КІРАСІ́РЫ (ням. Kürassier ад франц. cuirassier латнік),

воіны цяжкай кавалерыі армій еўрап. краін канца 16 — пач. 20 ст. (у Расіі ў 1731—1917), якія мелі ў якасці засцерагальнага ўзбраення кірасу (адсюль назва) і каску, былі ўзброены палашом, карабінам і пісталетам. Прызначаліся для нанясення ў баі вырашальнага ўдару, атакавалі звычайна ў самкнутым баявым парадку. У шэрагу выпадкаў складалі адборны кав. рэзерв.

Да арт. Кірасіры. 1. Радавы кірасірскага палка. 1732—42. 2. Обер-афіцэр Ваеннага ордэна кірасірскага палка. 1813—14. 3. Радавы Маларасійскага кірасірскага палка. 1844—45. 4. Радавы лейб-кірасірскага пскоўскага палка. 1856. 5. Обер-афіцэр лейб-гвардыі коннага палка. 1910.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПЧЫЦКІ БОЙ 1794.

бой паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбыўся 17.9.1794 каля в. Крупчыцы Кобрынскага пав. (цяпер Жабінкаўскі р-н). З абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс. чал. Паўстанцы пад камандаваннем К.​Серакоўскага дзякуючы выгаднай стратэгічнай пазіцыі з дапамогай артылерыі (28 гармат) паспяхова стрымлівалі атакі кавалерыі і пяхоты праціўніка. Аднак пасля абходнага манеўра А.​В.​Суворава і вываду ім часткі войска цераз р. Трасцяніца ў фланг абароны паўстанцаў апошнія пачалі адыходзіць у напрамку Брэста. У час бою абодва бакі страцілі каля 300 чал. забітымі і параненымі. 19 вер. каля в. Цярэспаль Брэсцкага пав. рас. войскі разбілі паўстанцаў.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТА (польск. rota ад ням. Rotte натоўп, атрад),

асноўнае тактычнае падраздзяленне ва ўзбр. сілах большасці дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Р. бываюць стралк. (мотастралк.), пяхотныя (мотапяхотныя), танк., сапёрныя, аўтамаб., марской пяхоты, штабныя і інш. Можа ўваходзіць у склад батальёна або быць асобнай (напр., радыётэхн. Р. ў складзе палка). У сухап. войсках Р. складаецца з упраўлення і некалькіх узводаў; мае на ўзбраенні аўтам. стралк. зброю, гранатамёты, зенітныя сродкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і інш.

Упершыню Р. створаны ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў наёмных арміях зах.-еўрап. дзяржаў (гл. Наёмніцтва). У 17—18 ст. у кавалерыі Р. заменена эскадронам, у артылерыі ў 19 ст. — батарэяй.

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тача́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Лёгкая рысорная павозка з адкрытым кузавам для запрэжкі пары коней. Туравец адчуваў .. плячо [Марыі Андрэеўны], якое ад пакалыхвання тачанкі то прыпадала лёгка да яго, то аддалялася. Мележ. // Павозка такога тыпу, забяспечаная кулямётам (у кавалерыі перыяду грамадзянскай вайны). Во спачатку йдзе пяхота, За ёй конніца і танкі, На машынах едуць роты, А там — быстрыя тачанкі. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́н

(польск. ułan, ад тур. ohlan = хлопец, слуга)

салдат лёгкай кавалерыі ў арміях Польшчы (18 — пач. 20 ст.), Расіі (1803—1917) і некаторых іншых еўрапейскіх краін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус. ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНАДЗЁРЫ (франц. grenadiers ад grenade граната),

від пяхоты і кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 17—20 ст. З’явіліся ў Францыі ў Трыццацігадовую вайну 1618—48, пазней — у Прусіі, Расіі (існавалі ў 1694—1917), Вялікабрытаніі (з 1697) і інш. У баі спалучалі ружэйную стральбу з кіданнем ручных гранат; конныя грэнадзёры ў конным страі дзейнічалі, як драгуны, у пешым — як гранатамётчыкі. З сярэдзіны 18 ст. — салдаты адборных гвардз. і інш. часцей і падраздзяленняў (напр., грэнадзёрская рота палка пешай гвардыі ВКЛ). У цяперашні час грэнадзёры захаваліся ў каралеўскай гвардыі сухап. войск Вялікабрытаніі (1-ы і 2-і Грэнадзёрскія батальёны) і, як назва мотапяхоты, у арміі ФРГ («панцэр-грэнадзёр»).

Грэнадзёр пешай гвардыі Вялікага княства Літоўскага. 1792.

т. 5, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (Дзяніс Васілевіч) (27.7.1784, Масква — 4.5.1839),

герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).

Тв.:

Военные записки. М., 1982;

Избранное. М., 1984;

Стихотворения. Л., 1984.

Літ.:

Серебряков Г. Денис Давыдов. М., 1985.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБЕ́РТ (Карл Восіпавіч) (Lambert Marie Charles; 1771 або 1772, Францыя — 11.6.1843),

расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1823). Ваен. службу пачаў у франц. каралеўскай арміі. У час Франц. рэвалюцыі (1789—94) эмігрыраваў у Расію. Удзельнік задушэння паўстання 1794, перс. (1796) і швейц. (1799) паходаў, руска-пруска-франц. вайны 1806—07. Напярэдадні і ў час вайны 1812 камандзір кав. корпуса ў 3-й арміі; 25 ліп. авалодаў Брэстам, 27 ліп. разбіў саксонцаў у Кобрынскім баі 1812, удзельнічаў у Гарадзечанскай бітве 1812; восенню 1812 выбіў праціўніка з Нясвіжа, Навасвержаня, Мінска; пры штурме Барысава цяжка паранены. У сак. 1814 удзельнічаў у бітве пад Парыжам. Пасля вайны на камандных пасадах, сенатар (1826).

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),

военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.​Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.​П.​Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)