ДЗІДРО́ (Diderot) Дэні (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМАРФІ́ЗМ (ад полі... + морфа) у біялогіі, наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл двух (дымарфізм) ці больш вельмі непадобных груп асобін. Уключае адрозненні ў знешнім выглядзе асобін з адной ці розных папуляцый. Характэрны для многіх відаў флоры і фауны, у т. л. на Беларусі.
Унутры папуляцый адрозніваюць некалькі тыпаў П. Узроставы П. звязаны з чаргаваннем пакаленняў (напр., у ржаўных грыбоў, прахадных рыб, насякомых, якія развіваюцца з метамарфозам). Палавы П. звязаны з неаднолькавай марфалогіяй і экалогіяй асобін рознага полу (у насякомых, птушак, млекакормячых). Функцыянальны П. адлюстроўвае ўзроставыя палавыя адрозненні і найб. выразны ў жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам (напр., маляўкі рыб, лічынкі земнаводных і насякомых, функцыянальна нераўнацэнныя дарослым). Фазавы П. абумоўлены шчыльнасцю папуляцый, якая выклікае т.зв. фазавую зменлівасць (напр., у асобін адзіночнай і статкавай фаз у саранчовых). Генетычны П. звязаны з вар’іраваным уздзеяннем натуральнага адбору ў розных умовах, і з павышанай адноснай жыццяздольнасцю геннай структуры арганізма. Розныя тыпы ўнутрыпапуляцыйнага П. могуць быць узаемазвязаныя і сумяшчальныя ў часе. П. ускладняе і робіць больш разнастайнымі сувязі арганізма з асяроддзем, стварае аснову для відаўтварэння шляхам дывергенцыі ў працэсе эвалюцыі.
Полімарфізм у біялогіі: 1 — у розных папуляцыях хвой (хвоі, якія раслі ў розных умовах: а — у лесе, б — на адкрытым месцы, в — на балоце); у межах адной папуляцыі: 2 — генетычны (спадчынныя формы мухі дразафілы: а — самец, б — самка, в, г, д, е — розныя формы патомства); 3 — палавы (мурашка рыжая лясная: а — самка, б — самец, в — рабочая асобіна).
клас вышэйшых грыбоў. Сістэматыка Н.г. заснавана на знешнім падабенстве (напр., на будове канідыяльных споранашэнняў), таму клас філагенетычна разнародны. 3 парадкі: гіфаміцэтальныя, меланканіяльныя, сферапсідальныя міцэліі. Каля 15 тыс. відаў. На Беларусі вял. колькасць відаў з родаў: альтэрнарыя, аскахіта, аспергіл, гельмінтаспорый, калетатрыхум, манілія, мікасферэла, пеніцыл, септорыя, фома, ботрытыс, вентурыя, сферопсіс, цытаспора і інш. Трапляюцца ў глебе, вадзе, на драўніне.
