БРЭ́ЖНЕЎ (Леанід Ільіч) (19.12.1906, г. Днепрадзяржынск, Украіна — 10.11.1982),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1961), 4 разы Герой Сав. Саюза (1966, 1976, 1978, 1981). Маршал Сав. Саюза (1976). Скончыў Днепрадзяржынскі металургічны ін-т (1935). Працаваў інжынерам, сакратаром Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. У Вял. Айч. вайну ў паліторганах Паўд. і 4-га Укр. франтоў. З 1946 на кіруючых пасадах у Запарожскім, Днепрапятроўскім абкомах КП(б)У, ЦК КП Малдавіі, Гал. палітупраўленні Сав. Арміі і ВМФ, ЦК КП Казахстана. З 1956 сакратар ЦК КПСС. У 1960—64 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1964 1-ы сакратар (з 1966 Ген. сакратар) ЦК КПСС, адначасова з чэрв. 1977 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР і Старшыня Савета абароны СССР. У гады знаходжання Брэжнева на вышэйшых кіруючых пасадах пачалася палітыка разрадкі, СССР удзельнічаў у т.зв. хельсінскім працэсе, былі заключаны сав.-амер. пагадненні па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. Разам з тым у краіне нарасталі негатыўныя працэсы ў эканоміцы, сац. і духоўнай сферах жыцця. Пры Брэжнева былі ўведзены сав. войскі ў Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979), узмацнілася паліт. цэнзура, праследаванне іншадумства і інш.

Л.І.Брэжнеў.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,

пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл. Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.​Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.​А.​Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́БІЯ,

1) гістарычная вобласць у даліне Ніла паміж 1-м і 5-м парогамі, цяпер тэр. Егіпта і Судана. У старажытнасці ўваходзіла ў склад Мераіцкага царства. З 5 ст. тут існавалі Набатыя і Мукура, якія ў пач. 7 ст. зліліся ў адзіную дзяржаву. У 1820 захоплена пашой Егіпта Мухамедам Алі.

2) Сярэдневяковая хрысціянская дзяржава нубійцаў у 7—14 ст. (іх сталіца г. Донгала Старая), у якую ўваходзіла намесніцтва Набатыя і каля 13 васальных царстваў. Была падзелена на 7 епіскапстваў. Агульнай была стараж.-нубійская мова. Пасля заваявання Егіпта арабы імкнуліся захапіць і паўн. раён Н. (640—642), асадзілі Донгалу (652), але былі разбіты нубійскімі лучнікамі. Паміж варагуючымі бакамі быў падпісаны адзіны ў сярэдневяковай гісторыі арабаў дагавор аб ненападзе, гандлі і дыпламат. адносінах, паводле якога Н. пастаўляла ім нявольнікаў у абмен на пшаніцу, віно, тканіны. Пасля вайны ў 852—853 з арабамі, у 969 зноў заключаны мірны дагавор на 100 гадоў. Дынастычныя і рэліг.-паліт. спрэчкі у 13 ст. аслаблялі дзяржаву. У выніку набегаў мамлюкаў трон у Н. захапіла ісламская партыя. Апошні раз Н. згадваецца ў 1397. У канцы 14 ст. Н. заселена араб. плямёнамі і ісламізавана.

Літ.:

Белова Г.А. Египтяне в Нубии (III—II тысячелетия до н.э.). М., 1988.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),

дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.​В.​Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.​А.​Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.​Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.​А.​Гашкевіча.

Літ.:

Гузанаў В. Адысей з Беларусі. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НА-ІРА́КСКАЯ ВАЙНА́ 1980—88 Выклікана ідэалаг. і паліт.-эканам. процістаяннем гэтых дзяржаў, у т. л. іх барацьбой за кантроль над нафтавымі рэсурсамі ў Перс. заліве; Іран імкнуўся таксама скінуць кіруючы ў Іраку рэжым С.Хусейна. Пачалася з уступлення ў вер. 1980 іракскіх войск у іранскую прав. Хузестан з намерам Ірака змяніць на сваю карысць межы, устаноўленыя ў 19.75 паводле дагавора з Іранам. Пасля адкрыцця Іракам «другога фронту» ў Курдыстане іранскія войскі да мая 1982 адваявалі амаль усе акупіраваныя Іракам тэрыторыі і да 1988 рабілі шматлікія, але малавыніковыя наступленні на пазіцыі іракскіх войск. З 1982 вайна суправаджалася ўзаемнымі бамбардзіроўкамі гарадоў, з 1984 вялася «танкерная вайна» (узаемныя напады на судны-танкеры). Узнікла пагроза інтэрнацыяналізацыі вайны (Ірак падтрымалі Кувейт і Саудаўская Аравія; каб засцерагчы ад небяспекі трансп. шляхі экспарту нафты, свае ваен. караблі ў Перс. заліў накіравалі ЗША, Вялікабрытанія і Францыя; з 1987 баявыя караблі ЗША, якія канваіравалі кувейцкія танкеры, уступалі ў сутыкненні з іранскімі ВМС). Доўгі час ААН не ўдавалася спыніць вайну дыпламат. сродкамі. Нарэшце пры пасрэдніцтве ген. сакратара ААН Х.​Перэса дэ Куэльяра Ірак і Іран пагадзіліся на перагаворы аб перамір’і (1988). 16.8.1990 заключаны мірны дагавор. Агульныя страты ў вайне паводле розных падлікаў склалі ад 500 тыс. да 1 млн. чал., эканам. страты абедзвюх краін — каля 400 млрд. долараў.

