ДАНЯЛЮ́К (Аляксандр Пятровіч) (парт. псеўд. Эдмунд Стафанскі, Олек, Зянон; 30.11.1897, Варшава — люты 1937),

дзеяч Кампартыі Польшчы і КПЗБ. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Чугуеўскага рэўкома. З 1919 у Польшчы. У 1921—23 сакратар акр. к-та Дамброўскага басейна КПП, чл. ЦК Кампартыі Усх. Галіцыі, у 1923—29 канд. у чл. ЦК КПП. Удзельнік арганізац. афармлення КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПП на II (1924) канферэнцыі КПЗБ. У 1924 кааптаваны ў ЦК, чл. Сакратарыята ЦК КПЗБ. Дэлегат V (1924) кангрэса Камінтэрна. За рэв. дзейнасць тройчы арыштаваны польск. ўладамі. У 1930 у апараце Выканкома Камінтэрна. У 1931—35 у Кампартыі Румыніі: чл. ЦК і Палітбюро ЦК. З канца 1935 у СССР на гасп. рабоце. У лют. 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНЧУ́К (Аляксандр Іванавіч) (парт. псеўд. Волкаў, Віктар, Стах; 15.6.1905, г. Ляхавічы Брэсцкай вобласці — 26.11.1976),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую нелегальную партшколу КПЗБ (1934). У 1926—35 сакратар Слонімскага райкома КСМЗБ, чл. Баранавіцкага, сакратар Слонімскага, Навагрудскага акр. к-таў КПЗБ, інструктар ЦК КПЗБ. Адзін з кіраўнікоў Нарачанскіх рыбакоў выступлення 1935. Няраз быў арыштаваны, каля 7 гадоў правёў у турмах. У 1937 незаконна рэпрэсіраваны ў СССР і засуджаны на 10 гадоў. Рэабілітаваны ў 1953.

В.​П.​Ласковіч.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ-ЗІ́ЛЬБЕР (Меер Шоламавіч) (23.8.1907, г. Брэст — 7.3.1985),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1924 кіраваў «тэхнікай» (друкарняй) Брэсцкага акругкома КСМЗБ, з 1928 — «цэнтральнай тэхнікай» КПЗБ. Адзін з арганізатараў падп. друкарняў КПЗБ у Гродне, Вільні, Беластоку, Брэсце, Варшаве. У 1936 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў (вызвалены ў час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939). З 1941 на гасп. рабоце ва ўсх. абласцях СССР. Аўтар успамінаў «Цэнтральная тэхніка КПЗБ» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).

М.​П.​Клімец.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНШТЭ́ЙН (Іосіф Гдалевіч) (17.7.1904, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.2.1966),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1921—24 рабочы запалкавай ф-кі ў Пінску. Удзельнічаў у арганізацыі забастовак, узначальваў работу прафсаюзаў Пінска. З 1927 чл. Пінскага гаркома і акругкома КПЗБ, з 1931 — інструктар ЦК КПЗБ па Беластоцкай і Віленскай акр. На пач. 1934 сакратар Віленскага акругкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць не аднойчы быў арыштаваны, больш за 10 гадоў правёў у турмах. У 1944—52 на гасп. рабоце ў Пінску.

В.​П.​Ласковіч.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВІК (Сямён Андрэевіч) (парт. псеўд. Андрэй, Стары, Балюк; 16.2.1888, в. Нароўшчына Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 28.10.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1909 эміграваў у ЗША, у 1911 за рэв. дзейнасць высланы адтуль, вярнуўся ў Расію. Не раз быў арыштаваны царскімі ўладамі. У грамадз. вайну нач. аддзела забеспячэння 2-й Укр. брыгады. З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Адзін з заснавальнікаў КПЗБ, удзельнік яе 1-й канферэнцыі (кастр. 1923). У 1923—24 сакратар Брэсцкага акругкома КПЗБ. У 1924 арыштаваны польск. ўладамі, прыгавораны да 4 гадоў турмы. З 1928 у апараце ЦК КПЗБ. З 1930 у СССР, працаваў пры Прадстаўніцтве ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. У 1937 арыштаваны органамі НКУС і прыгавораны Асобай нарадай да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

В.​П.​Ласковіч.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРУ́К (Праскоўя Фёдараўна) (15.10.1899, в. Ліскі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.12.1978),

