Самалійская Дэмакратычная Рэспубліка (Jamhuuriyadda Dimoqraadiga ee Soomaaliya), дзяржава на У Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Джыбуці, на З з Эфіопіяй, на ПдЗ з Кеніяй. На Пн абмываецца Адэнскім зал., на У — Індыйскім акіянам. Пл. 627,7 тыс.км². Нас. 9,7 млн.чал. (2000). Дзярж. мовы — самалійская і арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Магадыша. Краіна падзяляецца на 18 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Канстытуцыя 1960 ва ўмовах грамадз. вайны не выконваецца. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. орган — аднапалатны Нар. сход.
Прырода. Краіна займае большую ч. п-ва Самалі. У рэльефе пераважаюць ступеньчатыя плато (выш. 500—1500 м). На Пн асобныя горныя масівы, дзе ў масіве Суруд знаходзіцца г. Шымбірыс (2416 м). Карысныя выкапні: жал., уранавыя, ванадыевыя, тытанавыя, ніобіевыя, алавяныя руды, прыродны газ, соль і інш. Клімат субэкватарыяльны, сухі, на Пн трапічны. Сярэдняя т-ра ўсіх месяцаў 25—32 °C. Ападкаў ад 40 да 500 мм за год, выпадаюць пераважна ў крас.—чэрв., кастр.—снежні. Бываюць шматгадовыя засухі. Рэкі — часовыя вадацёкі (акрамя Джубы і Уэбі-Шабеле). Больш за 90% тэр. — пустыня і паўпустыня з рэдкімі травамі і калючымі хмызнякамі; у аазісах фінікавыя пальмы. Ёсць участкі саваннаў, па берагах рэк — галерэйныя лясы. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — антылопы, зебры, буйвалы, жырафы; паўсюдна — грызуны, змеі, яшчаркі і інш. Рэзерваты — Уэбі-Шабеле, Страусавы і інш.
Насельніцтва. С. — этнічна аднародная краіна, самалійцы складаюць 98—99%, падзяляюцца на плямёны. Жывуць невял. групы суахілі, арабаў, італьянцаў, англічан. Сярэднегадавы прырост больш за 4% за год. Сярэдняя шчыльн. 15,5 чал. на 1 км², на Пд месцамі да 50 чал. на 1 км², на Пн у пустынях і паўпустынях — 1—2 чал. на 1 км². Каля 70% насельніцтва — качэўнікі і паўкачэўнікі. У гарадах 26% насельніцтва, найб. Магадыша (больш за 700 тыс.ж. з прыгарадамі, 2000), Кісмайо, Харгейса, Бербера, Марка. У сельскай гаспадарцы (пераважна пашавая жывёлагадоўля) заняты 71% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 29%. У сувязі з грамадз. вайной каля 1 млн.чал. сталі бежанцамі, жывуць у лагерах, часткова на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. з часоў палеаліту. З 7 ст.н.э. С. ў зоне ўплыву араба-мусульм. цывілізацыі, паступова тут пашыраўся іслам. На ўзбярэжжы ўзніклі буйныя гарады Барбара (Бербера), Магадыша, Бараўэ (Брава), Марка і інш.Унутр. раёны насялялі шматлікія плямёны самалі, якія не мелі ўстойлівых дзярж. утварэнняў. З канца 15 ст. ў С. пранікалі партугальцы, якія падпарадкавалі прыбярэжныя гарады. У 17 ст. іх выгналі туркі, якія сталі кантраляваць гарады на Пн С ; Пд С. ўвайшоў у сферу ўплыву Амана. У выніку калан. экспансіі ў канцы 19 ст.тэр. рассялення самалійскіх плямён падзелена на некалькі частак: паўн. раёны адышлі да Вялікабрытаніі як пратэктарат Самалілэнд, паўд. і ўсх. — да Італіі як Італьян. С., зах. раёны (Агадэн) — да Эфіопіі. У 2-ю сусв. вайну Італьян. С. ў 1941 занята брыт. войскамі. У 1949 ААН перадала б.Італьян. С. пад апеку Італіі на 10 гадоў. 21.6.1960 абвешчана незалежнасць Самалілэнда, 1.7.1960 — Італьян. С.; у той жа дзень абое С. аб’яднаны ў адзіную Самалійскую Рэспубліку. Унутр. становішча дзяржавы было нестабільнае. Пасля забойства першага прэзідэнта А.А.Шэрмарка (1969) уладу захапілі ваенныя на чале з ген. М.С.Барэ, які ўзначаліў Вярх.рэв. савет; была абвешчана Самалійская Дэмакр. Рэспубліка. Урад Барэ абвясціў курс на пабудову сацыялізму: нацыяналізаваны банкі, буйныя прадпрыемствы, праведзены інш. захады сацыяліст. характару, наладжаны цесныя сувязі з СССР. Адзінай дазволенай партыяй стала створаная ў 1976 Самалійская рэв.сацыяліст. партыя на чале з Барэ. Вайна 1977—78 з Эфіопіяй за прав. Агадэн, у якой СССР падтрымаў Эфіопію, прывяла да разрыву з СССР і пераарыентацыі С. на ЗША.
