Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрартро́з
(ад гідра- + артроз)
мед. збіранне вадкасці ў поласці сустава.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрафло́т
(ад гідра- + флот)
паветраны флот, які складаецца з гідрасамалётаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГІДРАМАНІТО́Р (ад гідра... + манітор),
апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).
Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),
хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТА́ТЫКА (ад гідра... + статыка),
раздзел, гідрамеханікі, які вывучае ўмовы і заканамернасці раўнавагі вадкасці і сілавое ўздзеянне на сценкі пасудзін ці апушчаныя ў яе целы. Законы гідрастатыкі выкарыстоўваюцца ў тэхніцы пры разліках гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын і інш.
Асн. задача гідрастатыкі — вывучэнне законаў размеркавання гідрастатычнага ціску ў вадкасці. На аснове іх можна вызначыць умовы плавання цел (гл.Архімеда закон), сілы, што дзейнічаюць на розныя элементы паверхні апушчаных у вадкасць цел, дно і сцены пасудзіны і інш. (гл.Паскаля закон), пабудаваць гідрастатычныя машыны і прылады (гідраўл. прэс, гідраўл. акумулятар, вадкасны манометр, сіфон і інш.). Законы гідрастатыкі пры адносным спакоі выкарыстоўваюць пры вырашэнні пытанняў пра фігуры раўнавагі вадкіх мас (напр., Зямля) пры вярчэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕАХІ́МІЯ (ад гідра... + геахімія),
раздзел гідрагеалогіі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і геахім. працэсы ў ёй. Выяўляе заканамернасці фарміравання хім. саставу падземных вод і міграцыю ў іх хім. элементаў.
Грунтуецца на ўяўленнях аб структуры прыродных вод, пашырэнні хім. элементаў у зямной кары і горных пародах, фактарах міграцыі, назапашвання і рассейвання розных хім. элементаў і іх ізатопаў у прыродных водах, саставе газаў у падземных водах і інш. Асновы гідрагеахіміі распрацаваў У.І.Вярнадскі. Як галіна гідрагеалогіі аформілася ў 1940-я г. З 1950-х г. развіваецца яе раздзел — радыегідрагеахімія, якая вывучае міграцыю радыеактыўных элементаў у падземных водах.
На Беларусі даследаванні ў галіне гідрагеахіміі вядуцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН і інш.