князь Маскоўскага вялікага княства (да 1283—1303). Родапачынальнік маск. князёў. Сын Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Аляксандры Брачыслаўны. З 1280-х г. удзельнічаў у барацьбе за права княжыць ва Уладзіміры і Ноўгарадзе. У 1300 далучыў да сваіх уладанняў Каломну і шэраг валасцей, у 1302 — Пераяслаў-Залескі, што дало пачатак росту тэр. Маск. княства. Пасля смерці кананізаваны, перапахаваны ў заснаваным ім каля 1298—99 Данілавым манастыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ СКАРБ.
Знойдзены ў г.п.Глуск у 1960 у збане з чырв. медзі. Ухаваны ў канцы 1750-х г. Вядома 760 сярэбраных і білонных манет 1587—1733 Рэчы Паспалітай, 1640—1786 Прусіі, 1611—54 Шведскай Прыбалтыкі. Асаблівую цікавасць маюць літ. шастак, выпушчаны ў 1706 Гродзенскім манетным дваром, і польскі шастак 1678(?) з кантрамаркай у выглядзе вензеля аднаго з князёў Патоцкіх. Часткова скарб захоўваецца ў Магілёўскім абл. краязнаўчым і Бабруйскім краязнаўчым музеях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНДО́ЎГ (Мендог; 11957—1263),
заснавальнік і першы вял. князь Вялікага княства Літоўскага. Упершыню ўпамінаецца ў 1219 разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод «старшых князёў» Літвы, якія падпісалі дагавор з Уладзіміра-Валынскім княствам. Да сярэдзіны 1230-х г. М. дасягнуў аднаасобнай улады ў Літве або значнай яе частцы. Ў 1236 «Литва Мендога» знаходзілася ў саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам. Далучыў да сваіх уладанняў Новагародскую (Навагрудскую) зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны М. з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе (17 ст.) паведамляецца пра хрышчэнне М. ў праваслаўе ў 1246, аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1249 М. захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі кн. Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэту небяспечную кааліцыю, М. пайшоў на прамыя зносіны з Рымам, у канцы 1250 або пач. 1251 прыняў каталіцтва, а ў 1252 (паводле інш. звестак 1253) каранаваўся ў Навагрудку каралеўскай каронай, якую прыслаў рымскі папа Інакенцій IV. Гэта дазволіла М. выйсці з вайны з мінімальнымі стратамі, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак (на ўмовах васальнай залежнасці ад М.). Каля 1254 М. выдаў сваю дачку замуж за Шварна, другога сына Данілы. Каля 1257 супраць Літвы быў арганізаваны паход мангола-татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак М. здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Навагрудскай зямлёй. У 1261 ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, нальшчанскага Даўмонта. У выніку М. быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),
князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн.Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус.князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛАРЫЁН, Ларыён (? — ?),
старажытнарускі царкоўны дзеяч, філосаф і пісьменнік, заснавальнік Кіева-Пячэрскай лаўры (1051), першы мітрапаліт кіеўскі з мясц. духавенства (1051—54 ці 1055). Аўтар публіцыстычнага твора Стараж. Русі — «Слова пра закон і дар божы» (паміж 1037 і 1050), дзе развіваецца думка пра роўнасць народаў, якія вызнаюць хрысціянства, высока ацэньваюцца справы князёў, якія праславілі Русь у інш. краінах. У «Слове» выказаны таксама ідэі вял. кіеўскага кн.Яраслава Мудрага аб царк. незалежнасці Кіеўскай дзяржавы ад Візантыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІЯ,
княжацкія татарскія роды ў ВКЛ. Прозвішча ад назвы маёнтка Карыца ў Навагрудскім ваяв. На пач. 16 ст. маёнтак належаў сям’і князёў Уланаў-Асанчуковічаў. У 17 ст. адна галіна Уланаў насіла прозвішча К. З гэтай сям’і паходзіў кн. Ахмет Шчэнснавіч Улан-К., уладальнік часткі Карыцы, ротмістр казацкай харугвы войск ВКЛ. Магчыма, галіной гэтага роду з’яўляецца сям’я князёў К., якая на пач. 17 ст. перасялілася ва ўладанні Радзівілаў і на працягу некалькіх пакаленняў узначальвала татар, якія жылі на землях Клецкай ардынацыі. Яе родапачынальнік кн. Януш К. быў ротмістрам татарскай харугвы Клецкай ардынацыі, гэтую ж пасаду займалі яго нашчадкі. Да 20 ст. прадстаўнікі роду былі дробнымі землеўладальнікамі ў Ардзе, Асмолаве, Іванаве. Яшчэ адзін род меў тытул мурза (у 19 ст. ператварыўся ў радавую мянушку) і паходзіў ад палкоўніка татарскай харугвы Самуэля К. Паводле каралеўскіх прывілеяў за К. і яго нашчадкамі захоўвалася спадчыннае камандаванне харугвай татар, якія атрымалі зямлю ў тых жа сёлах і былі абавязаны служыць асабіста каралю. Існаваў аднайменны каталіцкі шляхецкі род у Падляшскім ваяв., які паходзіў з Кароны Польскай і быў вядомы з 16 ст., а таксама К., што паходзілі з Мазавецкага ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст.бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ.князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.Бычковым у 1893.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКІХ ЦЭ́ХАЎ,
«Akty cechów Wileńskich», зборнік дакументаў па гісторыі прафесійна-вытв. карпарацый у Вільні ў 1495—1700. Выдадзены ў Вільні ў 1939. Складальнік Г.Лаўмянскі. Змешчана 487 актаў (у т. л. прывілеі вял.князёў, выпіскі з соймавых пастаноў, судовыя рашэнні), звязаных з дзейнасцю віленскіх цэхаў, рамесных і мядовых «брацтваў», розных прафес. карпарацый — лекараў, купцоў, чл. віленскага магістрата і інш. Дакументы на лац., старабел., польск. мовах. Яны сведчаць, што многія цэхі Вільні аб’ядноўвалі бел.правасл. рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н РАГВАЛО́ДАВІЧ (Барысавіч),
безудзельны (?) князь з полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст., сын полацкага кн.Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1129. Адзін з 6 полацкіх князёў, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч за адмову ад сумеснага паходу супраць полаўцаў адправіў у ссылку ў Канстанцінопаль. Паводле В.М.Тацішчава, на службе ў візантыйскага імператара Іаана полацкія князі атрымлівалі плату і мужна ваявалі з арабамі. У 1140 І.Р., верагодна, вярнуўся на радзіму разам з братам Рагвалодам (Васілём).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЖАЦКІЯ З’Е́ЗДЫў Кіеўскай Русі,
нарады князёў з дынастыі Рурыкавічаў, на якіх вырашаліся важныя паліт., ваен. і рэліг. пытанні. З летапісных крыніц найб. вядомыя: Вышгарадскі К.з. 1072 (разглядаў пытанні аб перанясенні мошчаў св. Барыса і Глеба ў новую царкву, прыняцці «Праўды Яраславічаў» — новай рэдакцыі «Рускай праўды»), Любецкі з’езд 1097, Віцічаўскі К.з. 1100 (пра заключэнне міру паміж князямі Святаполкам Ізяславічам, Уладзімірам Манамахам, Алегам Святаславічам і інш. і саюз супраць полаўцаў), Долабскі К.з. 1103 (пра арганізацыю паходу супраць полаўцаў).