Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬФА,
назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРО́ПАЛЬ (грэч. akropolis ад акра... + polis горад),
узвышаная ўмацаваная частка стараж.-грэч. горада, т.зв. верхні горад; месца першапач. паселішча, вакол якога пазней развіўся т.зв. ніжні горад. Служыў сховішчам для жыхароў акругі ў час войнаў. На Акропалі звычайна знаходзіліся храмы багоў — заступнікаў горада. У руінах шэрагу Акропаля знойдзены шматлікія помнікі матэр. культуры. Найб. вядомы Афінскі акропаль, дзе захаваліся шэдэўры стараж. архітэктуры і скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),
сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. дзейнасці.