І́ЧЫНСКАЯ СО́ПКА,

найвышэйшы і адзіны актыўны вулкан Сярэдзіннага хр. на Камчатцы, у Расіі. Выш. 3621 м. Складзены з андэзітавых і базальтавых лаў. Тры вяршынныя купалы ўкрыты фірнавай шапкай, ад якой спускаюцца ледавікі. На выш. 3000 м выхады гарачых газаў (фумаролы і сальфатары), на схілах — лававыя патокі. Унутры сомы (даўж. 25 км) знаходзяцца 2 злітныя конусы і экструзіўныя купалы.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙЛА́С,

хрыбет у гарах Гандысышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ паралельна Гімалаям на 300 км. Выш. да 6714 м (г. Кайлас). Складзены пераважна з гранітаў. Паўд. схіл стромкі, вельмі расчлянёны эрозіяй, паўн. — пакаты. Снегавая лінія на выш. 5700—5900 м. Ледавікі. Сухія стэпы, ландшафты халодных пустынь. На К. вытокі рэк Інд і Брахмапутра.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІ́ЗМУ ПІК,

найвышэйшая вяршыня на Паміры, у месцы адгалінавання хр. Пятра Першага ад хр. Акадэміі навук, на Пн Таджыкістана. Выш. 7495 м. На схілах — магутныя фірнавыя палі і ледавікі (Бівачны, Бяляева, Памірскае фірнавае плато) агульнай пл. 136 км². Першае ўзыходжанне ў 1933 здзейсніў сав. альпініст Я.​М.​Абалакаў. У 1933—62 наз. пік Сталіна.

Памір. Пік Камунізму.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЕ́НЧЭН-ТА́НГЛА,

хрыбет на У гор Гандзісышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Даўж. каля 600 км, выш. да 7090 м. Складзены з гранітаў, вапнякоў і пясчанікаў. Амаль суцэльны ланцуг снежных гор з адносна роўным грэбенем, перавалы вышэй за 5000 м. Скалістыя схілы, укрытыя восыпамі. На паўд. схілах горныя стэпы, на паўн. — халодныя пустыні. Высакагорныя пустыні. Ледавікі.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА ХРЫБЕ́Т.

На ўсх. ускраіне Тыбецкага нагор’я, паміж вярхоўямі рэк Янцзы і Меконг, у Кітаі. Даўж. каля 450 км. Выш. да 5999 м. Складзены пераважна з вапнякоў, сланцаў і пясчанікаў. Глыбока расчлянёны. Ледавікі, снежнікі. На ПнЗ пераважаюць горныя стэпы, на ПдУ да выш. 4000 м трапляюцца хвойныя лясы, вышэй разнатраўна-злакавыя лугі. Даследаваны і названы П.К.Казловым.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТО́ГА ІЛЬІ́ ГО́РЫ (Saint Elias Mountains),

горны вузел у сістэме Кардыльер у Паўн. Амерыцы, на мяжы Аляскі (ЗША) і Канады. Даўж. 350 км. Найб. высокія вяршыні — г. Логан (6050 м) і Св. Ільі (5488 м). Складзены пераважна з гранітаў і асадкавых парод. Вышэй за 500 м — снежнікі, фірнавыя палі, буйныя ледавікі. На ніжніх схілах — хвойныя лясы.

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́СКАР,

горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКШАА́Л-ТО́О, Какшалтау,

хрыбет на Пд Цянь-Шаня, на мяжы Кыргызстана і Кітая. Даўж. каля 400 км. Выш. да 7439 м (пік Перамогі). Складзены з гліністых сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў, прарваных гранітамі. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. 983 км²). Рэкі Сары-Джаз, Какшаал, Узенгегуш перасякаюць хрыбет у вузкіх цяснінах. На паўд. схіле стэпы, на паўн. — высакагорныя лугі і лугавыя стэпы.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТМАЙ (Katmai),

дзеючы вулкан у паўн. ч. Алеуцкага хр., на п-ве Аляска (ЗША). Выш. 2047 м. У выніку вывяржэння ў 1912 на месцы кратэра ўтварылася кальдэра з возерам дыям. 1,5 км. глыб. каля 1200 м. Апошняе вывяржэнне ў 1921. Складзены з андэзітаў, дацытаў. На паўн. схіле — ледавікі. Ніжнія ч. схілаў заняты хвойнымі лясамі, верхнія — тундравай расліннасцю. Уваходзіць у нац. парк Катмай.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НІЯ (Kenya),

патухлы вулкан у Кеніі, на У ад Усх.-Афр. рыфтавай сістэмы. Выш. 5199 м (другая па выш. пасля Кіліманджары вяршыня ў Афрыцы). Усечаны конус над лававым плато. Горныя лясы, лугі, на вяршыні — шматгадовыя снягі і ледавікі (каля 15, даўж. да 1,5 км). На выш. 1200—2000 м плантацыі кавы, сізалю, бананаў. Уваходзіць у склад нац. парку Маўнт-Кенія.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)