помнік архітэктуры неаготыкі ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1907—10 на месцы мураванага касцёла, узведзенага ў 1634 па фундацыі кн. С.А.Радзівіла; з 1865 правасл. царква. Храм — мураваны, прамавугольны ў плане; да яго асн. аб’ёму па падоўжнай восі далучаны 4-ярусная шатровая званіца і 5-гранная апсіда. Сцены расчлянёны стральчатымі вокнамі-біфорыумамі і 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Асіметрыю ў агульную кампазіцыю ўносяць прыбудовы да апсіды сакрысціі і гранёнай вежы да званіцы. Уваход вырашаны стральчатым парталам з вімпергам. Дэкар.-маст. акцэнт інтэр’ера — драўляны алтар, антаблемент якога фланкіруюць пазалочаныя анёлы. У касцёле знаходзіцца абраз Маці Божай Лагішынскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1903 у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.) з чырвонай цэглы (арх. А.Альшалоўскі). 3-нефавая 1-вежавая базіліка з трансептам у зах.ч., накрыта 2-схільным крыжовым дахам. З У да гал. нефа прыбудавана высокая 2-ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем. Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны контрфорсамі, паміж кожнай парай якіх размешчаны высокія спараныя стральчатыя вокны з дэкар. ружамі ў завяршэнні. Бакавыя фасады ўпрыгожаны аркатурна-зубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе 3-ступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепта маюць ярусную кампазіцыю. Гал. ўваход аформлены перспектыўным парталам, які завершаны вімпергам і ружай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛТУШСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в.Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1783, перабудавана ў 1862 і 1868. У 1889 да царквы пры ўваходзе праз тамбур далучана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прамавугольных у плане зрубаў. Асн. зруб накрыты шатровым, бабінец — 2-схільным са шчытом на гал. фасадзе, апсіда — 3-схільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з разнымі ліштвамі. Унутры асн. зруб і бабінец перакрыты вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Трох’ярусны іканастас аформлены разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асн.дэкар. акцэнт — царскія вароты (ажурная разьба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1662—1865 у в. Гарадзішча (цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл.). Засн. трокскім ваяводам Я.Копацем, які ў якасці фундушу даў фальваркі з в. Бышляк, Бяла, Волька, Гарадзішча, Заазер’е, Купяцічы, Любель, Селішча, Сошна, Цёлкавічы (у 1818 у іх было 350 сялян). У ансамбль кляштара ўваходзілі мураваныя касцёл, 2-павярховы жылы корпус, званіца, кузня, бровар, крама, флігель, калодзеж. Касцёл св. Ганны пабудаваны ў 1774, меў разьбяныя алтары, амбон і інш., сцены і скляпенні аздоблены размалёўкамі. У школе пры кляштары ў пач. 19 ст. навучалася 15 шляхецкіх дзяцей, працавала сталярная майстэрня, у б-цы было 1574 кнігі (1829). У 1865 кляштар скасаваны, касцёл закрыты. У 1910 касцёл зноў дзеючы, у 1944 разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Захаваўся жылы корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНСКІ́ МАНАСТЫ́Р,
мужчынскі манастыр у Маскве. Засн. ў 1591. На яго тэрыторыі: 1-купальны Малы сабор (1591—93) з трапезнай (1678) і шатровай званіцай (1679); 5-купальны Вялікі сабор з галерэяй (1684—93; іканастас 1693—99, размалёўкі 1792 па эскізах В.Бажэнава); Ціхвінская надбрамная царква (1713—14, прыпісваецца арх. І.Заруднаму); званіца на зах. браме (1753, арх. А.Еўлашаў); царква Архангела Міхаіла ў стылі класіцызму (капліца кн. Галіцыных, 1805, арх. І.Еготаў; у ёй збор надмагілляў работы І.Мартаса і інш.); некропаль дзеячаў гісторыі і культуры. У паўд.-ўсх. частцы манастыра могілкі (з канца 17 ст.), дзе пахаваны ўдзельнікі вайны 1812, дзекабрысты і інш.
Літ.:
Аренкова Ю.И., Мехова Г.И. Донской монастырь. М., 1970.
Да арт.Данскі манастыр. Надбрамная царква Ціхвінскай Багародзіцы. 1713—14.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПРА́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Пабудаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі псеўдаготыкі. Мураваны прамавугольны ў плане 3-нефавы храм з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асн. ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў; пілоны, якія ўмацоўваюць вуглы асн. аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Дах 2-схільны з трохвугольным атыкам на алтарным і прамавугольным на гал. фасадах, завершаны дэкар. вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на 2 ч.: ніжнюю, амаль глухую, і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі. Званіца 3-ярусная, завершана шатровым дахам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф.Багушэвіча і яго сям’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,
помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял. купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.
Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),
назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л.наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Лячэрская лаўра (з 1598), Троіца-Сергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.Шчусеў). Да 18 ст.Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.
Да арт.Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ ПІЯ́РАЎ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Узведзены ў 1797—1825. На пабудову храма 5 тыс.руб. ахвяраваў Павел I. Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны 8-гранным ліхтаром. Да асн. круглага ў плане аб’ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб’ёмы: прытвор з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе і 2-павярховая сакрысція па восі ўсход—захад, невял. рызаліты з Пд і Пн. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам мураваныя 1-павярховы корпус кляштара (зачынены ў 1832) і 1-ярусная званіца. Касцёл у 1842 пацярпеў ад пажару, у 1863 пераабсталяваны пад правасл. царкву.