лясны масіў за 30 км на З ад г. Смаленск, дзе паводле рашэння ЦКВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у крас.—маі 1940 расстраляны каля 4,4 тыс. польскіх афіцэраў. У вер.—кастр. 1939 польскія афіцэры, у т. л. з Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы (сярод іх былі ўраджэнцы Зах. Беларусі) інтэрніраваны Чырв. Арміяй у час вызвалення Зах. Беларусі і Зах. Украіны і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у г. Казельск Калужскай вобл. У сак.—крас. 1943 у Вял.Айч. вайну група ням. экспертаў выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. Сав. ўрад адхіліў абвінавачванне ў знішчэнні польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Пасля вызвалення ў вер. 1943 Смаленска спец. камісія на чале з акад. М.Н.Бурдэнкам канстатавала, што польскіх афіцэраў там расстралялі восенню 1941 немцы. У крас. 1990 урад СССР прызнаў адказнасць НКУС за гібель польскіх ваеннапалонных. У ліст. 1990 Гал.ваен. пракуратура СССР пачала следства з удзелам прадстаўнікоў Ген. пракуратуры Польшчы. У кастр. 1992 прэзідэнт Расіі перадаў прэзідэнту Польшчы дакументы, якія пацвердзілі адказнасць вышэйшых улад СССР за злачынства і яго ўтойванне. Праведзеная польскімі спецыялістамі ў 1994 эксгумацыя пацвердзіла месца пахавання расстраляных ваеннапалонных. У 1989 у К. пабудаваны мемарыял. У 1990 у Гродне на вайск. могілках устаноўлены помнік-крыж і мемар. пліта з прозвішчамі 168 жыхароў горада — польскіх афіцэраў, расстраляных у К. і інш.сав. лагерах.
Літ.:
Абаринов В.К. Катынский лабиринт М., 1991;
Кузняцоў І. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995. № 9;
Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992;
Basak A. Historia pewnej mistyfikacji: Zbrodnia Katyńska przed Trybunałem Norymberskim. Wrocław, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.Рагінскага, С.Сангіна, Б.Рыльскага, В.Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.Баранцэвіч, Ю.Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл.Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвыўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЭ́РАЎ (Пётр Міронавіч) (26.2.1918, в. Шыркі Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.10.1980),
партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1939). У 1939—41 выкладчык фізікі і матэматыкі ў Расонскай СШ Віцебскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў жн. 1941 стварыў і ўзначаліў Расонскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 камандзір партыз. атрада імя Шчорса, які дзейнічаў у Расонскім, Дрысенскім, Асвейскім р-нах БССР, у суседніх раёнах РСФСР і Латв. ССР. З сак. 1943 камісар партыз. брыгады імя К.К.Ракасоўскага Віцебскай вобл. З вер. 1943 1-ы сакратар Вілейскага падп. абкома ЛКСМБ. З ліп. 1944 1-ы сакратар Маладзечанскага абкома ЛКСМБ, з ліп. 1946 сакратар, з кастр. 1947 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З ліп. 1954 2-і сакратар Мінскага, са жн. 1955 1-ы сакратар Брэсцкага абкомаў КПБ. З крас. 1959 сакратар, са снеж. 1962 2-і сакратар, з сак. 1965 1-ы сакратар ЦККПБ. Чл.ЦККПБ з 1949; канд. у чл. Бюро ЦК з лют. 1949 да студз. 1956, чл. Бюро ЦК КЛБ з крас. 1959 да снеж. 1962 і з чэрв. 1966, чл. Прэзідыума ЦККПБ са снеж. 1962 да чэрв. 1966. Канд. у члены ЦККПСС з 1961, чл.ЦККПСС з 1964.
Канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС з крас. 1966. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—55 і з 1959, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1951—55 і з 1966. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1950—62 і з 1966, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1966. У перыяд яго дзейнасці Беларусь дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, стала адной з высокаразвітых рэспублік былога СССР. Загінуў у аўтакатастрофе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У Віцебску ўстаноўлены помнік М. Яго імем названы праспект у Мінску, вуліцы ў Глыбокім, Давыд-Гарадку, Жыткавічах, Лідзе, Дзятлаве, Краснаполлі і інш.нас. пунктах Беларусі.
Тв.:
Советская Белоруссия. М., 1980;
Избр. речи и статьи. Мн., 1982.
Літ.:
Якутов В.Д. Петр Машеров: Худож-док. повесть. Мн., 1992;
Антонович С.В. Петр Машеров: Жизнь, судьба, память...: Док. повесть. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў 16 крас. — 8 мая, якая прывяла да авалодання Берлінам, выхаду сав. войскаў на р. Эльба і завяршыла разгром ням.-фаш. армій у 2-й сусв. вайне. Да канца сак. 1945 сав. войскі разбілі найбольшыя групоўкі ням.-фаш. войск ва Усх. Прусіі, Польшчы, Усх. Памераніі, Венгрыі і выйшлі шырокім фронтам да р. Одэр (Одра) і Нейсе. Сціснутая з У, Пд і ПнЧырв. Арміяй, з З войскамі саюзнікаў, фаш. Германія мабілізавала апошнія рэсурсы, каб утрымаць абарону на Одэры і Нейсе, а калі яе прарвуць сав. войскі — здаць Берлін амерыканцам і англічанам. Вакол Берліна ням. камандаванне стварыла глыбокаэшаланіраваную абарону да 100 км у глыбіню з 3 абводамі і 9 сектарамі абароны ў горадзе. Для абароны Берліна з У былі сканцэнтраваны групы армій «Вісла» (ген.-палк. Г.Хейнрыцы) і «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Ф.Шэрнер); 85 дывізій (з іх 4 танкавыя і 10 матарызаваных), 37 асобных палкоў, 98 асобных батальёнаў і інш.; усяго 1 млн.чал. Акрамя таго, гітлераўцы сфарміравалі 200 батальёнаў апалчэнцаў, т.зв. фольксштурму, 8 дывізій рэзерву гал. камандавання. Сав. камандаванне на фронце ў 400 км ад Шчэціна да Гёрліца сканцэнтравала 19 агульнавайск., 7 танкавых і 4 паветр. арміі: 2,5 млн.чал., 41600 гармат і мінамётаў, 6250 танкаў і самаходна-артыл. установак, 7500 самалётаў. Перавага над праціўнікам складала ў людзях 2,5:1, артылерыі 4:1, танках і самаходна-артыл. устаноўках 4,1:1, авіяцыі 2,3:1. У Берлінскай аперацыі ўдзельнічалі авіяцыя Балт. флоту і Дняпроўская ваенная флатылія, 1-я і 2-я арміі Войска Польскага.
Берлінская аперацыя пачалася 16 крас. ў 5 гадзін раніцы (па маскоўскім часе). Войскі 1-га Бел. фронту наносілі гал. ўдар з Кюстрынскага плацдарма. У паласе атакі сав. пяхоты поле бою асвятлялі магутныя зенітныя пражэктары. Да канца дня прарваны 2 паласы абароны. Адначасова ў напрамку г. Котбус і Пд Берліна наступалі войскі 1-га Укр. фронту. Яны фарсіравалі рэкі Нейсе і Шпрэе. Войскі 2-га Бел. фронту вялі баі на Пн ад Берліна, у прыморскай паласе і раёне Шчэціна. Упартае супраціўленне ворага на Одэры і Нейсе было зламана, і 23 крас. войскі 1-га Бел. і 1-га Укр. франтоў уварваліся ў Берлін. 25 крас. танкавыя злучэнні ў раёне г. Кетцын замкнулі кальцо акружэння вакол Берліна, разарваўшы фронт ням.-фаш. войск на 2 групоўкі — берлінскую і франкфурт-губенскую. 26 крас.сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна. 30 крас. авалодалі асн. пунктам цэнтр. сектара абароны — рэйхстагам, над якім быў узняты чырв. сцяг. 2 мая ў 15 гадзін супраціўленне берлінскага гарнізона спынілася. Войскі 1-га Бел. і 1-га Укр. франтоў сустрэліся на Эльбе з амер. Войскамі, войскі 2-га Бел. фронту выйшлі да Вісмарскай бухты, дзе сустрэліся з англ. войскамі. 8.5.1945 у Карлсхорсце прадстаўнікі вышэйшага ням. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.
