ГУ́Р’ЕЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 11.8.1926, с. Барысаўка Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). У 1960—92 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выконваў партыі рознага плана, ад лірыка-драм. да характарных: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Мікалай («Яснае світанне» А.Туранкова), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Супонька («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі, Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева), Лыкаў, Гвідон («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Манрыка («Атэла», «Трубадур» Дж.Вердзі), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Катэ («Кето і Катэ» В.Далідзе), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Барклай дэ Толі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева).

Б.С.Смольскі.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЛЕР ((Müller) Герман) (18.5.1876, г. Мангейм, Германія — 20.3.1931),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1899 рэдактар с.-д. друкаванага органа «Görlitzer Volkszeitung» («Гёрліцкая народная газета»). З 1906 чл. праўлення, у 1919—27 адзін са старшынь С.-д. партыі Германіі (СДПГ). У 1916—18 і 1920—28 дэп. рэйхстага (у 1920—28 адначасова старшыня фракцыі СДПГ у рэйхстагу). У 1919—20 міністр замежных спраў, ад імя Германіі 28.6.1919 падпісаў (разам з міністрам зносін І.Белам) Версальскі мірны дагавор 1919. У сак.чэрв. 1920 і чэрв. 1928 — сак. 1930 рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі. Выступаў за вырашэнне пытання аб выплаце Германіяй рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны (зацвярджэнне закона аб ажыццяўленні Юнга плана). Аўтар працы «Лістападаўская рэвалюцыя» (1928).

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛКО́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 20.5.1942, в. Судзілы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968). З 1966 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета (з 1996 Нац. акад. т-р оперы Беларусі). Сярод партый нац. рэпертуару: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Раман («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Ціханаў («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера). У класічным рэпертуары вылучаюцца партыі драм. і лірыка-драм. плана: Пінкертон, Каварадосі («Чыо-чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Радамес, Дон Карлас («Аіда», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Герман, Вадэмон («Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анатоль Курагін («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1973).

А.Я.Ракава.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ДЗІК (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 19.1.1945, Ташкент),

спявак (драм. тэнар). Беларус. Засл. арт. Беларусі (1977), нар. арт. Расіі (1983). Вучыўся ў Бел. і Адэскай кансерваторыях, скончыў Новасібірскую кансерваторыю (1970). З 1971 саліст Чэлябінскага, з 1974 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1979 — Марыінскага (С.-Пецярбург) т-ра оперы і балета. Валодае голасам вял. дыяпазону, прыгожага мяккага тэмбру, высокай выканальніцкай культурай.

Сярод партый: Джардана Бруна («Джардана Бруна» С.Каргэса), Раман («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Ёнтэк («Галька» С.Манюшкі), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Герман, Роберт («Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Турыцу («Сельскі гонар» П.Масканьі), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучьші), Дон Карлас, Мамрыка («Дон Карлас», «Трубадур» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1973), Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1974).

Т.Г.Мдывані.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІН (Васіль Піліпавіч) (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),

бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).

Дз.М.Жураўлёў.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Барыс Веньямінавіч) (н. 14.12.1918, г. Валгаград, Расія),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных у Маскве (1951). У 1951—73 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гучным прыгожым голасам вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі ролі героіка-драм. плана. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Мікола («Яснае світанне» А.Туранкова), Палонскі («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных творах — Герман, Андрэй, княжыч Юрый («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Садко («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Энца («Джаконда» А.Панк’елі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). У 1962 выконваў партыі Радамеса і Сабініна ў спектаклях Вял. т-ра ў Маскве.

А.Я.Ракава.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́ЛЕП (Георгій Міхайлавіч) (20.4.1904, с. Бабруйкі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.6.1957),

расійскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930). З 1929 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1944 — Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў роўным ва ўсіх рэгістрах голасам вял. дыяпазону, рэдкай прыгажосці і тэмбравага багацця. Яго творчасці былі ўласцівы вял. сцэн. культура, арганічнае спалучэнне вак., муз. і драм. майстэрства. Сярод партый: княжыч Юрый, Герман («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Садко («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Галіцын, Самазванец («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Радамес, Манрыка («Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Фларэстан («Фідэліо» Л.Бетховена), Енік («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Ёнтэк («Галька» С.Манюшкі), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Кахоўскі («Дзекабрысты» Ю.Шапорына), Незяласаў («Мікіта Вяршынін» Дз.Кабалеўскага). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1950.

