МАЛАДЗЕ́ЧНА,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв. ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс. ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял. Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне «Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.

У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр. ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр. б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.

У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.

Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп. тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Маладзечна: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1988;

Яго ж. Даследаванне пра заходнебеларускі тэатр // Полымя 1971. № 2.

Г.А.Каханоўскі (тэатр. жыццё), С.Ф.Самбук (архітэктура).

Маладзечна. Цэнтр горада.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Маладзечне 1907.

т. 9, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́БЛЯ (франц. meuble ад лац. mobilis рухомы),

прадметы для абсталявання інтэр’ераў і адкрытых прастораў, стварэння камфортных умоў для працы і адпачынку; галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкага канструявання. Тыпалагічна падзяляецца паводле эксплуатацыйных прыкмет (для жылля, грамадскіх будынкаў, гар. асяроддзя, трансп. сродкаў), функцыян. прызначэння (для сядзення, ляжання, корпусная, функцыян. плоскасці, камбінаваная), канструктыўных асаблівасцей (рухомая, убудаваная, навясная), узроставых катэгорый насельніцтва, тыпаў грамадскіх будынкаў (універсальная, шматфункцыянальная). У ліку асн. патрабаванняў да М. — трываласць, эксплуатацыйная надзейнасць, модульная камбінаторнасць формаўтварэння, трансфармаванасць, тэхналагічнасць апрацоўкі і аздаблення паверхняў, эстэтычнасць дызайнерскага вырашэння (вобразная выразнасць, улік нац. традыцый і сац.гіст. -заканамернасцей, сінтэз мастацтва М. і архітэктуры, індывід. праява асобы аўтара ці заказчыка, рацыянальнасць формы, адпаведнасць модзе, колеравае вырашэнне). М. адлюстроўвае сац.-быт. ўклад насельніцтва, яго эстэт. ідэалы і нац. традыцыі, разам з аб’ёмна-арх. вырашэннем утварае стылявыя асаблівасці асяроддзя. У ліку маст. сродкаў М. — канстр. і аддзелачныя матэрыялы (дрэва, метал, пластмасы, скура, мэблева-дэкар. тканіны), фактура, тэкстура, колер.

З часоў Стараж. Егіпта вядомы табурэты, куфры, троны. ложа з разьбой і рэльефнымі ўстаўкамі. Ант. драўляная і бронзавая М. вылучалася яснасцю форм, спалучэннем прамых і выгнутых брусоў (стулы, ложкі, нізкія сталы, крэслы з геам. арнаментам і «звярынымі» матывамі). Сярэдневяковай М. ўласцівы масіўныя, трывалыя формы крэслаў, шафаў, ложкаў, сталоў, упрыгожаных арх. разьбой (аркі, нервюры), геам. і расл. арнаментам. Для стараж.-рус. М. характэрны лаканічныя па формах лавы, куфры, сталы, табурэты з разнастайнай разьбой і размалёўкай. Арыгінальныя формы нізкай, часта выгнутай М. з паліраванага дрэва, лаку склаліся ў краінах Азіі. У эпоху Адраджэння зацвярджаецца М. з рамна-філянговай канструкцыяй, якая будавалася паводле ордэрнай архітэктуры, арганічна ўваходзіла ў грамадскі і жылы інтэр’ер. Двух’ярусныя шафы, кабінеты са скрынкамі на падстоллі, касапанкі (куфры са спінкай і падлакотнікамі для сядзення), касоне (куфры-скрынкі, упрыгожаныя пазалотай, размалёўкай і інш), ложкі з балдахінамі, крэслы, упрыгожаныя арх. матывамі, жывапісам, рэльефамі; арнаментальная або выяўл. інтарсія звязвала М. з архітэктурай інтэр’ера. Парадная М. барока, ракако, класіцызму, ампіру з каштоўнай фанероўкай, разьбой, пазалотай маркетры, бронз. накладкамі, літымі дэталямі (сталы, шафы, буфеты, кабінеты, сакратэры, стулы, крэслы, канапы) утварала гарнітуры стацыянарных і перасоўных прадметаў. У ліку майстроў, якія стваралі свой стыль М.: сям’я Жакоб, А.Ш.Буль, Ж.А.Рызенер, Д.Ронтген (Францыя), Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан (Вялікабрытанія). У Расіі М. часта стваралі архітэктары В.В.Растрэлі, Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.Вараніхін, К Росі. М. ракако і бідэрмеера, англ. і галандская М. 17—18 ст. імкнулася да камфортнасці, зручнасці, што парушала традыц. яе сувязь з палацавымі рытуаламі. У 19 ст. поруч з эклектычнай М. у гіст. стылях з’явіліся новыя тыпы масавай практычнай М. (гнуткая «венская» М). Стыль мадэрн на мяжы 19—20 ст. увёў цякучыя лініі, вытанчаную фактуру (інкрустацыя шклом і керамікай, накладкі з паліраванага металу) і садзейнічаў аблягчэнню М., утварэнню новых рацыянальных форм (Х.ван дэ Велдэ ў Бельгіі, Ч.Р.Макінташ у Шатландыі). Пашырэнне ў 20 ст. функцыяналізму спрыяла пошукам лаканічных форм і яснай тэктонікі М., выкарыстанню новых матэрыялаў (стальныя трубы і палосы, клееная драўніна), распрацоўцы ўбудаванай, секцыйнай, зборна-разборнай і трансфармаванай М. для жылых пакояў, кухняў, кантор, банкаў, школ і інш. дызайнерскія метады яе праектавання. М. распрацоўвалі вербунды, Баўгауз, Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве, буйнейшыя архітэктары (Ле Карбюзье, В.Гропіус, М.Броер, Л.Міс ван дэр Роэ, А.Родчанка, Л.Лісіцкі, У.Татлін і інш.). Развіццё арганічнай архітэктуры, вывучэнне нац. традыцый стымулявалі распрацоўку ўзораў найб. простай, зручнай М., якая адпавядала мясц. умовам (Ф.Л.Райт у ЗША, А.Аалта ў Фінляндыі, А.Якабсен у Даніі). Асн. канструкцыйна-маст. асаблівасці сучаснай М. — макс. зручнасць, функцыянальнасць, прастата, часам эклектычнасць. У многіх мясцовасцях (Паволжа, Прыкарпацце, паўд. Польшча. Брэтань) захоўваюцца нар. традыцыі вытв-сці і ўпрыгожання М.

