тэстастэро́н
(ад лац. testis = мужчынскае яечка + гр. stereos = цвёрды)
гармон мужчынскіх палавых залоз, які абумоўлівае фарміраванне палавых органаў і другасных палавых прымет.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
пралакці́н
(ад лац. pro = для + lac, lactis = малако)
гармон пярэдняй часткі гіпофіза, які рэгулюе ў жывёл і чалавека функцыі малочных залоз і яечнікаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
тыраксі́н
(ад гр. thyreos = шчыт + oksys = едкі, кіслы)
гармон шчытападобнай залозы, які стымулюе абмен рэчываў, рост і дыферэнцыяцыю тканак у арганізме чалавека і жывёл.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГІГАНТЫ́ЗМ [ад грэч. gigas (gigantos) гігант],
клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс. чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рэляксі́н
(ад лац. relaxare = памяншаць, аслабляць)
гармон млекакормячых і чалавека, які выпрацоўваецца яечнікамі і плацэнтай і садзейнічае расслабленню тазавых звязак і гэтым самым нармальнаму працяканню родаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
рост, -у, М -сце, м.
1. Павелічэнне арганізма або асобных органаў у працэсе развіцця.
Час росту раслін.
Трава пайшла ў р. (расце).
2. Павелічэнне ў колькасці, у памерах; развіццё.
Р. насельніцтва.
Р. прамысловасці.
3. Узмацненне, павышэнне.
Р. палітычнай актыўнасці.
4. Удасканаленне ў працэсе развіцця.
Творчы р.
Р. майстэрства.
5. Вышыня чалавека або жывёлы.
Сярэдні р.
Касцюм не па росце (вялікі ці малы).
◊
Ва ўвесь рост, на ўвесь рост —
1) выпраміўшыся;
2) перан. патрабуючы неадкладнага вырашэння (кніжн.).
Новыя праблемы паўсталі ва (на) увесь рост;
3) перан. поўнасцю, як мае быць.
Уласнік абудзіўся ў ім ва (на) увесь рост.
|| памянш. расто́к, -тка́, м. (да 5 знач.).
|| прым. ро́ставы, -ая, -ае (да 1 і 5 знач.; спец.).
Р. час.
Роставыя рэчывы (якія ўплываюць на рост раслін). Р. гармон.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
вазапрэсі́н
(ад лац. vas = сасуд + pressare = ціснуць)
1) гармон задняй часткі гіпофіза, які выклікае звужэнне крывяносных сасудаў, павышэнне крывянога ціску, памяншае выдзяленне мачы ныркамі;
2) прэпарат гэтага гармону.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МЕНСТРУА́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,
фізіялагічны працэс, які характарызуецца цыклічнымі зменамі ў органах рэпрадукцыйнай сістэмы жанчын і самак чалавекападобных малпаў. Знешняя праява М.ц. — менструацыя (штомесячныя крывяністыя выдзяленні з палавых органаў), якая пачынаецца ў час палавога выспявання (11—15 гадоў), звычайна доўжыцца 2—7 дзён. Менструацыя адсутнічае ў цяжарных жанчын, звычайна ў час кармлення дзіцяці і пасля надыходу клімаксу.
Першая фаза М.ц. — рост і выспяванне фалікулаў у яечніках, у сярэдзіне М.ц. дамінантны фалікул лопаецца і спелая яйцаклетка на 13—15-я суткі трапляе ў брушную поласць (авуляцыя). Другая фаза М.ц. — утварэнне жоўтага цела, якое прадуцыруе гармон прагестэрон. Пад уплывам прагестэрону слізістая абалонка маткі рыхтуецца да ўспрымання аплодненай яйцаклеткі. Калі апладнення не адбываецца, жоўтае цела рэгрэсіруе, яйцаклетка гіне, а функцыянальны слой слізістай абалонкі маткі адрываецца і настае менструацыя, што сведчыць аб заканчэнні М.ц. Працягласць М.ц. — ад першага дня пачатку менструацыі да першага дня наступнай. М.ц. складае 21—35 дзён (звычайна 28), двухфазны, доўжыцца да 45—50 і больш гадоў. У рэгуляванні М.ц. ўдзельнічаюць кара галаўнога мозга, гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі, матка. Парушэнні М.ц.: аменарэя, гіпаменарэя і інш. Гл. таксама Палавы цыкл.
Ю.К.Малевіч.
т. 10, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прагестэро́н
(ад лац. pro = раней + gestatio = цяжарнасць)
жаночы палавы гармон пазваночных жывёл і чалавека, які ўтвараецца ў жоўтым целе яечніка і рэгулюе абмен рэчываў у арганізме ў час цяжарнасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эстрадыёл
[ад эструс + гр. dia = праз + (алкаг)оль]
асноўны жаночы палавы гармон пазваночных жывёл і чалавека з групы эстрагенаў, які выпрацоўваецца ў яечніках, плацэнце, семенніках; выклікае развіццё другасных жаночых палавых прымет.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)