ПНЕЎМАТО́ЛІЗ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + лізіс),

утварэнне мінералаў за кошт вылучаных з магмы пры яе раскрышталізацыі лятучых кампанентаў (пара- і газападобных) ці ад уздзеяння іх на горныя пароды. Пры ўздзеянні магматычных эманацый, складзеных пераважна са злучэнняў бору, фтору, хлору, фосфару і шчолачных металаў, на ўмяшчальныя пароды адбываецца пнеўматалітавы метасаматоз (гл. Метасаматызм), адкладваюцца злучэнні металаў і металоідаў (мінералы: касітэрыт, вальфраміт, шэеліт, берыл, тапаз і інш.). Звычайна П. суправаджаецца гідратэрмальнымі працэсамі.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ЦІ СУЛЬФІ́Д,

злучэнне ртуці з серай, HgS. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: чырв. і чорнай (у прыродзе адпаведна мінералы кінавар і метацынабарыт). Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі растворамі сульфідаў шчолачных металаў, чым карыстаюцца для вылучэння ртуці з сульфідных руд. Прыродную кінавар выкарыстоўваюць у вытв-сці ртуці, штучную — як матэрыял для фотарэзістараў, пігмент, каталізатар. Таксічны, ГДК у вадзе 0,005 мг/л (у пераліку на ртуць).

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алма́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Празрысты, звычайна бясколерны, каштоўны камень, які сваім бляскам і цвёрдасцю перавышае ўсе іншыя мінералы і самацветы; агранены ў пэўную форму, называецца брыльянтам. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас.

2. ‑а. Тонкі асколак гэтага каменя, устаўлены ў аправу з дзяржаннем, прыстасаваны для рэзання шкла; шкларэз.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мінераліза́цыя

(фр. minéralisation, ад с.-лац. minerale = мінерал)

1) ператварэнне арганічных рэчываў у мінералы;

2) насычэнне грунту або вады мінеральнымі солямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛА́КСМАН (Эрык) (Кірыл) Густавіч (7.8.1737, г. Саванліна, Фінляндыя — 16.1.1796),

натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1770). Вучыўся ва ун-це г. Турку (Аба) у Фінляндыі. З 1762 у Расіі. Праводзіў даследаванні ў галіне мінералогіі, біялогіі, хіміі. Падарожнічаў па Алтаі і Усх. Сібіры. Прапанаваў новую тэхналогію шкларобства, спосаб атрымання кухоннай соды, апублікаваў даследаванні па тэхналогіі салетры, соды, галыну. Адкрыў новыя мінералы (байкаліт, вілюіт), знайшоў радовішчы лазурыту, цыркону і інш., сабраў багатыя калекцыі мінералаў, насякомых, гербарыі.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАНАМІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,

мінералы і горныя пароды, якія з’яўляюцца сыравінай для вытв-сці мінер. угнаенняў. Да іх належаць апатыты, фасфарыты, калійныя солі, салетра, сера, карбанатныя пароды (даламіт, мел, вапняк), сапрапелі, вермікуліт, торф і інш. На выраб мікраўгнаенняў выкарыстоўваюць руды, у якіх ёсць медзь, бор, марганец і інш. Найбуйнейшыя радовішчы агранамічных руд на Беларусі: паклады калійных соляў (Салігорскі і Петрыкаўскі р-ны), даламітаў (Віцебскі р-н), фасфарытаў (усх. раёны Магілёўскай вобл.). У значных аб’ёмах здабываюцца вапнавыя матэрыялы і торф.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎСТАБІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. kaustos гаручы + бія... + літ(ы)],

гаручыя карысныя выкапні арган. паходжання. З’яўляюцца прадуктамі пераўтварэння раслінных і жывёльных рэшткаў пад дзеяннем геолага-геахім. фактараў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на 2 групы: К. вугальнага раду ахопліваюць сінгенетычныя асадкаўтварэнню пароды (торф, выкапнёвыя вуглі, гаручыя сланцы і інш.) і мінералы (бурштын); К. нафтавага і нафтоіднага радоў маюць міграцыйную прыроду (нафта, азакерыт, асфальт і інш.). На Беларусі ёсць радовішчы гэтых груп (торф, буры вугаль, сапрапель, нафта, гаручы сланец).

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БАЛЬТАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, сыравіна для атрымання кобальту. Вядома больш за 130 кобальтазмяшчальных мінералаў, у т. л. больш за 40 уласна кобальтавых. Гал. мінералы: кабальцін, лінеіт, скутэрудыт, кобальтпірыт, кобальтпентландыт, шмальцынхлаантыт. Паводле мінер. і хім. складу вылучаюць мыш’яковыя, сярністыя, акісленыя руды. Сярэдняя колькасць кобальту ў прамысл. рудах 0,5—1,5%. Гал. прамысл. радовішчы К.р. — сярністыя медна-нікелевыя, акісленыя кобальта-медныя і сілікатна-аксідныя нікелевыя. Сусв. запасы каля 3 млн. т кобальту. Гал. здабыўныя краіны: Конга, Замбія, Аўстралія, Канада, Філіпіны, Інданезія.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́Т (нарв. norit ад Norge Нарвегія),

магматычная поўнакрышт. інтрузіўная парода, разнавіднасць габра. Складаецца з плагіяклазу (35—70%), рамбічнага піраксену (20—60%), клінапіраксену (да 5%), у некаторых разнавіднасцях таксама з біятыту, кварцу, мікракліну, кардыерыту. Акцэсорныя мінералы: тытаніт, апатыт, цыркон. Разнавіднасці: габра Н., алівінавыя Н. Трапляецца ў складзе буйных расслоеных інтрузіваў асн. і ультраасн. парод, зрэдку ўтварае дробныя самаст. інтрузівы. 3 Н. звязаны радовішчы сульфідных медна-нікелевых руд, апатыт-магнетыт-ільменітавых руд. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДМА́НКІ,

група мінералаў класа сульфідаў, якія маюць падобныя знешнія прыкметы (алмазны, паўметалічны бляск, колер і інш.), што адрознівае іх ад большасці сульфідаў, і пераважна з’яўляюцца рудамі. Напр., цынкавая П. (сфалерыт), кадміевая П. (грынакіт, CdS), аксаміцістая П. (тонкавалакністыя агрэгаты гётыту) і інш. Да П. адносіцца таксама рагавая падманка (кл. сілікатаў), жалезістыя разнавіднасці якой маюць моцны паўметалічны бляск, але не з’яўляюцца рудой. Назва ўведзена сярэдневяковымі рудакопамі, якія часта прымалі гэтыя мінералы за руды вядомых у той час металаў.

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)