ПАГО́СТ,

вёска ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Клявіца, каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на У ад г. Беразіно, 113 км ад Мінска, 52 км ад чыг. ст. Градзянка. 688 ж., 302 двары (2000). Лесапільня. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. 2 помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ШКАЎКА,

вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.​Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.

Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІКІЕ́ВІЧ Кірыла Цімафеевіч, бел. краязнавец, археолаг і этнограф 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў у Магілёўскай і Віцебскай губ. Вывучаў побыт сялян, збіраў фальклор, вёў археал. раскопкі. Быў карэспандэнтам Е.Р.Раманава. Асн. праца «Сенненскі павет Магілёўскай губерні» (Магілёў, 1907), у якой даў геагр., гіст., эканам. і этнагр. характарыстыкі Сенненшчыны, апісаў жыллё, адзенне, сямейнае і грамадскае жыццё сялян, заняткі насельніцтва і інш.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́РАЎ (Абрам Ільіч) (1907, г. Магілёў — 1943),

бел. скульптар. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1929). Асн. творы (гіпс) — «Качагар», «Плытагоны», «Лён», «С.​Арджанікідзе ў разведцы і пад Барысавам» (усе 1930-я г.), праект помніка дукорскім партызанам (1940), «М.​Ю.​Лермантаў» (барэльеф, 1941). Прымаў удзел у афармленні Дома ўрада ў Мінску (1932—34), бел. павільёна на Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве (1939). Загінуў на фронце.

А.Жораў. С.​Арджанікідзе ў разведцы пад Барысавам. 1939.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́СТАЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (9.3.1855, Разанская вобл., Расія — 30.8.1908),

бел. вучоны ў галіне клінічнай медыцыны, грамадскі дзеяч. Д-р медыцыны (1888). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1881). Працаваў у г. Магілёў: з 1889 ардынатар губ. бальніцы, з 1892 дырэктар фельчарскай школы. Навук. працы па спосабах увядзення лякарстваў у арганізм. Заснаваў т-ва Чырв. Крыжа ў Магілёве.

Тв.:

Внутригорловое распыление (интратрахеальная пульверизация) как способ введения лекарств в организм. СПб., 1888.

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́РСКІ (Пётр Аляксеевіч) (н. 2.1.1918, в. Рымінка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. географ, краязнавец. Канд. геагр. навук (1954). Засл. настаўнік Беларусі (1955). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1939). З 1945 у Магілёўскім ун-це. Навук. працы па гісторыі геаграфіі, геаграфіі Беларусі і краязнаўстве, методыцы выкладання прыродазнаўства.

Тв.:

Прырода Магілёўскай вобласці. Магілёў, 1959;

Пособие по краеведению. Мн., 1966;

Землеведение и краеведение. Мн., 1987 (разам з М.​С.​Ратабыльскім).

І.​М.​Шаруха.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЯ ЛЮДВІСА́РНЯ,

гарматная ліцейная майстэрня ў Быхаве ў 2-й пал. 16—18 ст. Узнікла, калі горадам валодалі магнаты Хадкевічы. Тут вырабляліся звычайныя і дробавыя гарматы — «шротаўніцы», марціры, шматствольныя ўстаноўкі — «арганы» і «шмыгаўніцы», а таксама ядры, карцечныя зарады, артыл. і ручныя гранаты. Адным з першых людвісараў быў, верагодна, ням. майстар Кашпір Ганусаў. У 1697 быхаўскія людвісары майстар Пятрок і яго памочнік Юрка былі запрошаны ў Магілёў, дзе адлілі для магістрата вял. бронзавую гармату.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 24.12.1958, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1978). У ранняй творчасці сімволіка-алегарычнае асэнсаванне рэчаіснасці (серыя з 9 работ «Успамін пра Русь», 1989—90). У творах «Збіральнікі галля» (1994), «Збіральнікі камення» (1995), «Малітва» (1997) і інш. асацыятыўна-філас. трактоўка вобразаў, увасобленая праз нюансавы колеравы лад. Працуе таксама ў плакаце («Не парушаць экалагічную раўнавагу!», «У што веру?»).

А.​І.​Атраховіч.

В.Даманава. Работа з серыі «Успаміны пра Русь». 1989—90.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НІЧ (Ганна Трафімаўна) (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.​Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.​Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Яўген Кузьміч) (н. 2.8.1937, г. Магілёў),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў БПІ (1962). Працуе ў ін-це «Гомельграмадзянпраект», з 1997 гал. архітэктар. Асн. работы ў Гомелі: забудова мікрараёнаў Аэрадром (1967—70), № 35 і Крышталь па вул. Ільіча (1975, у сааўт.), № 11 (1978), № 12 (1979), № 17 (1986) у жылым раёне Валатава, комплекс інтэрнатаў з-да «Гомсельмаш» (1977—83, у сааўт.). Праектаваў таксама мікрараёны ў гарадах Рагачоў, Рэчыца, Светлагорск Гомельскай вобл.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)