Вегетатыўнае цела ў выглядзе септыраванага, моцна разгалінаванага міцэлію. Жыццёвы цыкл Н.г. адбываецца ў гаплоіднай фазе. Пры парасексуальным працэсе зліваюцца гаплоідныя ядры, утворанае дыплоіднае ядро дзеліцца з новай камбінацыяй геномаў, што абумоўлівае шырокую ўнутрывідавую зменлівасць. Большасць Н.г. размнажаецца канідыямі, палавыя (дасканалыя) стадыі адсутнічаюць. Канідыі ўтвараюцца на канідыяносцах, якія з’яўляюцца спецыялізаванымі галінкамі міцэлію, адрозніваюцца формай, афарбоўкай, колькасцю клетак. Многія віды жывуць як сапратрофы ў глебе (большая ч. глебавых грыбоў), удзельнічаюць у раскладанні арган. рэшткаў, глебаўтварэнні, засяляюць рызасферу вышэйшых раслін і знаходзяцца ў складаных сімбіятычных адносінах з імі. глебавымі бактэрыямі і актынаміцэтамі (напр., пеніцыл, трыхадэрма, фома, фузарыум). Сярод Н.г. — паразіты вышэйшых раслін, якія выклікаюць небяспечныя захворванні с.-г. культур (напр., грыбы з родаў ботрытыс, кладаспора), паразіты насякомых-шкоднікаў і грыбоў, патагенных для раслін, драпежныя грыбы — знішчаюць фітанематод (выкарыстоўваюцца пры біял. метадах аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб). Некат. сапратрофныя Н.г. ўтвараюць цвілі на харч. прадуктах, прамысл. вырабах, карцінах. Пеніцылы і аспергілы з’яўляюцца прадуцэнтамі антыбіётыкаў, ферментаў, арган.к-т і выкарыстоўваюцца ў іх вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛЬНЫ ТА́НЕЦ,
танец, які выконваецца парай ці большай колькасцю ўдзельнікаў на танц. вечарах, балях; часта называецца бытавым танцам. Узнік у 15 ст. ў Італіі, потым пашырыўся ў Францыі (у 16—17 ст. была яго заканадаўцам). Напачатку не меў устаноўленай формы. Пераважалі т.зв. «нізкія танцы» (бас-данс), часта ў выглядзе шэсцяў у суправаджэнні спеваў і муз. інструментаў (лютні, флейты і інш.). Праз мастацтва жанглёраў і трувераў на балі пранікалі народныя танцы, прыстасаваныя да дварцовага этыкету. У 17 ст. бальны танец распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Папулярныя сталі бальныя танцы бурэ, гавот, алеманда, чакона, жыга, сарабанда, асабліва менуэт. На Беларусі з 17 ст. пры дварах магнатаў, у калегіумах былі вядомыя зах.-еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска, куранта). У 18 ст. з’явіліся больш свабодныя танцы: пасп’е, мюзет, рыгадон, контрданс, экасез, лендлер. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—94 бальны танец страціў арыстакратычна-ўзнёслы характар. Пашырыліся танцы лансье, мазурка, паланэз, галоп, канкан, полька, з сярэдзіны 19 ст.найб. пашыраны вальс, непарыўна звязаны з творчасцю І.Ланера, бацькі і сына Штраусаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам музыкі краін Амерыкі ўзніклі тустэп, уанстэп, блюз, факстрот, квікстэп, чарльстон, румба, самба і інш. Для сучасных бальных танцаў уласціва імправізацыйнасць, зменлівасцьтанц. моды. Большасць бальных танцаў 2-й пал. 20 ст. маюць свабодную кампазіцыю (твіст, шэйк, рок-н-рол і інш.). У наш час захаваліся лепшыя танцы старой бальнай школы (падэграс, падэспань, падэ-труа), а таксама вальс, мазурка, танга, факстрот, павольны вальс, сіртакі, летка-енка і інш. Праводзяцца конкурсы на лепшае выкананне бальных танцаў па спец. праграме. На Беларусі існуе развітая сетка гурткоў, школ і студый бальных танцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУКО́ЎСКІ Карней Іванавіч (сапр.Карнейчукоў Мікалай Васілевіч; 31.3.1882, С.-Пецярбург — 28.10.1969),
рускі пісьменнік, крытык, дзіцячы паэт, літ.-знавец, перакладчык. Д-рфілал.н. (1957). Аўтар казак у вершах «Кракадзіл» (1916), «Мыйдадзір» (1923, паст. 1938, Дзярж.т-р лялек Беларусі), «Тараканішча» (1923), «Муха-цакатуха» (1924), «Бармалей» (1925), «Тэлефон», «Хвядорына гора» (абедзве 1926), «Айбаліт» (1929), «Лімпапо» (1935). Асн. асаблівасці яго паэт. свету — багацце і зменлівасць зрокавых вобразаў, мілагучнасць паэт. мовы, рухомасць рытму, дакладнасць і лаканічнасць паэт. выказвання, гульнёвы характар вершаваных твораў. Аўтар даследавання «Майстэрства Някрасава» (1952, Ленінская прэмія 1962), літ.-крыт. эсэ пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры (кн. «Сучаснікі», 1962). Адзін з заснавальнікаў сав. школы тэорыі маст. перакладу («Прынцыпы мастацкага перакладу», 1919; «Высокае майстэрства», 1941), яму належаць лепшыя ў сусв. л-ры пераклады У.Уітмена (1907, «Мой Уітмен», 2-е выд. 1969).