Г.М.Нэлеп.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́Й (Зіновій Іосіфавіч) (27.1.1935, в. Падсадкі Пустамытаўскага р-на Львоўскай вобласці — 28.7.1984),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Беларусі (1964). Вучыўся ў Кіеўскай (1957—59), скончыў Бел. кансерваторыю (1981). З 1954 саліст ансамбля Прыкарпацкай ваен. акругі, з 1957 у Кіеўскім, з 1960 у Львоўскім т-рах оперы і балета. У 1963—77 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі героіка-драм. і трагедыйнага плана. Лепшая роля — Атэла ў аднайм. оперы Дж.Вердзі. Сярод інш. партый: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Манрыка, Радамес, Герцаг («Трубадур», «Аіда», «Рыгалета» Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева). Канцэртны рэпертуар спевака ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў, у т. л. творы бел. кампазітараў, неапалітанскія песні.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Зіновій Бабій // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.

З.І.Бабій.
З.Бабій у ролі Германа.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМГОЛЬЦ ((Helmholtz) Герман Людвіг Фердынанд) (31.8.1821, г. Патсдам, Германія — 8.9.1894),

нямецкі прыродазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1868). Вучыўся ў Ваенна-мед. ін-це ў Берліне. Праф. фізіялогіі Кёнігсбергскага (1849—55) і Бонскага (1855—58) ун-таў, у 1871—88 праф. фізікі Берлінскага ун-та, з 1888 дырэктар фізіка-тэхн. ун-та ў Берліне. Навук. працы па фізіцы, біяфізіцы, фізіялогіі і псіхалогіі. Матэматычна абгрунтаваў закон захавання энергіі (1847), даказаў яго ўсеагульны характар. Распрацаваў тэрмадынамічную тэорыю хім. працэсаў, увёў паняцці свабоднай і звязанай энергій. Заклаў асновы тэорыі віхравога руху вадкасцей і анамальнай дысперсіі святла. Прапанаваў тэорыю слыху і зроку чалавека, выявіў і вымераў цеплаўтварэнне ў мышцах (1845—47), вывучыў працэс скарачэння мышцаў (1850—54). Вызначыў скорасць распаўсюджвання нерв. імпульсаў (1850). Сканструяваў шэраг фіз. прылад, распрацаваў колькасныя метады фізіял. даследаванняў.

Літ.:

Лазарев П.П. Гельмгольц. М., 1959;

Лебединский А.В., Франкфурт У.И., Френк А.М. Гельмгольц (1821—1894). М., 1966.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТ ((Kant) Герман) (н. 14.6.1926, г. Гамбург, Германія),

нямецкі пісьменнік. Скончыў Грайсфальдскі (1952) і Берлінскі (1956) ун-ты. Дэбютаваў зб. апавяд. «Крышку Паўднёвага мора» (1962). У раманах «Актавая зала» (1965), «Выхадныя звесткі» (1972), «Прыпынак у дарозе» (1977), зб-ках апавяд. «Парушэнне граніцы» (1975), «У дадатак да анкеты», «Трэці цвік» (абодва 1981), «Бронзавы век» (1986) тэмы фашызму і вайны, індывід. і калект. віны, жыцця пасляваен. Германіі. Яго творам уласцівы мазаічнасць структуры, насычанасць сімваламі-лейтматывамі, спалучэнне гумару і іроніі, сатыры і сарказму. На бел. мову асобныя творы К. пераклала Н.Мацяш. Нац. прэмія ГДР 1973.

Тв.:

Рус. пер. — Остановка в пути. М., 1979;

Объяснимое чудо: Рассказы. Очерки. М., 1982;

Актовый зал;

Выходиые данные. М., 1987.

Літ.:

Леонова Е.А. Литературные реминисценции в романе Г.Канта «Остановка в пути» // Проблема традиций и взаимовлияния в литературах стран Зап. Европы и Америки XIX—XX вв. Нижний Новгород, 1993.

Е.А.Лявонава.

т. 7, с. 601

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)