Літ.:

Ниязматов Ш.А. Ирано-иракский конфликт: Ист. очерк. М., 1989.

т. 7, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Коўне,

дыпламатычнае прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з В.Ластоўскім пры літоўскім урадзе. Існавала ў 1919—23 у г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва). Размяшчалася ў будынку мін-ва бел. спраў літоўскага ўрада (існавала з канца 1918). Пасля расколу Рады БНР (1919), калі большасць дзеячаў БНР спрабавалі ажыццявіць ідэалы незалежнасці ў саюзе з Літвой, у Коўне быў створаны новы ўрад БНР, які меў права экстэрытарыяльнасці ў Літве. 11.11.1920 заключаны літоўска-бел. дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскай інтэрвенцыі. Літ. ўрад падтрымліваў урад БНР, садзейнічаў экспарту тавараў з Германіі ў Зах. Беларусь, фінансаваў правядзенне Першай Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921), прымаў паліт. бежанцаў, падтрымліваў партыз. рух на акупіраваных Польшчай зах. бел. землях. У складзе арміі Літвы дзейнічалі бел. вайсковыя фарміраванні. Бел. палітыкі намагаліся зрабіць Вільню бел.-літ. цэнтрам барацьбы супраць польск. акупацыі, фактарам аб’яднання двух брацкіх народаў. Урад БНР падтрымліваў намаганні літ. Боку правесці на тэр. Зах. Беларусі плебісцыт аб выбары паміж Польшчай і Літвой. Правал гэтых намераў, а таксама спробы Літвы вярнуць Вільню праз байкот выбараў у сейм т.зв. Сярэдняй Літвы ў канцы 1921 (у гэтым яе падтрымлівала і Беларускае прадстаўніцтва) пагоршыў адносіны літ. ўрада да бел. спраў. Пасля прызнання ў 1923 межаў польск. дзяржавы Камісіяй паслоў дзяржаў Антанты, разгрому бел. партыз. руху на акупіраваных Польшчай землях літ. ўрад перастаў падтрымліваць урад БНР, які ў канцы 1923 пераехаў у Прагу, мін-ва бел. спраў літ. ўрада закрылася, быў дэнансаваны літ.-бел. дагавор 1920.

З.​В.​Шыбека.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

спецыфічная форма асваення рэчаіснасці. Метадалагічнай асновай разумення сутнасці адлюстравання мастацкага з’яўляецца адлюстравання тэорыя, якая раскрывае агульныя заканамернасці і спосабы адэкватнага спасціжэння свету. Ужо ў антычнасці піфагарэйцы, а потым Платон і Арыстоцель сцвярджалі ідэю аб мімесісе (перайманні) як асн. эстэт. прынцыпе і сутнасці мастацтва. Наследаванне прыродзе было дамінантай у эст. трактоўках эпохі Адраджэння, класічнай эстэтыцы 16—17 ст. Гётэ выступаў супраць змешвання прыроды і мастацтва, недаацэнкі суб’ектыўнай творчасці «сапраўднага мастака». М.​Г.​Чарнышэўскі замацаваў у тэорыі мастацтва паняцце «ўзнаўленне». Сцвярджэнне ў мастацтве прынцыпу канкрэтна-гіст. ўзнаўлення абумоўлівае рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці (гл. Рэалізм). Канцэпцыя актыўнага ўздзеяння мастацтва на духоўны свет чалавека праяўлялася ў адраджэнні ант. тэорыі мімесісу (М.​К.​Сарбеўскі), развівалася Ф.​Скарынам, М.​Гусоўскім, Сімяонам Полацкім і інш. У эпоху Асветніцтва элементы адлюстравання мастацкага выявіліся ў арыентацыі на пазнавальныя і выхаваўчыя функцыі мастацтва (А.​Доўгірд, Л.​Бароўскі). К.​Каліноўскі, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, А. і І.​Луцкевічы, А.​Гарун і інш. развівалі ўяўленне пра маст. праўду як адлюстраванне праўды жыцця, гісторыі і самабытнай культуры бел. народа. Адлюстраванне мастацкае прадугледжвае асабістыя адносіны творцы да аб’ектаў, што пазнаюцца. Сэнс маст. абагульнення заключаны ў адборы істотнага і заканамернага, у раскрыцці тыповых характараў і сітуацый.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Юлдашев Л.Г. Искусство: философские проблемы исследования. М., 1981;

Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫ́С-АБЕ́БА (па-амхарску новая кветка),

горад, сталіца Эфіопіі, адм. ц. правінцыі Шоа. Знаходзіцца на Эфіопскім нагор’і на выш. больш за 2,4 тыс. м над узр. мора. Больш за 1,5 млн. ж. (1993).

