эпістэмало́гія

(ад гр. episteme = веданне + -логія)

тое, што і гнасеалогія.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АСТРАЛО́ГІЯ (ад астра... + ...логія),

вучэнне, якое сімвалічнай мовай апісвае суперпазіцыю ўплыву планет і зорак на жыццё прыроды зямлі і яе жыхароў. Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Была развіта ў Стараж. Егіпце, Міжрэччы, звязана з астральнымі культамі, з яе дапамогай рабіліся прадказанні. У сярэднявеччы ўваходзіла ў лік сямі вольных навук, выкладалася ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай кафедра астралогіі была ў Кракаўскім ун-це. Сучасная астралогія мае раздзелы: генетліялогія (вывучае ўплыў планет і інш. астралагічных аб’ектаў на характар і лёс чалавека, на дзяржавы, рэгіёны, гарады), метэаралагічная (разглядае ўплыў астралагічных аб’ектаў на надвор’е), паўсядзённая (у залежнасці ад размяшчэння астралагічных аб’ектаў вызначае найб. зручныя моманты для здзяйснення штодзённых спраў чалавека). У рамках касмабіялогіі вывучаецца сувязь Зямлі і Космасу, уплыў касмічных цыклаў на здароўе чалавека, яго біярытмічную актыўнасць.

Літ.:

Саплин А.Ю. Астрологический энциклопедический словарь. М., 1994.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЭНТАЛО́ГІЯ (ад акцэнт + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае тыпы, асаблівасці і функцыі націску; сістэма моўных з’яў, звязаных з націскам. Вывучае націск у сінхранічным і дыяхранічным аспектах (гіст. і параўнальна-гіст. акцэнталогія) і з уласна фаналагічных і марфалагічных пазіцый (апісальная акцэнталогія).

Мае даўнюю традыцыю. У інд. брахманах (8—6 ст. да н.э.) і упанішадах (7—3 ст. да н.э.) сустракаецца паняцце «свара» — націск або тон. Пытанні акцэнталогіі вывучаліся ў Стараж. Грэцыі (6—4 ст. да н.э.) і Кітаі (з 5 ст. н.э.). У 19 ст. націск як самастойны аб’ект вывучэння вылучыў А.​Х.​Вастокаў; уклад у развіццё акцэнталогіі зрабілі А.​А.​Патабня, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​Мее.

Бел. акцэнталогія сфарміравалася ў 20 ст. Упершыню націск даследаваўся ў працах Я.​Ф.​Карскага. Акцэнтныя сродкі бел. мовы вывучаны ў апісальным плане [М.​В.​Бірыла, Л.​Ц.​Выгонная, Л.​М.​Вардамацкі, М.​П.​Лобан, Я.​І.​Івашуціч, Я.​Э.​Смулкова (Польшча), Э.​Станкевіч (ЗША)].

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],

раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.​Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.​Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.​А.​Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНАЛО́ГІЯ (ад лац. criminis злачынства + ...логія),

навука пра злачыннасць, яе прычыны, асобу злачынца, шляхі і сродкі папярэджання злачыннасці і перспектывы яе ліквідацыі. Даследуе злачыннасць як сац. з’яву, якая выяўляецца ў грамадска небяспечных паводзінах людзей, што супярэчаць патрабаванням крымін. закону. Вывучае звесткі пра злачыннасць у цэлым і па асобных відах і групах злачынстваў, па асобных крыміналагічных праблемах (напр., злачыннасць непаўналетніх, рэцыдыўная, групавая), а таксама прычыны злачыннасці, г.зн. тыя сац. фактары, з’явы і працэсы, якія ўплываюць на існаванне злачыннасці ў цэлым і на ўчыненне канкрэтных злачынстваў. Разглядае асобу злачынца як сукупнасць сац. і сацыяльна значных уласцівасцей, рысаў, якасцей, сувязей і адносін, што характарызуюць асоб, якія ўчыняюць розныя злачынствы, і нейкім чынам уплываюць на іх паводзіны. Важнае месца ў К. займае праблема папярэджання злачынстваў — аднаго з гал. кірункаў барацьбы са злачыннасцю ў сучасным дэмакр. грамадстве.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬМАНАЛО́ГІЯ [ад лац. pulmo (pulmonis) лёгкае + ...логія],

раздзел медыцыны, які вывучае прычыны і механізмы развіцця хвароб органаў дыхання, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. П. вывучае неспецыфічныя запаленчыя захворванні (трахеіты, бранхіты, пнеўманіі, плеўрыты і інш.), спецыфічныя (туберкулёз, сіфіліс, грыбковыя пашкоджанні і інш.), алергічныя захворванні (астма бранхіяльная і інш.), пухліны, заганы развіцця, парушэнні кровазвароту ў лёгкіх (застойныя з’явы, інфаркт лёгкага), прафес. хваробы (напр., пнеўмаканіёзы). На Беларусі праблемамі П. займаецца пульманалогіі і фтызіятрыі НДІ. Уклад у развіццё П. зрабілі В.С.Кароўкін, М.М.Ламака, С.М.Мялкіх, В.​В.​Баршчэўскі, А.​М.​Калечыц і інш.

Літ.:

Борщевский В.В., Калечиц О.М., Богомазова А.В. Эпидемиология неспецифических болезней органов дыхания, организация пульмонологической помощи населению;

общие вопросы // Современные проблемы пульмонологии: Сб. науч. работ. Мн., 1995;

Лаптева И.М., Борщевский В.В., Богомазова А.В. Состояние и пути совершенствования пульмонологической помощи населению Республики Беларусь // Мед. новости. 1998. №8.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЛЕКСАЛО́ГІЯ (ад лац. reflexus адлюстраваны + ...логія),

кірунак у псіхалогіі, які разглядаў псіхічную дзейнасць у сувязі з нервовымі працэсамі. Вытокі Р. ў прыродазнаўчанавук. тэорыі псіхічнай рэгуляцыі паводзін І.М.Сечанава, які сцвярджаў, што ўсе акты свядомых і бессвядомых псіхічных працэсаў рэфлекторныя і павінны даследавацца ў кантэксце фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці. Заснавальнік Р. У.М.Бехцераў лічыў асн. праблемай псіхалогіі паводзіны, якія разумеў як сукупнасць прыроджаных і набытых рэфлексаў, разглядаў Р. як асаблівую навуку, здольную замяніць псіхалогію. Р. атрымала развіццё ў 1900—30-я г. ў Расіі і СССР як апазіцыйны кірунак інтраспектыўнай псіхалогіі, адзіным метадам якой было назіранне. Р. выкарыстоўвала выключна аб’ектыўныя метады ў даследаванні рэфлексаў, якія працякаюць з удзелам галаўнога мозга. Р. паўплывала на педагогіку, псіхіятрыю, сацыялогію і мастацтвазнаўства. Нягледзячы на шэраг эмпірычных дасягненняў, Р. не змагла пераадолець механістычную трактоўку псіхікі, і ў 1930-я г. большасць рэфлексолагаў перагледзела ранейшыя пазіцыі.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карцынало́гія

(ад гр. karkinos = рак + -логія)

раздзел заалогіі, які вывучае ракападобных.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

колеаптэрало́гія

(ад гр. koleopteros = жук + -логія)

раздзел энтамалогіі, які вывучае жукоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыяло́гія

(ад крыя- + -логія)

навука аб уздзеянні холаду на фізічныя целы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)