суро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што і без дап.

Разм. Паводле забабонных уяўленняў — прынесці няшчасце, хваробу, пашкодзіць каму‑н. паганым (ліхім) вокам. Ячны нават і ртуці .. зашыў коніку ў «жычку», істужку, якой упрыгожана шыя малога [жарабяці]. Каб не сурочыла часам ліхое вока. Брыль. Нездарма ж маці не раз казала .. [Крывахіжу], каб не глядзеў на малых дзяцей у калысцы, бо можа сурочыць. Алешка. // Пашкодзіць каму‑, чаму‑н., хвалячы, прадказваючы што‑н. [Насця:] — Сёння, Ірынка, усе хлопцы твае будуць... — Не суроч, Настачка, — засмяялася Ірынка. Сіняўскі. [Скрыпка:] — Ты ў мяне не благі, здольны сын. Каб толькі не сурочыць... Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАРША́К Самуіл Якаўлевіч (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),

расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт. зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял. Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.​Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.​Бёрнса, У.​Блейка, Дж.​Радары, Дж.​Кітса, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.​Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.​Васільевай) у Дзярж. рус. драм. т-ры; опера-казка І.​Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Астрэйка, П.​Броўка, В.​Вітка, К.​Кірэенка, М.​Лужанін, М.​Маляўка, У.​Шахавец, А.​Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1968—72;

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;

Бел. пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;

Пошта. Мн., 1937;

Мы ваенныя. Мн., 1941;

Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;

Містэр Твістэр. 2 выд. Мн., 1952;

Круглы год. Мн., 1953.

Літ.:

Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;

Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. Т. 2.

С.Я.Маршак.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГАНЕ́Ц Карусь (сапр. Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія — 10.5.1918),

бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. З 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Вучыўся ў Мінскім гар. вучылішчы, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працаваў у Мінску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў мінскую турму (1905—06, 1910—11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкая да нар. песні. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнута нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»), Цэнтр. герой яго лірыкі — кабзар, лірнік («Кабзар»), Проза К. — апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»), Аўтар гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап. 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.​Буйніцкага), у якой высмеяў бел. выраджэнца, які адракаецца ад усяго роднага. Гэта модны шляхцюк Пранцішак Карчэўшчык — папярэднік Адольфа Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я.​Купалы. Апрацоўваў нар. казкі, паданні; пісаў навук.-папулярныя нарысы для дзяцей. Выступаў як публіцыст. Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук.-папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С.​Шаўлоўскім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). З твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з гліны, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в. Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. пастаўлены помнік.

Тв.:

Творы. Мн., 1979.

Літ.:

Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928. № 10;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 107—110, Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы Мн., 1985. С. 69—82;

Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. № 1;

Біч М. Ад родных ніў. Грамад.-паліт. погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988. № 3;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2. С. 375—379;

Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.​І.​Леніна // Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.​Скарыны. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

К.Каганец.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

насла́ць ​1, нашлю, нашлеш, нашле; нашлём, нашляце; зак., каго-чаго.

1. Прыслаць у вялікай колькасці. Наслаць кніг. Наслаць людзей.

2. Напусціць на каго‑н. няшчасце, бяду і пад. А ліха следам па дарозе За імі ўпотайку бяжыць. Дагнала бедную Марынку, Наслала ёй цяжкую хвор. Колас. — Што ты гаворыш! — не вераць суседзі. — Глядзі, каб не паслаў.. [вядзьмар] на цябе бяды... Якімовіч.

насла́ць ​2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. насцялі; зак.

1. чаго. Разаслаць, раскласці, пакласці раўнамерным слоем на паверхні чаго‑н. у якой‑н. колькасці. Замест сеннікоў на нары [хлопцы] наслалі саломы. Карпаў. Павячэраўшы, мы паслалі насечаных яловых лапак, накрылі іх посцілкамі і ляглі. Ляўданскі.

2. што і чаго. Пакласці шчыльна ў рад (дошкі, бярвенне і пад.).

3. што. Зрабіць, пабудаваць насціл (з дошак, бярвення і пад.). Тут хаце і стаць. Шыферам пакрыта. Засталося паслаць падлогу, столь пакласці і — грымі наваселле! Савіцкі. Праз два крокі .. [Шабуніха] адчула галлё, — гэта былі, відаць, рэшткі грэбелькі, якую спехам паслалі былі на падатным грунце. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біч, ‑а, м.

1. Ударная частка цэпа. Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Чорны. Па распушчаных снапах праходзімся толькі па разу: салома аж курыць пад бічамі, нібы яе задзірае, скубе, трасе і не можа ўзняць нейкі віхор... Місько. // Наогул — пра ўдарныя часткі некаторых механізмаў. Алёша адрэгуляваў зазоры паміж планкамі секцый падбарабання і бічамі барабана. Шамякін.

2. Бізун, сплецены з драбных раменьчыкаў. Не дагодзіш [князю] — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесці, ані легчы. Гарэцкі. // перан.; чаго. Выкрывальнае ўздзеянне чаго‑н. Біч сатыры.

3. перан.; каго-чаго. Бедства, няшчасце. Беспрацоўе — біч рабочага класа капіталістычных краін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траге́дыя, ‑і, ж.

1. Драматычны твор, у аснове якога ляжыць непрымірымы жыццёвы канфлікт, сутыкненне характараў і пад., што часцей за ўсё канчаецца смерцю героя. Трагедыі У. Шэкспіра. Трагедыя А. С. Пушкіна. // Пастаноўка на сцэне такога твора. Ставіць трагедыю.