Засн. ў 1887 імператарам Мэнелікам II. У 1889 абвешчана сталіцай. Пасля перамогі ў італа-эфіопскай вайне 26.10.1896 тут заключаны мірны дагавор, паводле якога Італія прызнала незалежнасць Эфіопіі. 5.5.1936 акупіравана італьян. войскамі, вызвалена 6.4.1941 англа-эфіопскімі войскамі.

Аўтамаб. дарогі звязваюць Адыс-Абебу з буйнейшымі гарадамі Эфіопіі і суседніх краін. Чыгунка на Джыбуці. Міжнар. аэрапорт. Металаапр. і зборачныя з-ды (зборка трактароў, с.-г. машын, аўтамабіляў, веласіпедаў і інш.). Тэкст., гарбарна-абутковыя, мукамольныя, алейныя, па перапрацоўцы кавы, дрэваапр., мяса-малочныя прадпрыемствы. Вытворчасць буд. матэрыялаў і саматужных ткацкіх, гарбарных, керамічных, метал. і драўляных вырабаў. Гандаль кавай, скурамі, збожжам і інш. Ун-т. Рэзідэнцыі Эканам. камісіі ААН для Афрыкі і Арганізацыі афр. адзінства (АЛА).

Першыя манум. мураваныя будынкі ўзведзены замежнымі архітэктарамі. Вялікі палац з рысамі інд. архітэктуры (1894), Новы палац і сабор св. Георгія (абодва пач. 20 ст.) у стылі неакласіцызму, шпіталь Мэнеліка II (1910), атэль «Ытэге» (1907), каля 200 жылых дамоў еўрап. тыпу (1912). У 1950—60-я г. пабудаваны Нац. Тэатр на пл. Адуа (франц. арх. А.​Шамет); універсітэцкі комплекс (англ. арх. Г.​К.​Фалек); аэрапорт, Дом Афрыкі (вітраж пл. 150 м², мастак А.​Тэкле), муніцыпалітэт, Нац. банк (усе італьян. арх. А.​Медзэдымі, інж М.​Фанана; тэлевіз. цэнтр, Гандл. Палата, Мін-ва замежных спраў (арх. З.​Энаў, М.​Тэдрас). У 1970—80-я г. па праектах югасл. архітэктараў пабудаваны паштамт, шпіталь, атэль «Вебі-Шэбелі». Музеі: Археал., Ін-та эфіопскіх даследаванняў. Нацыянальны.

Адыс-Абеба. Адна з цэнтральных вуліц.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ЦКІ ПАХО́Д 1711,

баявыя дзеянні рас. арміі ў час. рус.-тур. вайны 1710—13, якія адбываліся на тэр. падвасальнага Турцыі Малд. княства, пераважна ў даліне р. Прут (адсюль назва). 24.4.1711 Расія заключыла з малд. гаспадаром Дз.Кантэмірам дагавор аб ваен. саюзе і ўваходжанні Малдовы ў рас. падданства. 7 чэрв. рас. конніца ген.-фельдмаршала Б.​П.​Шарамецева ўвайшла ў Малдову, дзе паўсюдна пачаліся антытур. паўстанні. Кантэмір абвясціў пра саюз з Расіяй і збор малд. войска для вайны з Турцыяй, перадаў рас. войскам 25 тыс. галоў жывёлы, аднак з прычыны неўраджаю не здолеў забяспечыць іх хлебам. Да 6 ліп. рас. армія на чале з царом Пятром I сканцэнтравалася каля г. Ясы, але 29 чэрв. тур. армія вял. візіра Балтаджы-пашы (каля 120 тыс. чал., 440 гармат) перайшла на левы бераг Дуная, дзе злучылася з 70-тысячнай конніцай крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Пётр I накіраваў у тыл туркам 7-тысячны конны атрад ген. К.​Э.​Рэнэ, які 18 ліп. ўзяў на Дунаі крэпасць Брэілу, а сам на чале гал. сіл (38 тыс. рускіх, 5 тыс. малдаван на чале з Кантэмірам, 114 гармат) накіраваўся на Пд правым берагам Прута. 20 ліп. рас.-малд. армія пасля шэрагу баёў была акружана каля с. Нов. Станілешты ў некалькі разоў пераважаючымі тур.-тат. сіламі. Рас. войскі адбілі атакі тур. янычараў, але недахоп боепрыпасаў і харчавання прымусіў Пятра I звярнуцца да тур. вял. візіра з прапановай заключыць мір (заключаны 23 ліп.). У выніку рас. войскі атрымалі права свабодна выйсці з Малдовы (разам з імі краіну пакінулі Кантэмір і некалькі тыс. малдаван); Расія вярнула Турцыі Азоў, ліквідавала крэпасці і флот на Азоўскім м. Гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,

дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛ Ягайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)