ПРАМА́Я ЛІ́НІЯ,

адно з першасных паняццяў геаметрыі. Уласцівасці П.л. апісваюцца аксіёмамі: праз 2 пункты праходзіць толькі 1 прамая; П.л. мае толькі адно вымярэнне (даўжыню); П.л. можна неабмежавана прадоўжыць у абодва бакі; П.л. — найкарацейшая з ліній, якія злучаюць 2 пункты. Уяўленне аб прамой дае нацягнутая нітка ці прамень святла.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХА́СКАРА, Бхаскара Ачар’я (1114, г. Бідар, Індыя — каля 1185),

індыйскі матэматык і астраном. Загадваў астр. абсерваторыяй ў г. Уджайн (Цэнтр. Індыя). Аўтар навук. трактатаў «Вянец сістэмы» (каля 1150) і інш., у якіх прыведзены метады рашэння некаторых алгебраічных і тэарэтыка-лікавых задач, а таксама звесткі па арыфметыцы, геаметрыі, сферычнай трыганаметрыі і астраноміі.

т. 3, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МЕР ((Cramer) Габрыэль) (31.7.1704, г. Жэнева, Швейцарыя — 4.1.1752),

швейцарскі матэматык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1749). З 1724 у Жэнеўскай кальвінісцкай акадэміі (з 1734 праф.). Навук. працы па геаметрыі і тэорыі імавернасцей. Устанавіў і апублікаваў (1750) правіла рашэння сістэмы лінейных ураўненняў з літарнымі каэфіцыентамі (правіла К.), заклаў асновы тэорыі дэтэрмінантаў (вызначнікаў).

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

се́ктар, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. У геаметрыі: частка круга, абмежаваная дугой і двума радыусамі.

2. Участак, абмежаваны радыяльнымі лініямі.

С. стадыёна.

С. абстрэлу.

3. Аддзел установы, арганізацыі, які мае пэўную спецыялізацыю.

Культурна-масавы с.

С. уліку.

4. Частка народнай гаспадаркі, якая мае пэўныя эканамічныя і сацыяльныя адзнакі.

Прамысловы с.

|| прым. се́ктарны, -ая, -ае (да 1 знач.) і сектара́льны, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БРЫЯНШО́НА ТЭАРЭ́МА,

тэарэма праектыўнай геаметрыі, якая сцвярджае, што ў кожным шасцівугольніку, акрэсленым вакол канічнага сячэння — эліпса (у прыватнасці, акружнасці), гіпербалы, парабалы, прамыя, якія злучаюць 3 пары процілеглых вяршыняў, праходзяць цераз адзін пункт. Даказана франц. матэматыкам Ш.​Брыяншонам (1806). Цесна звязана з Паскаля тэарэмай, разам з якой устанаўлівае асн. праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.

Да арт. Брыяншона тэарэма.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЯ,

1) адно з геам. паняццяў, у элементарнай геаметрыі разглядаецца як мяжа цела або як след лініі, што рухаецца. Напр., сфера (мяжа шара), П. мнагагранніка.

Калі рухаецца прамая лінія, то яе след утварае лінейчастую П. (напр., цыліндрычную); вярчэнне лініі вакол прамой дае паверхню вярчэння (напр., канічную). У аналітычнай геаметрыі вывучаюцца алгебраічныя П., якія задаюцца ўраўненнем Φ(x1, x2 ..., xn дзе Φ — мнагасклад, ступень якога наз. парадкам алгебраічнай П. П. першага парадку — плоскасць, прыклады П. другога парадку — эліпсоіды, гіпербалоіды, парабалоіды Уласцівасці П. вывучаюцца паверхняў тэорыяй, у тапалогіі.

2) П. ў фізіцы — мяжа раздзелу паміж двума асяроддзямі, што кантактуюць. У кожным з гэтых асяроддзяў на пэўную адлегласць ад П. распасціраецца слой, у якім элементны састаў і хім. стан, атамная і электронная структура, дынамічныя, магн. і інш. ўласцівасці рэчыва істотна адрозніваюцца ад яго ўласцівасцей ў аб’ёме. Таўшчыня гэтага слоя залежыць ад прыроды асяроддзяў, што кантактуюць, і знешніх умоў. Яму ўласцівы разнастайныя паверхневыя з ’явы.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

даты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да чаго‑н. [Вучоны] звяртае ўвагу краязнаўцаў на тое, ці няма ў мясцовай гаворцы выразаў, датычных разьбы. Ліс.

2. у знач. наз. даты́чная, ‑ай, ж. У геаметрыі — прамая лінія, якая мае адзін агульны пункт з крывой, але не перасякае яе. Правесці датычную да акружнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́КТАРНЫ ЗДАБЫ́ТАК вектараў a і b, вектар c, модуль якога роўны плошчы паралелаграма, пабудаванага на вектарах a і b, перпендыкулярны плоскасці гэтага паралелаграма і накіраваны так, што вектары a, b і c утвараюць правую тройку. Абазначаецца c = [a b] або c = a × b. Уведзены У.​Гамільтанам (1853). Выкарыстоўваецца ў геаметрыі, механіцы і фізіцы. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

Вектарны здабытак c вектараў a і b.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДАЯ́Н (Аляксандр Арсенавіч) (н. 24.5.1925, с. Хот Гарыскага р-на, Арменія),

бел. матэматык. Канд. фізіка-матэм. н. (1965), праф. (1983). Скончыў Азерб. ун-т (1955). З 1966 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па тэнзарным аналізе і рыманавай геаметрыі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для тэхнікумаў і ВНУ.

Тв.:

Алгебра и геометрия. Мн., 1989 (разам з У.​А.​Дударэнкам);

Математический анализ. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)