могуть, словуть), звязаны з літ. rìsti, 1 ас. адз. л. ristù ’каціць, качаць’, лат. rist, 1 ас. адз. л. ritu ’каціць, каціцца’, а таксама літ. riēsti ’гнуць; скручваць; скурчваць; згортваць’, rietė́ti ’каціцца’, лат. riest ’адпадаць, аддзяляцца’, што ўзыходзяць, магчыма, да і.-е. *ret(h)‑ ’бегчы, каціцца’ (Фасмер, 3, 509; Чарных, 2, 124–125). Паводле больш ранняй версіі Міклашыча (285) якая, аднак, сутыкаецца з цяжкасцямі ў фанетычных адносінах, назва элемента паходзіць з араб. `utārid ’ртуць’ пры пасрэдніцтве тур. utaryd ’тс’. Першапачаткова араб. `utārid — назва планеты Меркурый, якая перайшла на хімічны элемент дзякуючы яго “лятучасці”, рухомасці. Параўн. франц. mercure, іт., ісп. mercurio, англ. mercury ’ртуць’. Назва планеты — паводле імені старажытнага рымскага бога гандлю і абаронцы вандроўнікаў Меркурыя — Mercurius (Чарных, 2, 124–125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)