Пагаршэнне эканам. становішча С. разам з абвастрэннем міжплемянных супярэчнасцей прывяло ў канцы 1980-х г. да ўзбр. выступленняў супраць рэжыму Барэ, які ў 1991 быў вымушаны пакінуць краіну. С. стала арэнай барацьбы ўзбр. груповак (Самалійскі нац. альянс, Самалійскі альянс выратавання і інш.) за ўладу. Некат. раёны (у прыватнасці, б. Самалілэнд) абвясцілі сябе незалежнымі дзяржавамі. У 1992—95 узбр. сілы ЗША і іх саюзнікаў па НАТО правялі ў С. пад эгідай ААН 2 спец. аперацыі з мэтай выратавання насельніцтва ад голаду і пошуку шляхоў унутрыпаліт. ўрэгулявання, якія мелі частковы поспех. У 2000 у Джыбуці праведзена канферэнцыя асн.паліт. сіл С., на якой створаны часовы парламент краіны; часовым прэзідэнтам С. выбраны А.С.Хасан. Аднак іх улада прызнаецца толькі на ч.тэр. краіны, аднаўленне дзярж. адзінства застаецца актуальным пытаннем. С. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. С. — адсталая аграрная краіна са слабаразвітой эканомікай. Шматгадовая грамадз. вайна выклікала заняпад гаспадаркі, памяншэнне пагалоўя жывёлы, скарачэнне пасяўных плошчаў і колькасці прадпрыемстваў, інфраструктура амаль цалкам разбурана. Штогадовы даход на 1 чал. каля 600 дол. (1999). Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць каля 60% прыбыткаў краіны, прам-сць — каля 11%, сфера паслуг — 29%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля. Пад пашай каля 400 тыс.км² — тэр. паўпустынь і саваннаў. У краіне каля 3—5 млн. вярблюдаў, 5 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 13 млн. авечак, 12 млн. коз. Птушкагадоўля. Пад пасевамі с.-г. культур каля 1,2 млн.га, з іх 180 тыс.га арашаецца. Земляробчыя гаспадаркі памерам да 3 га, на арашальных землях — да 1 га; ёсць плантацыі экспартных культур. Асн. земляробчы раён на Пд, у далінах і міжрэччы рэк Джуба і Уэбі-Шабеле. Асн. культуры (збор у пач. 1990-х г.): сорга і проса (каля 240 тыс.т), кукуруза (каля 255 тыс.т), цукр. трыснёг (каля 310 тыс.т), рыс (каля 13 тыс.т), бананы (каля 125 тыс.т), бавоўнік, маніёк, батат, арахіс, кунжут, бабовыя. Трапічнае арашальнае садоўніцтва, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў. Рыбалоўства ў прыбярэжных водах (каля 15 тыс.т штогод). Каля 65% сусв. збору араматычных смол (камедзі, міры, ладану) з дзікарослых раслін. Паляўніцтва. Прам-сць развіта слаба. Есць каля 200 прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці, каля палавіны іх знаходзіцца ў Магадыша — нафтаперапр.з-д, харч., гарбарна-абутковыя, метала- і дрэваапр., суднабуд. і суднарамонтныя. Працуюць: цукр.з-д, мясакамбінаты, рыбакансервавыя і малочныя з-ды, тэкст., абутковыя і бавоўнаачышчальныя ф-кі. На Пн здабыча ніобіевых руд і кухоннай солі. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць (цэнтр — г. Кісмайо): ткацтва, разьба па дрэве, кераміка, пляценне, выраб скур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 258 млн.кВт∙гадз (1996) на невял. цеплавых электрастанцыях. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі, ва ўнутр. раёнах — уючны. Даўж. аўтадарог 22,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 2,6 тыс.км. Гал. парты Бербера, Кісмайо і Магадыша. У краіне 61 аэрапорт, у т. л. 7 з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. У 1995 экспарт склаў 123 млн. дал., імпарт — 60 млн.дол. У экспарце пераважаюць жывёла і прадукты жывёлагадоўлі (каля 88%), бананы (8%), рыба і рыбапрадукты; у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, нафта і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Саудаўская Аравія, Йемен, Італія, Кенія, Джыбуці. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі, Італіі і інш.). Грашовая адзінка — самалійскі шылінг.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантралявацьмясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв.Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.