ГІДРАГЕАЛОГІЯ
Першыя сістэматызаваныя гідрагеалагічныя даследаванні на тэр. Беларусі праведзены ў 1873—98 Зах. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам генерала І.І.Жылінскага, якая вывучала ўмовы асушэння балот Палескай нізіны. У сав. час комплексныя гідрагеал. даследаванні адноўлены, грунтоўна яны праведзены ў басейне р. Свіслач (1928), у выніку чаго выяўлены крыніцы водазабеспячэння Мінска. У 1929—35 дзейнічаў Інстытут геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, з 1935 — сектар гідрагеалогіі і інжынернай геалогіі ў Ін-це геал. навук АН. У 1936 на базе свідравіны, якая ўскрыла мінер. воды ў Бабруйску, пабудавана першая на Беларусі водалячэбніца. У 1944 складзены першы кадастр падземных вод. У 1945—46 складзены дробнамаштабныя гідрагеал. карты Беларусі, вывучаны хімізм і асн. элементы балансу падземных вод. З 1958 вядзецца сярэднемаштабная геолага-гідрагеал. здымка, з 1970 — гідрагеахім. здымка.
З пачатку 1990-х г. шырока вядуцца даследаванні па пошуку, народнагаспадарчым і медыкабальнеалагічным выкарыстанні мінер. падземных вод краіны. У выніку адкрыта шмат тыпаў мінер. вод, на базе якіх ствараюцца водалячэбніцы ў санаторыях, дамах адпачынку, прафілакторыях; створана новая галіна гаспадаркі — разліў у бутэлькі лячэбных вод; калектыў даследчыкаў (С.П.Гудак, Э.С.Кашыцкі, А.В.Кудзельскі, М.У.Нячаеў, П.З.Хоміч, М.Г.Ясавееў) адзначаны Дзярж. прэміяй Рэспублікі Беларусь (1998). У 1990—2000-я г. асн. акцэнт у навукова-прыкладных даследаваннях рабіўся на гідраэкалагічныя вышуканні; распрацавана навук. абгрунтаванне новай навукі гідрагеаэкалогіі, якая аб’ядноўвае гідрагеалогію, экалогію, геалогію, геаграфію і інш. навукі. Рэсурсы і хім. састаў падземных вод і расолаў, умовы іх фарміравання, прынцыпы аховы і рацыянальнага выкарыстання даследуюць у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (Г.В.Багамолаў, М.Ф.Казлоў, А.В.Кудзельскі, В.І.Пашкевіч, У.М.Шымановіч, М.Г.Ясавееў), у Бел. н-д. геолагаразведачным ін-це (С.П.Гудак, А.П.Лаўроў, Г.Л.Фурсікаў), Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі (У.С.Альхавік, У.А.Зубок, У.Дз.Коркін), Гомельскім ун-це (В.Г.Жогла), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (В.П.Рагуновіч, В.С.Усенка, М.М.Чарапанскі) і інш.
Літ.:
Кудельский А.В., Пашкевич В.И., Ясовеев М.Г. Подземные воды Беларуси. Мн., 1998;
Кудельский А.В., Ясовеев М.Г. Минеральные воды Беларуси. Мн., 1994.
М.Г.Ясавееў.
т. 18, кн. 2, с. 558