удзельніца рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну ў бежанцах у Арэхава-Зуеве. Чл. КПЗБ з 1924. У 1926—33 сакратар Гродзенскага акругкома КПЗБ, працавала ў Пінскім, Баранавіцкім, Беластоцкім, Брэсцкім, Віленскім і Кракаўскім акругкомах КПЗБ (парт. псеўд. Маруся, Надзя, Вера, Галубок і інш.). У 1925—26 вучылася ў школе парт. работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску, у 1929—31 — у Камуніст. ун-це нац. меншасцей імя Ю.​Ю.​Мархлеўскага ў Маскве. У 1933 арыштавана польск. ўладамі і асуджана на 10 гадоў турмы. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У 1939—41 і 1945—55 на сав. рабоце ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл.

М.​П.​Клімец.

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНКО́ВА (Софія Сяргееўна) (27.9.1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 13.11.1942),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыла Маск. пед. ін-т (1926). З канца 1926 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: заг. аддзелаў Беластоцкага, Брэсцкага акр., Пінскага гар. к-таў КПЗБ. Дэлегат I з’езда КПЗБ (1928). За рэв. дзейнасць 22.10.1928 арыштавана польскімі ўладамі і зняволена. Пасля вызвалення з канца 1931 у Мінску. Працавала ў Ін-це гісторыі партыі і рэв. руху, Мінскай шкале КПЗБ. З канца 1934 сакратар Навагрудскага, Беластоцкага, Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. 30.7.1935 зноў арыштавана, прыгаворана да 12 гадоў турмы. У 1939—41 старшыня Беластоцкага гаркома МОПРа. У Вял. Айч. вайну ўвосень 1942 перакінута ў акупіраваны Віцебск, з В.З.Харужай арганізоўвала работу патрыят. падполля. 13.11.1942 арыштавана. Закатавана ням. фашыстамі.

В.​П.​Ласковіч.

С.С.Панкова.

т. 12, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРУ́К (Аляксей Данілавіч) (24.4.1907, в. Сцяброва Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.8.1942),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. Вучыўся ў школе парт. работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску (1932—33). З 1926 сакратар Жабінкаўскага падп. райкома, інспектар ЦК КПЗБ па Пінскім акр. к-це КПЗБ. Двойчы (1927, 1934) быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены ў турму. З 1939 у БССР, працаваў у міліцыі. У Вял. Айч. вайну партызан атрада імя М.​М.​Чарнака партыз. брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобл. Загінуў пры выкананні баявога задання.

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАЛЬШАВІ́К»,

тэарэтычны і паліт. орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся нелегальна са снеж. 1924 да 1936 у Вільні, пазней у Мінску на бел. (асобныя матэрыялы на рус.) мове. Нумары 1—40 выйшлі як газета, з нумара 41-га — часопіс (выйшла 50 нумароў). Змяшчаў артыкулы па тэорыі і практыцы камуніст. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі, рабоце секцый Камінтэрна ў краінах Зах. Еўропы, пастановы пленумаў ЦК КПЗБ, матэрыялы канферэнцый і з’ездаў КПЗБ, хроніку парт. работы. Пісаў пра паліт і эканам. становішча ў СССР і БССР. Адыгрываў актыўную ролю ў кіраўніцтве рэв. і нац.-вызв. рухам працоўных Зах. Беларусі. Друкаваў і сектанцкія матэрыялы, асабліва ў 1930-я г.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́ЎСКІ (Арсен Уладзіміравіч) (парт. псеўд. В.Камінскі, Уладак; 5.9.1901, Вільня — 31.8.1931),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Брат І.У.Канчэўскага. У 1919 у Наркамаце асветы Літ.-Бел. ССР, Віленскім губхарчкоме. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. З 1923 чл. ЦК КПЗБ. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 4 гады турмы. На I з’ездзе КПЗБ (1928) завочна выбраны канд. у чл. ЦК, пасля вызвалення з турмы (ліст. 1928) кааптаваны ў чл. ЦК, з кастр. 1929 чл. Бюро ЦК КПЗБ. Накіроўваў дзейнасць арг-цый «Змагання», Гал. управы Таварыства беларускай школы і іх легальных выданняў. Трагічна загінуў у Чорным моры.

А.У.Канчэўскі.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)