Неаднаразова бываў на Беларусі, высока цаніў М.Багдановіча, асабліва вылучаў Я.Купалу і Я.Коласа, з якімі быў асабіста знаёмы. Традыцыі Ч. знайшлі працяг у лінгва-псіхал. даследаваннях дзяцей у В.Віткі (кнігі «Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982). Некат. апавяданні Я.Маўра створаны на ўзор «Блытаніны» Ч. Бел. перакладчыкі Ю.Гаўрук, У.Дубоўка. А.Зарыцкі, А.Куляшоў, Я.Сінакоў і інш. перанялі ад Ч. метад творчага ўзнаўлення арыгінала сродкамі роднай мовы. На бел. мову творы Ч. перакладаюцца з 1930-х г. Сярод перакладчыкаў яго дзіцячых кніг А.Якімовіч, Зарыцкі, К.Кірэенка, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУ́СТЫКА (ад гідра... + акустыка),
раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.
Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).
На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.
Літ.:
Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ.Л., 1978;
Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТО́МІЯ РАСЛІ́Н,
раздзел батанікі, які вывучае ўнутр. будову органаў і тканак раслін.
Узнікненне і развіццё анатоміі раслін звязана з вынаходствам мікраскопа і працамі італьян. біёлага М.Мальпігі і англ. батаніка Н.Гру (мікраскапічнае вывучэнне раслінных аб’ектаў; 2-я пал. 17 ст.), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. біёлаг Т.Шван, 1839), даследаваннем раслінных тканак, клетак і іх арганоідаў (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) паралельна з вывучэннем іх росту, развіцця і дыферэнцыроўкі ў працэсе антагенезу (гл.Фізіялогія раслін). Значную ролю ў развіцці анатоміі раслін адыгралі працы рус. батанікаў І.В.Баранецкага, С.П.Костычава, В.Р.Заленскага, В.Ф.Раздорскага, В.Р.Аляксандрава, В.М.Радкевіч, А.А.Яцэнка-Хмялеўскага, В.К.Васілеўскай, М.Ф.Данілавай і інш.
На Беларусі анатомія раслін развіваецца з 1930-х г. (К.Г.Рэнард, А.Л.Новікаў, С.У.Калішэвіч). Навук.-даследчая работа вядзецца ў БДУ, ін-тах біял. аддзялення АН Беларусі, Бел.с.-г. акадэміі, Гомельскім і Бел.тэхнал. ун-тах і інш. У 1954—66 выкананы работы па экалагічнай, параўнальнай і тэхн. анатоміі раслін (В.Я.Віхроў, Р.Ц.Пратасевіч, А.С.Самцоў). Вывучаецца зменлівасцьанат. будовы дзікарослых і культурных раслін пад уплывам генет. і фізіял. фактараў, а таксама дрэвавых раслін пад уплывам экалагічных умоў, вырашаюцца пытанні палягання с.-г. культур (Н.С.Суднік, А.В.Пятрэнка, Пратасевіч, Т.Ф.Дзяругіна, Г.А.Новікава, А.Р.Тэн, А.І.Аляксеева, Н.С.Кісялёва і інш.). Даныя анатоміі раслін выкарыстоўваюць у аграноміі, тэхніцы, гісторыі культуры, археалогіі, прам-сці (харч., мэблевай, фармацэўтычнай, цэлюлозна-папяровай і інш.). Істотнае развіццё атрымліваюць эвалюцыйны і экалагічны кірункі вывучэння анатоміі раслін.
