КУ́РШЫ,

балцкае племя, якое жыло на З сучаснай Латвіі; лацінізаваная назва — куроны, у рус. летапісах — корсь. У 7—8 ст. адбілі напады скандынаваў (вікінгаў). Да пач. 17 ст. зліліся з інш. лат. плямёнамі (земгаламі і латгаламі) у адзіную лат. народнасць. Ад К. паходзіць назва гіст. вобласці Курземе (гл. Курляндыя).

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМГА́ЛЕ, Земгалія,

гістарычная вобласць на Пд Латвіі, на левым беразе р. Даўгава. Стараж. насельніцтва земгалы. У 13 ст. захоплена ням. рыцарамі (гл. Мечаносцы) разам з ч. Лівоніі (гл. Лівонскі ордэн). З 1561 у Курляндскім герцагстве, у 1596—1617 самаст. Земгальскае герцагства, у 1795—1917 усх. ч. Курляндскай губ. Рас. імперыі.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЯН ((Vejāns) Андрыс) (сапр. Калнач Донат Геранімавіч; н. 20.4.1927, воласць Нірза, Латвія),

латышскі паэт. Засл. дз. культ. Латвіі (1965). Скончыў Рыжскі пед. ін-т (1950). Друкуецца з 1946. Аўтар зб-каў вершаў «Маладосць» (1953), «Сонца ўзнімаецца вышэй» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), «Гады і сляды» (1964), «За возерам высокія горы» (1977), «Экватар раздзяляе шлях» (1981), зб. вершаў і прозы «Белы карабель у сініх водах» (1974) і інш. У творах узнімае праблемы развіцця асобы, яе грамадз. адказнасці, узаемасувязі лёсу чалавека і народа. Паэзіі Веяна характэрны гарманічнасць пачуццяў, вобразнасць, музычнасць. Пераклаў на лат. мову зб. вершаў П.​Панчанкі, асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Танка, П.​Пестрака, Р.​Барадуліна, В.​Віткі, А.​Зарыцкага, К.​Кірэенкі, С.​Шушкевіча. На бел. мову творы Веяна пераклалі Э.​Агняцвет, Барадулін, Е.​Лось.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Ветрык, вей... Мн., 1959;

Рус. пер. — Время: Стихи. М., 1979.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЎПІ́ЛС (Daugavpils),

горад, цэнтр раёна ў Латвіі. 127 тыс. ж. (1992). Прыстань на р. Даўгава. Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў, мэблі і інш. Пед. ін-т. Краязнаўчы і маст. музеі. Тэатр.

Засн. ў 1275 рыцарамі-мечаносцамі як крэпасць Дынабург. З 1559 пад уладай ВКЛ і Польшчы. У 1569 разам з Інфлянтамі далучаны да Польшчы. У 1656 заняты рус. войскамі і перайменаваны ў Барысаглебск. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У 17 ст. дасягнуў эканам. росквіту, тут знаходзіліся рэзідэнцыя біскупа інфлянцкага і ваяводы; з 1677 сталіца інфлянцкага княства. З 1772 у складзе Расіі, з 1777 цэнтр павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1810—32 пабудавана крэпасць. З 1893 наз. Дзвінскам. З 1920 у складзе Латвіі, перайменаваны ў Д. У 1922—38 у Д. існавала Дзвінская дзярж. бел. гімназія. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням фашыстамі (1941—44).

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛНГАЙЛІС ((Melngailis) Эміліс) (15.2.1874, Ігатэ, каля г. Рыга — 20.12.1954),

латышскі кампазітар, муз. фалькларыст. Нар. арт. Латвіі (1945). Вучыўся ў Дрэздэнскай кансерваторыі (1896—97). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1901, клас М.Рымскага-Корсакава). У 1901—06 муз. крытык газ. «St.-Petersburger Zeitung» («Санкт-Пецярбургская газета»). У 1906—18 выкладаў у Ташкенце. У 1911—13 адначасова адзін з арганізатараў і гал. дырыжор Дзён песні ў Рызе. З 1920 жыў у Рызе. Адзін з арганізатараў і гал. дырыжор Лат. пеўчых свят (1926—38). З 1944 праф. Латв. кансерваторыі. У 1944—48 старшыня Саюза кампазітараў Латвіі. Майстар хар. песні. У апрацоўках лат. нар. песень стварыў самабытны хар. стыль, узбагачаны сродкамі сучаснай поліфаніі. Сабраў і апублікаваў каля 4,5 тыс. нар. мелодый (зб-кі «Матэрыялы латышскага музычнага фальклору», т. 1—3, 1951—53; «Латышскія танцы», 1949). Аўтар балета «Мая» («Ружа Турайды», 1926), сімф. паэм, інстр. твораў, хароў, рамансаў.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎЯ,

рака ў Латвіі. Даўж. 460 км. Пл. вадазбору 8900 км². Пачынаецца на Відземскім узв. Цячэ цераз шматлікія азёры, упадае ў Рыжскі зал. У раёне г. Валміера — г. Сігулда даліна глыбока ўрэзаная. Сярэдні расход вады 78 м³/с. Сплаўная. У бас. Гаўі — прыродны нац. парк Гаўя. На Гаўі гарады Стрэнчы, Валміера, Цэсіс, Сігулда.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’Я́НКА,

рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 87 км, пл. вадазбору 1000 км² (у межах Беларусі адпаведна 38 км і 800 км²). Выцякае з воз. Броджайс у Латвіі, вусце за 1 км на ПдУ ад в. Вусце. Цячэ ў межах Латгальскага ўзв. і паўн.-зах. часткі Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Сарыя, Чаўшыца, Асуніца (справа), Мальніца, Тур’я (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—350 м. Схілы ўмерана стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя ярамі. Пойма перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 150—200 м, у разводдзе затапляецца на глыб. да 1 м, у высокае разводдзе — да 1,5—2,5 м. Рэчышча звілістае і малазвілістае, неразгалінаванае, шыр. 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні, 15—25 м — у ніжнім. Берагі стромкія і абрывістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,4 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́БРЫС ((Sebris) Карліс) (н. 18.2.1914, пас. Сіноле Гулбенскага р-на, Латвія),

латышскі акцёр. Нар. арт. Латвіі (1964). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў драм. курсы пад кіраўніцгвам Э.​Зелтмаціса (1938) і паступіў у трупу Нац. т-ра Латвіі ў Рызе. Стварыў яркія вобразы, адметныя высокім майстэрствам пераўвасаблення: Сацін («На дне» М.​Горкага), Парфірый Пятровіч («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), сэр Тобі, Фальстаф («Дванаццатая ноч», «Генрых IV» У.​Шэкспіра), Філіп II («Дон Карлас» Ф.​Шылера), Кала Бруньён («Кала Бруньён» паводле Р.​Ралана), Йынь («Йынь з вострава Кіхну — дзікі капітан» Ю.​Смуула) і інш. Зняўся ў кінафільмах: «Каўгурскае паўстанне» (1941), «За лебядзінай чарадой аблокаў» (1957), «Чужая ў пасёлку» (1959), «Табага» змяняе курс» (1965), «Эдгар і Крысціна» (1966), «Слугі д’ябла» (1970), «Караль Лір», «Балада пра Берынга і яго сяброў» (абодва 1971), «Слугі д’ябла на чортавым млыне» (1972), «Напад на тайную паліцыю» (1975), «Дзюма на Каўказе» (1980), «Забытыя рэчы» (1982) і інш.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ЛАТВІ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ.

Мірны дагавор 1920, падпісаны 11 жн. ў Рызе. Сав. Расія прызнавала незалежнасць і суверэннасць Латвіі, вяртала ёй дзярж. маёмасць, вывезеную ў Расію ў 1-ю сусв. вайну, вызваляла ад адказнасці па пазыках і інш. абавязацельствах, выплачвала 4 млн. руб. золатам. Дзяржавы абавязаліся не трымаць на сваіх тэрыторыях войск, якія знаходзіліся ў стане вайны з другім бокам, варожых арг-цый і груп. Дагавор вызначаў сав.-латв. граніцу, дыпламат. і консульскія адносіны; меў вял. значэнне для прарыву блакады, арганізаванай Антантай вакол Сав. Расіі. Дагавор 1932 аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў, падпісаны 5 лют. ў Рызе тэрмінам на 3 гады. СССР і Латвія абавязаліся ўстрымлівацца ад нападаў, не ўдзельнічаць у пагадненнях, накіраваных супраць другога боку. Пратаколам ад 4.4.1934 дагавор прадоўжаны да 1945. Пакт аб узаемадапамозе 1939, падпісаны 5 кастр. ў Маскве. Сав. ўрад, маючы на ўвазе стратэг. значэнне Прыбалтыкі ў сістэме бяспекі СССР і ў сувязі з заключэннем Пакта Рыбентропа—Молатава 1939, а таксама сакрэтных пратаколаў да яго прапанаваў ураду Латвіі заключыць дагавор аб узаемадапамозе. Бакі абавязаліся не ўдзельнічаць у саюзах і кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з іх, узаемна дапамагаць, у т. л. і ў выпадку ваен. нападу ці пагрозы з боку інш. дзяржавы. Латвія дала СССР права мець на яе тэрыторыі ваен.-марскія, авіяц. і артыл. базы. Сав. войскі садзейнічалі стварэнню ўмоў для змены дзярж. ладу і ўключэння Латвіі ў склад СССР.

Літ.:

Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией, Литвой и Эстонией, авг. 1939 г. — авг. 1940 г. М., 1990.

т. 14, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НТСПІЛС (Ventspils; да 1917 афіц. назва Віндава),

горад у Латвіі. Засн. ў 1242. 52 тыс. ж. (1987). Порт на Балтыйскім м. Чыг. станцыя. Цэнтр рыбнай і дрэваапр. прам-сці. Машынабудаванне, хім. (вытв-сць мінер. угнаенняў), буд. матэрыялаў і швейная прам-сць. Музей гісторыі марскога рыбалоўства. Крыжацкі замак (13 ст.). У Вентспілсе заканчваецца нафтаправод Полацк—Вентспілс (адгалінаванне нафтамагістралі «Дружба»).

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)