НАВАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Засн. ў 1624 віленскім ваяводам К.​Хадкевічам, які даў дамініканцам дом, пляц, пабудаваў драўляны касцёл св. Яцака (згарэў у 2-й пал. 17 ст.). Каля 1724 на яго месцы пабудаваны новы, мураваны касцёл (у аб’ём усх. нефа ўключана частка драўлянага касцёла, захаваны дэкор інтэр’ера). Пашкоджаны ў час пажараў 1751 і 1831. У 1829 побач з касцёлам узведзена 2-ярусная мураваная званіца (не захавалася). Існавалі таксама П-падобны ў плане будынак кляштара і гасп. пабудовы. Комплекс быў абнесены мураванай агароджай. У 1794—1834 пры кляштары дзейнічала дамініканская школа. У 1853 кляштар скасаваны. У 1850-я г. ў выніку перабудовы касцёл набыў элементы класіцызму.

Трохнефавая базіліка з плоскім гал. фасадам, вузкім нартэксам і паўцыркульнай апсідай, да якой з паўн. боку далучана сакрысція. Гал. фасад падзелены развітым карнізам на 2 ярусы і завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай над ім. Тарцы дахаў бакавых нефаў закрыты ступеньчатымі атыкамі. Сцены аздоблены пілястрамі. Аконныя праёмы з лучковымі і арачнымі завяршэннямі. Надмагільныя пліты-эпітафіі 18 ст. са сцен пакладзены ў падлогу. У 1898 у касцёле нелегальна ўстаноўлена мемар. дошка ў гонар А.Міцкевіча. Будынкі кляштара і школы не захаваліся.

Т.​В.​Габрусь, С.​П.​Адамовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў. Інтэр’ер касцёла.

т. 11, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СКАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР МІСІЯНЕ́РАЎ помнік архітэктуры позняга барока ў в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Першы драўляны касцёл засн. ў 1527 па фундацыі Мацея Клочкі, у 1751 Ян Быхавец перадаў яго місіянерам. У 1763—85 узведзены мураваны касцёл, у 1818 перабудавана вежа. У 1866 пераабсталяваны пад правасл. царкву. У 1881 ён абгарэў, у 1883—84 пад наглядам арх. П.​Залатарова праводзіліся работы па яго аднаўленні. Касцёл — мураваны 1-нефавы, 1-вежавы крыжападобны ў плане будынак з 2 сакрысціямі абапал апсіды. Яго дамінанта — шмат’ярусная вежа. Развіты гарыз. пояс падзяляе аб’ёмы (акрамя апсіды) на 2 часткі, больш нізкая трактавана як цокаль. Аконныя праёмы лучковыя. Інтэр’ер касцёла аформлены пілястрамі і калонамі іанічнага і кампазітнага ордэраў, размаляваны пад мармур. У 2-й пал. 18 ст. перад касцёлам (па адзінай восі) узведзены 2-павярховы сіметрычны ў плане П-падобны мураваны будынак кляштара. Гал. фасад яго вылучаны рызалітам. Сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі.

Т.​В.​Габрусь.

Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. Вежа касцёла.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), займаў яго паўд.-зах. бок і большую частку вул. Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай ( цяпер Камсамольская). Рэзідэнцыя езуітаў існавала у Мінску з сярэдзіны 17 ст. (з 1714 мела ранг калегіума). Комплекс уключаў касцёл, калегіум, школу і гасп. пабудовы. Засн. ў 1654 па фундацыі смаленскага біскупа Г.​Сангушкі, які падараваў палац у стылі рэнесансу, побач з ім у 2-й пал. 17 ст. пабудаваны невял. мураваны касцёл. Да канца 17 ст. ўзведзены 2-павярховы будынак школы, у пач. 18 ст. — касцёл. У 1733—50 калегіум, на яго вежы быў гар. гадзіннік. У глыбіні квартала размяшчаліся гасп. пабудовы. Цэнтр. месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і св. Барбары (пасля 1798 Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 у стылі барока. 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф, накрыты 2-схільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, над якой тарэц даху закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды ў бакавых нефах размешчаны 2 капліцы: св. Тройцы і св. Феліцыяны (фундатар апошняй К.​Завіша; 1722), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. 2-вежавы гал. фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж 2-яруснымі вежамі (пабудаваны ў 1731), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэна і завершанымі невял. купаламі. Сярэдняя частка фасада падзелена на 2 ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчана фігурным франтонам з сігнатуркай. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны шырокімі плоскімі пілястрамі, аконнымі праёмамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), паліхромны манум. жывапіс (маст. К.​Анташэўскі). Рэканструкцыя касцёла праведзена ў 1798—1800 (арх. Ф.​Крамер), інтэр’ера — у 1850-я г. (арх. К.​Хршчановіч), у 1951 перапланаваны і перабудаваны гал. фасад (арх. М.​Драздоў). У 1993 касцёл адноўлены як архікафедральны найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—97 рэстаўрыраваны фасады і часткова інтэр’еры.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар езуітаў. 1999.

т. 10, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в. Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.​Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.

В.​Р.​Кукуня.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

convent [ˈkɒnvənt] n. манасты́р, кля́штар (жаночы)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

монасты́рь манасты́р, -ра́ м.; (католический) кля́штар, -ра м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

friary [ˈfraɪəri] n. мужчы́нскі кля́штар; каталі́цкі манасты́р

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

monastery [ˈmɒnəstri] n. манасты́р (мужчынскі); кля́штар (каталіцкі)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

cloister [ˈklɔɪstə] n.

1. кры́тая арка́да

2. манасты́р, кля́штар

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Abti f -, -en аба́цтва, кляшта́р

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)