ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ, Чортаў камень,

геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс. гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

Вялікі камень каля в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІ́НСКАЯ ГРАДА́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). На паўд.-зах. беразе воз. Мядзел, ва ўрочышчы Лука, на ПнУ ад в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Града даўж. 2,2 км, шыр. 50—100 м, выш. да 10 м, стромкасць схілаў да 10—12°, у зах. ч. да 30—60°. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ, месцамі апускаецца пад ваду воз. Мядзел, утварае ланцуг выспаў (даўж. ад 200 м да 375 м). Града (оз) складаецца з пяску, жвіру, марэннага супеску і валуноў. Утварылася каля 15—20 тыс. г. назад у выніку назапашвання матэрыялу ў шчылінах ледавіка. Л.г. — эталонная форма рэльефу водналедавіковага паходжання.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЦІН-КА́МЕНЬ БРАСЛА́ЎСКІ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1992). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Лайбуны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун граніту рапаківі са шматлікімі крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў (ад 2 да 7 см у папярочніку) і таблічак (2 × 2 см). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,3 м, выш. 0.8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 10,8 м³, маса каля 28 т. Прынесены ледавіком каля 14 тыс. г. назад з паўд.-зах. Фінляндыі. На паверхні каменя ёсць 2 паглыбленні (у папярочніку 10 см, глыб. 5 см), высечаныя чалавекам 1,5—2 тыс. гадоў назад. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБО́ЕЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 1,6 км на З ад в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Пабоева. Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак і з зернямі ружовага кварцу. Даўж. 2,4 м, шыр. 1,7 м, выш. 0,8 м, у абводзе 6,3 м, аб’ём 1,9 м³, маса каля 4,9 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. На верхняй пляцоўцы захаваліся 12 паўсферычных выемак (глыб. 0,3—0,5 см, у папярочніку 3—5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. г. назад. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШАВІЦКІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 1 км на Пн ад в. Пашавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі з уключэннямі крышталёў палявога шпату. Даўж. 1,4 м, шыр. 1 м, выш. 0,4 м, у абводзе 4,3 м, аб’ём 0,3 м³, маса каля 0,8 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з ПдУ Фінляндыі. Мае цэглападобную форму. На верхняй пляцоўцы захаваліся 11 выемак (глыб. да 3 см, у папярочніку да 5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКО́ЛАТЫ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1974). Размешчаны за 1,8 км на ПдЗ ад в. Якімавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. 2 камлыгі дробназярністага шэрага граніту-гнейсу з жылкамі ружовага граніту. Паўн. камлыга даўж. 4,1 м, шыр. 2,7 м, выш. 3,8 м, у абводзе 14 м, аб’ём 23 мэ, маса каля 60 т; паўд.даўж. 4 м, шыр. 2,1 м, выш. 2,1 м, у абводзе 12 м, аб’ём 10 м³, маса каля 26 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі адзіным блокам, які раскалоўся пры раставанні лёду. У мінулым меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ СА ЗНА́КАМІ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997), на ўсх. ускраіне в. Літоўка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту дробназярністага з крышталямі біятыту і ксеналітаў цёмна-шэрага гнейсу. Захавалася ​1/3 валуна (даўж. 2,7 м, шыр. 2,4 м, выш. 1,6 м, у абводзе 7,2 м, аб’ём 5,5 м³, маса каля 14,6 т). Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паверхні каменя ёсць паглыбленне (даўж. 29 см, шыр. 14 см, глыб. да 2 см), якое лічылі следам казачнай «істоты». Амаль на вяршыні знаходзіцца паўсферычная выемка (у папярочніку 4 см, глыб. 1,5 см) з прышліфаванымі сценкамі, якая высечана чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. Валун меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НСТЭРСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

навучальная ўстанова ў Германіі. Засн. ў 1780 як ун-т. З 1818 Акадэмія філасофіі і тэалогіі, з 1902 ун-т, з 1907 ун-т Мюнстэра. У 1997/98 навуч. г. каля 45 тыс. студэнтаў; ф-ты: каталіцкай тэалогіі, пратэстанцкай тэалогіі, юрыд., філас., гісторыі і філасофіі, эканомікі і сац. навук, мед. (у т. л. стаматалогія), матэматыкі і прыродазнаўчых дысцыплін, псіхалогіі, адукацыі, фізікі, хіміі, біялогіі, фізкультуры, ням. мовы і л-ры, класічных і нееўрап. моў, мастацтва, у т. л. падрыхтоўка настаўнікаў; ф-ты вывучэння Германіі, Вялікабрытаніі і інш. краін. У складзе ун-та ін-ты, б-кі, у т. л. універсітэцкая (больш за 1,5 млн. тамоў) і інстытуцкія (1 млн. 655 тыс. тамоў); мінералагічны, геалагічны, археалагічны музеі.

В.​М.​Навумчык.

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК КАМЯНЁЎ, Эксперыментальная база ледавіковых валуноў пры Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі,

геалагічны музей пад адкрытым небам, помнік прыроды рэсп. значэння (з 1989). Прапанаваны Б.І.Гарэцкім у канцы 1970-х г. для захавання ледавіковых валуноў Беларусі, адкрыты ў 1985 у Мінску. Пл. экспазіцыі 6,5 га, больш за 2,1 тыс. экспанатаў (2000). Складаецца з 6 аддзелаў. Цэнтр. — рэльефная мадэль карты Беларусі (пл. 4,5 га; маштаб гарыз. 1:2500, верт. 1:100) з асн. ўзвышшамі, раўнінамі, нізінамі, рачной сеткай, воз. Нарач і Заслаўскім вадасх. Вакол цэнтр. экспазіцыі размешчаны аддзелы: жывільныя правінцыі, петраграфічны збор, форма валуноў, камень у жыцці чалавека, алея валуноў. У П.к. вывучаюцца ледавіковыя валуны, некат. праблемы геалогіі і інш.; праводзіцца папулярызацыя геал. і краязнаўчых ведаў.

В.​Ф.​Вінакураў.

У Парку камянёў.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)