БЕ́ЙКЕР ((Baker) Сэмюэл Уайт) (8.6.1821, Лондан — 30.12.1893),

англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп. ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭ́КЕТ ((Blackett) Патрык Мейнард Сцюарт) (18.11.1897, Лондан — 13.7.1974),

англійскі фізік. Чл. (з 1933) і прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва (1965—70), замежны чл. АН СССР (1966) і інш. акадэмій. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1919). У 1933—37 і 1953—65 праф. Лонданскага, у 1937—53 Манчэстэрскага ун-таў. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. Упершыню з дапамогай удасканаленай ім камеры Вільсана даказаў існаванне пратона і штучнага ператварэння хім. элементаў (1925), разам з Дж.​Акіяліні адкрыў з’яву ўтварэння электрона і пазітрона з гамакванта (1933). Нобелеўская прэмія 1948.

П.М.С.Блэкет.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СКЕЛ ((Gaskell) Элізабет) (29.9.1810, Лондан — 12.11.1865),

англійская пісьменніца. Вядомасць прынёс раман пра жыццё англ. рабочых «Мэры Бартан» (1848), рэаліст. накіраванасць якога змякчалася пропаведдзю хрысц. ўсёдаравання і надзеяй на магчымасць класавага прымірэння. У 1853 апубл. раманы «Крэнфард» і «Рут». Рэаліст. раман «Поўнач і Поўдзень» (1855) пазначаны духам кампрамісу, узмацненнем рэліг. і сентыментальных тэндэнцый. Аўтар біяграфіі сваёй сяброўкі — «Жыццё Шарлоты Бронтэ» (т. 1—2, 1857), раманаў «Паклоннікі Сільвіі» (1863), «Жонкі і дочкі» (1866, незавершаны) і інш.

Літ.:

Ремизов Б.Б. Элизабет Гаскелл. Киев. 1974.

Н.​М.​Саркісава.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЙЛ ((Dale) Генры Халет) (5.6.1875, Лондан — 22.7.1968),

англійскі фізіёлаг і фармаколаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1914). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1898). З 1914 у Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане (з 1928 дырэктар), у 1940—45 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва, у 1942—46 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі (адначасова ў 1939—59 праф. фізіялогіі Лонданскага ун-та). Навук. працы па вызначэнні механізмаў перадачы нерв. імпульсу. Даследаваў хім. прыроду перадачы нерв. імпульсу праз сінапсы і ролю ў ёй ацэтылхаліну. Нобелеўская прэмія 1936 (разам з О.Лёві).

Г.Дэйл.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУКС ((Crookes) Уільям) (17.6.1832, Лондан — 4.4.1919),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1863). Вучыўся ў Лонданскім хім. каледжы (1848—50). У 1850—59 на выкладчыцкай рабоце, з 1860 працаваў ва ўласнай лабараторыі. У 1913—15 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па фізіцы эл. разрадаў у газах і атамнай фізіцы. Метадамі спектральнага аналізу адкрыў талій (1861), даследаваў катодныя прамяні (у трубках К.). Адкрыў сцынцыляцыі, на аснове чаго стварыў прыладу для назірання α-часціц. Выказаў ідэю эвалюцыі хім. элементаў (1886), апісаў прынцып радыёсувязі (1892).

У.Крукс.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lie) Тругве Хальвдан) (16.7.1896, Осла — 30.12.1968),

нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Сакратар (1919—22), чл. праўлення (1926—46) Нарв. рабочай партыі. Міністр юстыцыі (1935—39), гандлю і суднаходства (1939—40). У перыяд ням.-фаш. акупацыі Нарвегіі (1940—45) міністр замежных спраў нарв. ўрада ў эміграцыі (Лондан). Першы ген. сакратар ААН (1946—53); падтрымаў узбр. ўмяшанне ЗША і інш. краін пад эгідай ААН у карэйскую вайну 1950—53 на баку Паўд. Карэі. У 1955—65 на адм., урадавых і дыпламат. пасадах у Нарвегіі.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ БАСЕ́ЙН,

раўніна на ПдУ Вялікабрытаніі, па ніжнім цячэнні р. Тэмза. Выш. да 100 м. З’яўляецца сінклінальным паніжэннем паміж мелавымі ўзгоркамі Чылтэрн-Хілс (выш. да 261 м) на Пн і хр. Норт-Даўнс (выш. 296 м) на Пд; запоўнена трацічнымі глінамі, пяскамі, гравіем. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. +4 °C, ліп. +18 °C, ападкаў больш за 600 мм за год. Глебы бурыя лясныя. Захаваліся рэшткі дубовых лясоў, на пясках — хвоя і верасоўнікі. Культурныя ландшафты (палі, агароды, паркі); высокая шчыльнасць насельніцтва. У Л.б. — г. Лондан.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛН ((Milne) Ален Александэр) (18.1.1882, Лондан —31.1.1956),

англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1903). Вядомасць прынеслі зб-кі вершаў і кнігі для дзяцей «Віні-Пух» (1926) і «Домік Пуха» (1928) пра лялечных звяркоў Віні-Пуха, Пятачка, Кенге і Ру. Аўтар камедый, у т. л. «Містэр Пім праходзіць міма» (1919), дэтэктыўнага рамана «Тайна чырвонага дома» (1922), кн. ўспамінаў «Зараз ужо вельмі позна» (1939) і інш. У 1984 Магілёўскі абл. т-р лялек паставіў п’есу «Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе».

Тв.:

Рус. пер. — Винни-Пух и все-все-все. Мн., 1995.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОРС ((North) Дадлі) (16.5.1641, Лондан — 31.12.1691),

англійскі купец, тэарэтык-эканаміст. У 1660—85 шэрыф у Лондане, пазней чл. камісіі па зборы мытных пошлін. У працы «Разважанні аб гандлі, пераважна аб працэнце, манетнай сістэме, скарачэнні і павелічэнні грошай» (1691) выступіў з крытыкай меркантылізму. Сцвярджаў, што багацце краіны вызначаецца не запасамі золата і серабра, а развіццём прам-сці, сельскай гаспадаркі і міжнар. гандлю, што ўзровень прыбытку залежыць ад попыту і прапановы. Выступаў за свабоду гандлю, супраць дзярж. ўмяшання ў эканам. жыццё. Лічыў капіталіст. развіццё грамадства натуральным працэсам.

т. 11, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭШ ((Nash) Джон) (1752, Лондан — 13.5.1835),

англійскі архітэктар. Працаваў у Лондане, у 1783—96 — ва Уэльсе, у 1796—1806 — у Ірландыі і Шатландыі. З 1811 асабісты архітэктар рэгента (пазней Георг IV), з 1813 гал. наглядчык будынкаў. Будаваў загарадныя і сядзібныя дамы ў духу рамантызму, у лонданскіх ансамблях прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму. Сярод твораў: забудова раёнаў Парк-Крэсент (1812—22), Оксфард-сёркус, Рыджэнт-стрыт (абодва 1812—30), Рыджэнтс-парк (1821—30), Бакінгемскі палац (1825—30) у Лондане; палац рэгента «Павільён» у Брайтане (1815—21, псеўдаінд. стыль) і інш.

т. 11, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)