2. Жудасная, страшная падзея; няшчасце. Тужлівую песню спяваў бор, сведка шматлікіх падзей, людскога шчасця і чалавечых трагедый. Гурскі. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. // Перажыванне, безвыходнае становішча, якое прыносіць цяжкія пакуты. Купала бачыў сацыяльную трагедыю працоўнага сялянства ў тым, што яно пазбаўлена самага галоўнага — жыццёвай асновы, зямлі. Івашын. [Раечка:] — У гэтым жа і ўся трагедыя, што я скора не здолею працаваць. Лобан.

•••

Рабіць трагедыю з чаго гл. рабіць.

[Грэч. tragōdia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяда́ ж.

1. (няшчасце, гора) Únglück n -(e)s; Únheil n -(e)s;

2. (галеча, нястача) Not f -, Nöte, Élend n -(e)s;

тра́піць у бяду́ ins Únglück [in die Klémme (разм.)] geráten*;

як на бяду́ erst recht; áusgerechnet;

у гэ́тым [тут] няма́ бяды́ das ist nicht so schlimm; was ist schon dabéi!;

◊

бяда́ за бядо́ю, як ры́ба за вадо́ю ≅ ein Únglück kommt sélten alléin

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Únglück n -(e)s, -e няшча́сце, бяда́, бе́дства, напа́сць;

ein berúfliches ~ няшча́сны вы́падак на вытво́рчасці;

~ über ~ бяда́ за бядо́ю;

~ stíften прыно́сіць бяду́ [го́ра];

j-n ins ~ stürzen [bríngen*, tréiben*] наклі́каць бяду́ на каго́-н.;

ihn hat ein schwéres ~ getróffen яго́ напатка́ла вялі́кае го́ра;

das ist ében das ~! вось дык бяда́!

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Прыпа́дак 1, припа́док, прыпа́дък, пріпа́дък, пріпа́дык ’раптоўны прыступ якой-небудзь хваробы; падучая хвароба, эпілепсія’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.; мазыр., Нар. Гом.; брасл., шуміл., нараўл., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), прыпа́дык ’тс’, прапа́дак ’эпілепсія’, мн. л. прыпа́дкі, прыпа́ткі, прыпа́дкы, прыпа́ткы ’тс’ (Сл. ПЗБ, Мат. Маг., ЛА, 3), пріпа́дык ’прыпадак, прыступ эпілепсіі’ (Бяльк.), прыпа́дны ’хворы на эпілепсію; халерык, істэрык’ (Янк. 1), пры́падзь ’разнастайныя нервовыя прыпадкі, галоўнай прычынай якіх з’яўляецца спалох’ (Шат.). Рус., укр. припа́док ’раптоўны прыступ хваробы; рэзкае, моцнае праяўленне чаго-небудзь’, рус. дыял. ’істэрычная хвароба ў жанчын’, ’хвароба; бяда; няшчасце’. Да прыпада́ць, падаць (гл.); дэрыват з суф. ‑ак, да семантыкі параўн. падучая хвароба, падучка (гл.). Параўн. Мяркулава, Этимология–1967, 164.

Прыпа́дак 2, прыпа́док ’выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мат. Гом., ТС), са звужэннем семантыкі прыпа́дак ’страта’ (шчуч., Сл. ПЗБ), прыпа́дкам ’выпадкова, нечакана’ (Нас., Байк. і Некр.), прыпа́дны ’які як раз падыходзіць, выгадны’ (Нас.), пріпа́дым ’выпадкам’ (Бяльк.), прыпа́дкамі ’прыхваткамі’ (паст., Сл. ПЗБ). Сюды ж рус. дыял. (у Літве і Латвіі) припа́док ’няўдалы выпадак, няшчасце’, укр. припа́док ’выпадак’, припа́дком ’выпадкова’, польск. przypadek ’выпадак; выпадковасць’, przypadkiem ’выпадкова’, чэш. případ ’выпадак’, славац. prípad ’выпадак, прыгода’, в.-луж. připad, н.-луж. pśipad ’тс’. Арэальнае ўтварэнне ад прыпасці, прыпадаць ’выпадаць, здарацца’, параўн. ст.-бел. припалый ’які здарыўся, адбыўся’ (Ст.-бел. лексікон), якое, паводле прышлай версіі (Шустар-Шэўц, 2, 1178; Банькоўскі, 2, 943), калькуе лац. casus, ням. Zufall ’тс’. Паводле Кюнэ (Poln., 90), беларускае слова запазычана з польскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нава́ла, ‑ы, ж.

1. Нашэсце ворага; напад. Фашысцкая навала. □ Калі ж вораг ізноў Меч узніме на нас, — Зломім хутка мы злую навалу. Журба. // Войска, армія, якія нападаюць на каго‑н. Па ўсіх дарогах плыла на ўсход чорная навала. Кулакоўскі.

2. Бяда, няшчасце; непрыемнасці. Як страшэнную навалу ўспамінае Таня смерць старэйшага брата Лёнькі. Гроднеў. Хацелася ўцячы ад навалы, хацелася быць як далей ад агню і енкаў! Кавалёў. Па тону пытанняў ён пачуў, што на яго насоўваецца нейкая навала. Колас. / Аб з’явах прыроды. Недзе навала плыве дажджавая Мыць кіпарысы і клёны. Свірка. Але навалу хмар цяжкіх Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі. Танк.

3. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; скопішча. І сёння помні, Мой горад, пра нялёгкае тады. За хлебам — чэргі. Бежанцаў навала. Лойка. Крыху пазней, калі адхлынула навала асноўнай работы, Сяльчонак засеў за вывучэнне становішча лугоў. Асіпенка. Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. Быкаў.

4. перан. Нешта цяжкае, непрыемнае, што павісае над чалавекам, чакае яго. Навала безвыходнасці. Навала тугі. Навала суму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)