Літ.:
Киселева Н.С. Анатомия и морфология растений. 2 изд. Мн., 1976;
Эзау К. Анатомия семенных растений: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЁКу гідралогіі,
працэс сцякання дажджавых і расталых вод у вадаёмы і паніжэнні рэльефу на зямной паверхні і ў тоўшчы зямной кары; частка кругавароту вады ў прыродзе. Адрозніваюць С. паверхневы (схілавы, рэчышчавы) і падземны (з грунтавых вод, глебавых вод і напорных вод; гл.Падземныя воды). Большасць вады падземнага С. пераходзіць у паверхневы (рэчышчавы), калі ваданосны гарызонт ускрываецца ракой ці выходзіць у крыніцах. У асобных выпадках у перыяд веснавога разводдзя, ва ўмовах карсту ці пры ўзроўні падземных вод ніжэй за ўзровень вады ў рацэ ч. паверхневага С. пераходзіць у падземны. Велічыня і рэжым С. залежаць ад воднага балансу вадазбору (ападкаў, выпарэння), характару рэльефу і геал. будовы, глебавага і расл. покрыва. С. уплывае на фарміраванне рэльефу, геахім. працэсы ў зямной кары, развіццё глебавага покрыва, размеркаванне расліннасці і інш.; вызначае эрозію, прыродны дрэнаж і арашэнне, перанос і адкладанне прадуктаў дэнудацыі. У працэсе С. вада насычаецца рознымі біягеннымі рэчывамі, адбываецца С. наносаў, раствораных і біягенных рэчываў, якія вызначаюць якасць вады.
Характэрная асаблівасць С. — яго зменлівасць у прасторы і часе. Ва ўнутрыгадавым ходзе С. вылучаюць разводдзе, паводкі, межань (летнюю і зімовую). Адносна раўнамерны на працягу года С. наз. зарэгуляваным. Пры ацэнцы водных рэсурсаў пэўнай тэрыторыі вылучаюць мясц. С., які фарміруецца ў межах аднароднага фіз.-геагр. раёна, і транзітны, які паступае ў раён з інш. тэрыторый. Велічыню С. характарызуюць аб’ёмам вады за адзінку часу (м³/с, км³/год), таўшчынёй слоя вады, раўнамерна размеркаванага па плошчы (мм), модулем сцёку (л/скм²), каэфіцыентам (у долях адзінкі). Вынікі даследавання фарміравання С. і яго характарыстык выкарыстоўваюцца пры гідралагічных разліках і складанні гідралагічных прагнозаў. С. падлічваецца на аснове назіранняў гідралагічных пастоў. Сумарны гадавы С. рэк Зямлі ў акіян складае 4210 км³. На Беларусі сярэдняя велічыня рачнога С. 57,9 км³/год, у т. л. ў межах рэспублікі (мясц. С.) 34 км³/год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ігра́,
1. Выкананне музычнага твора на якім‑н. інструменце. Час ад часу .. [Майбарада] спыняў ігру і, не адрываючы гармоніка ад губ, падоўгу глядзеў у неба, дзе плылі белыя хмаркі.Шамякін.
2. Выкананне сцэнічнай ролі. Поспех, якім карыстаецца «Паўлінка» ў пастаноўцы купалаўцаў, абумоўлен майстэрскай ігрой артыстаў.Ярош.Так забаўляла ўсіх .. ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў.Краўчанка.
3. Тое, што і гульня (у 2 знач.). Спартыўныя ігры. Ігра ў шахматы. Ігра ў карты.
4. Хуткая змена, пералівы колераў, святла і пад. Ігра фарбаў. Ігра колераў. □ [Калгаснікі] стаялі і сачылі га дзіўнай ігрой хмар.Шамякін.Коцяцца воды ўдаль, Хваляў чаруе ігра.Лявонны.// Выразная зменлівасць (твару, вачэй і пад.). Ігра мускулаў твару.
5. Наўмысныя дзеянні, якія маюць пэўную мэту; тайныя задумы, інтрыгі. Біржавая ігра. □ Пачулія, зацікаўлены, моўчкі глядзеў на Сімонавы манеўры. Ён хацеў разгадаць ягоную ігру.Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АНТРАПАГЕНЕ́З (ад антра́па... + ...генез),
1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.
2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).
Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.Дарвін і Т.Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн.г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн.г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс.г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс.г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс.г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.
Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл.Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн.г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.
Літ.:
Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ.М., 1990.