по́жня, ‑і, ж.

1. Зжатае хлебнае поле; іржышча. [Міхась] выйшаў з-за густой сцяны жыта на пожню. Сабаленка. [Малання] хадзіла па пожні, пільна прыглядаючыся, ці не валяюцца дзе каласкі, ці добра звязаны снапы. Мележ.

2. Абл. Сенажаць. Агульнымі сіламі вяскоўцаў сабралі з поля снапы, з пожні сена. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узаткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Разм.

1. Насадзіць, надзець на што‑н. вострае. Адам моўчкі развязаў сваю торбачку, дастаў адтуль .. кавалак сала і,.. узаткнуўшы па завостраны штышок, пачаў круціць над полымем. Нікановіч.

2. Наспех абуць што‑н.; уссунуць. Узаткнуць боты на босыя ногі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прынараві́цца, ‑раўлюся, ‑ровішся, ‑ровіцца; зак.

Прызвычаіцца, прыстасавацца да чаго‑н. З цягам часу ўсё ўвайшло ў свой звычай. Галя прынаравілася, прыплакалася да новай маткі, а Параска прызвычаілася да чужой дачкі. Сабаленка. [Сымон:] — Пажывём, мо як і прынаровімся да нечага лепшага, новага. Нікановіч. З цяжкасцю [Валера] прынаравіўся да дарогі, прыбавіў скорасць. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыбы́,

У выразе: на дыбы — тое, што і на дыбкі (гл. дыбкі). Хлопец ад нечаканасці так тузануў закілзанага каня, што ён узняўся на дыбы. П. Ткачоў. Вялізны вогненны слуп паставіў паравоз на дыбы, залязгалі, затрашчалі вагоны. Шчарбатаў. Мікола ўсё нешта станавіўся на дыбы, гарачыўся, а потым здаўся. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм.

1. Зрабіць якое‑н. глупства, дурасць (у 2 знач.). — Вось здурэў, што не адвёў каня ў пушчу разам з Кастусём! Нікановіч.

2. Тое, што і здурнець. У Язэпа трашчала галава. Ён зусім здурэў ад выпіўкі і той нечаканасці, з якой усё адбылося. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падцкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго на каго-што, з дадан. сказам і без дап.

Тое, што і нацкаваць. Падцкаваць на нядобры ўчынак. □ З палаючымі вачыма .. па балоце хадзіў Мікола з самадз[елка]вай стрэльбай, набітай кулямі... — Стрэльні, Мікола! Падцкуй! — Ой, глядзі, брат?! Як стрэльнуць, дык і свету не ўбачыш! Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́едзь, ‑і, ж., зб.

Крылатыя насякомыя, якія смокчуць кроў (авадні, сляпні, мошкі і інш.). Пякло ўвесь час неміласэрна сонца, у лесе стаяла страшэнная заедзь: авадні, камары і сляпні насіліся роем і гулі, як чмялі. Нікановіч. Каня апанавалі мухі і авадні, і ён, бедны, бараніўся ад заедзі як толькі мог. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паглумі́цца, ‑глумлюся, ‑глумішся, ‑глуміцца; зак.

1. з каго-чаго, над кім-чым і без дап. Паздзекавацца, панасміхацца. Вот зажадалася каршуну беламу паглуміцца над дзяўчынай простай! Нікановіч. Хіба патрэбна [Ясю] такая бяднячка, як яна. Проста ён задумаў нешта благое, хоча паглуміцца з раскошы. Чарнышэвіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Папсавацца — пра ўсё, многае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад нацягнуць.

2. перан.; у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане напружання. Нацягнутыя нервы не абяцалі нічога добрага. Гартны. Усе маўчалі, і ад гэтага рабілася напружанае, да немагчымасці нацягнутае становішча. Нікановіч.

3. перан.; у знач. прым. Пазбаўлены натуральнасці. Нацягнуты смех. Нацягнутыя паводзіны. // Недружалюбны. Нацягнутыя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да рэзаць (у 1, 2, 4, 6 знач.).

2. Моцна ўдарыць чым‑н. Антось на бягу рэзнуў прыкладам карабіна паручніка. Нікановіч.

3. Зрабіць што‑н. хутка, энергічна, з азартам. Толькі расцягнуў, думаў рэзнуць полечку, а Аўдоцця падышла да яго і паклала на гармонік руку. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)