На Беларусі нешматлікія і простыя прадметы абсталявання жылля феад. эпохі выконвалі чыста утылітарныя функцыі (услон, тапчан, ёмістасці для захоўвання быт. рэчаў, калыска, лава, паліца, палок і інш.). М. рабілі самі гаспадары ці мясц. майстры-саматужнікі. У 14—16 ст. М. палацаў і замкаў вызначалася масіўнасцю, прастатой прысадзістых форм. У аздабленні былі пашыраны нізкарэльефная разьба геам. і расл. характару, таніроўка ў цёмна-карычневы колер, паліраванне, акоўка. У 17—18 ст. пад уплывам барока М. набыла больш вытанчаныя формы, Яе аздаблялі высокарэльефнай і ажурнай разьбой расл. характару, размалёўкай. У многіх бел. гарадах працавалі цэхі майстроў-мэбельшчыкаў. У 2-й пал. 17 ст. бел. разьбяры і майстры-мэбельшчыкі Д.Паўлаў, П.Тарасаў, І.Дракула, К.Міхайлаў і інш. працавалі ў Маскве, дзе выраблялі для палацаў і храмаў шафы, крэслы, сталы, куфэркі, аздобленыя разьбой, размалёўкай, абіўкай аксамітам, акоўкай. З канца 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і дэкор М. сталі больш спакойнымі і ўраўнаважанымі. Шырока ўжываліся тачэнне, залачэнне, абіўка тканінамі, метал. літыя накладкі ў выглядзе маскаронаў, звярыных лап і інш. Нярэдка М. аздаблялі інкрустацыяй і мазаікай. Была пашырана садова-паркавая чыгунная М., зробленая на чыгуналіцейных з-дах. М. небагатых сядзіб і гар. жылля вызначалася большай прастатой, часта фарбавалася ў адзін колер (часцей у зялёны). У канцы 19 ст. нар. М. стала больш разнастайнай, пашырыліся сталы на ножках, куфры, шафы, канапы, ложкі, падвясныя паліцы, шафкі для посуду. Аздаблялі М. такарнымі накладкамі, прапілоўкай, размалёўкай і інш. Павялічылася колькасць рамеснікаў-мэбельшчыкаў, у многіх гарадах і мястэчках працавалі майстэрні, у Бабруйску — мэблевая ф-ка, у Гомелі, Магілёве, Давыд-Гарадку, в. Лахва Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. выраблялі М., плеценую з лазы, характар дэкору якой у канцы 19 — пач. 20 ст. вызначаўся рысамі стылю мадэрн. У 1920—30-я г. з’явілася секцыйная, камбінаваная, спецыялізаваная М. У 1950—60-я г. самаробная М. практычна выйшла з ужытку. Прадпрыемствы мэблевай прамысловасці ствараюць масавыя камплекты і унікальныя гарнітуры паводле матываў традыц. нар. М., узораў вядучых мэблевых фірм свету. Спецыялістаў па маст. праектаванні і канструяванні мэблі рыхтуюць Бел. АМ і Бел. тэхнал. ун-т. Сярод вядучых спецыялістаў у галіне дызайну М. — І.Харламаў, У.Макарэвіч, У.Гераўкер і інш.

Літ.:

Кес Д. Стили мебели. Будапешт, 1979;

Мигаль С.П. Основы проектирования мебели. Львов, 1989;

Барташевич А.А., Богуш В.Д. Конструирование мебели. Мн., 1998.

Л.Я.Дзягілеў, Я.М.Сахута.

Да арт. Мэбля. А.Ш.Буль. Шафа. 2-я пал. 17 ст. Францыя.
Да арт. Мэбля. Д.Ронтген. Вялікае бюро. 1783.
Да арт. Мэбля. Куфар з в. Мокрая Дуброва Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.
Да арт. Мэбля. Крэсла. Пач. 20 ст. Майстар Хмель з г.п. Мір Гродзенскай вобл.
Да арт. Мэбля. Г.Голейн. Канапа «Мэрылін». 1981.

т. 11, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)