У ходзе Берлінскай аперацыі разбіта больш за 90 дывізій, узята ў палон каля 480 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка, захоплена больш за 1500 танкаў і штурмавых гармат, 4500 самалётаў і інш. тэхніка. Сав. войскі страцілі забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 350 тыс.чал. (з іх 78 291 чал. забітымі). За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час Берлінскай аперацыі, больш як 600 сав. воінам было прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 13 чалавекам гэта званне было прысвоена ў 2-і раз, 1082 тыс.чал. узнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна». 187 часцям і злучэнням, якія найб. вызначыліся ў Берлінскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Берлінскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Ў (Мікалай Сафронавіч) (крас. 1915, в. Покаць Чачэрскага р-на Гомельскай вобласці — ?),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Радавы Байкоў вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на (Гомельская вобл.): у ліку першых пераправіўся цераз Дняпро, пры ўтрыманні захопленага плацдарма паранены працягваў з групай байцоў адбіваць контратакі праціўніка, чым садзейнічаў поспеху пераправы. Прапаў без вестак 3.10.1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫБАЛЬДЗІ́ЙСКІЯ БРЫГА́ДЫ,
італьянскія партыз. атрады руху Супраціўлення ў 1943—45 у 2-ю сусв. вайну. Названы ў гонар Дж.Гарыбальдзі. Пачалі стварацца ў ліст. 1943; па стане на крас. 1945 дзейнічала 575 атрадаў. Значную ч. іх байцоў складалі камуністы. Галоўнакамандуючы — Л.Лонга. Летам і восенню 1944 Гарыбальдзійскія брыгады (каля палавіны партыз.узбр. сіл) узначальвалі наступленне партыз. арміі ў Цэнтр. і Паўн. Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУ́БА (Jubba),
рака ў Эфіопіі і Самалі. Даўж. 1600 км (разам з гал. вытокам Гэнале), пл.бас. 750 тыс.км² (разам з р. Вебі-Шэбелі). Пачынаецца на Эфіопскім нагор’і, цячэ па плато Самалі, упадае ў Індыйскі ак. Сярэдні расход вады 550 м³/с. У вільготныя сезоны (крас.—чэрв., вер.—ліст.) суднаходная ад г. Бардэрэ; у вусці — марскі порт Кісмайо (Самалі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ТМАНШЧЫНА,
1) паўафіцыйная назва Левабярэжнай Украіны (разам з г. Кіеў) у складзе Расіі ў 1667—1764. Кіравалася гетманам, карысталася пэўнай аўтаноміяй (мела ўласныя адм.-тэр. сістэму, суд, фінансы, войска). Рас. ўрад у 1722 і 1734 часова, у 1764 канчаткова скасаваў гетманскае праўленне.
2) Назва ў гіст. л-ры рэжыму «гетмана Украіны» П.П.Скарападскага ў крас.—снеж. 1918. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт.Украіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРКЕ́ВІЧ (Карл Станіслававіч) (н. 17.10.1926, г. Мазыр),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну ў партызанах, разведчык, з 1944 на фронце. Радавы К. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Германіі: 4 лютага на подступах да г. Франкфурт-на-Одэры, 26 лютага з яго ўдзелам захоплены 2 «языкі», 19—20 крас. на левым беразе Одэра падняў байцоў у атаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.
Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс.чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс.чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.