Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФТЫ (грэч. apthai),
невялікія ўчасткі паверхневага некрозу на слізістых абалонках рота (радзей на слізістых носа, вока, палавых органаў). Узнікненню спрыяюць хваробы органаў стрававання, алергія і інш. Афты маюць круглую або авальную форму, дыяметрам ад 2 да 5—7 мм, пакрытыя жоўта-белым налётам. Пашкоджаныя ўчасткі балючыя. Лячэнне накіравана на асн. захворванне. Мясцова — апрацоўка слізістай абалонкі абязбольваючымі, процівіруснымі сродкамі (алей шыпшыны, абляпіхі, караталін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАРЭ́ЙКА (Serinus canaria),
дэкаратыўная птушкасям. ўюрковых (Fringillidae), атр. вераб’інападобных (Passeriformes). У дзікім стане пашырана на Канарскіх а-вах (адсюль назва). З’яўляецца родапачынальніцай пакаёвай К. У Еўропу завезена ў канцы 15 ст. Выведзена шмат парод, якія адрозніваюцца спевам і экстэр’ерам.
Даўж 12—14 см. Колер апярэння ў дзікіх К. зверху шэра-зялёны, знізу жоўта-зялёны, у самцоў больш яркі. Гл. таксама Уюрок канарэечны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАРЫ́ЙКА, амацэт,
лічынка міногі. Жыве ў рэках, ручаях, пратоках пераважна ў грунце (адсюль назва).
Даўж. цела дасягае даўж. дарослых міног. Афарбоўка ад жоўта-белай да цёмна-шэрай. Рот у выглядзе трохвугольнай шчыліны. Вочы недаразвітыя. Плаўнікі няпарныя, развіты слаба. Корміцца дэтрытам, дробнымі беспазваночнымі. Ва ўзросце 3—5 гадоў ператвараецца ў дарослую міногу. Раней П. памылкова лічылі самаст. родам міног (Ammocoetes).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ДЫ (ад грэч. plastides якія ўтвараюць ад plastos вылеплены),
цытаплазматычныя структуры (арганоіды) расліннай клеткі. Кожная пластыда абмежавана дзвюма мембранамі. Разнастайныя па форме, памерах, будове, функцыі. Па афарбоўцы адрозніваюць П. зялёныя — хларапласты, жоўта-аранжавыя і чырв.храмапласты і бясколерныя — лейкапласты. Магчымы ўзаемныя пераўтварэнні. Звязаны паміж сабой адзіным паходжаннем. Звычайна ў клетцы знаходзіцца адзін з вызначаных трох тыпаў. Сукупнасць усіх П. клеткі наз. пластыдома.