КЛЕ́ЙБЕР, Клайбер (Kleiber) Эрых (5.8.1890, Вена — 27.1.1956), аўстрыйскі дырыжор. Скончыў кансерваторыю і ун-т у Празе. З 1912 выступаў у гарадах Германіі. У 1923—35 генерал-музік-дырэктар Ням. дзярж. оперы ў Берліне. У 1930—32 выступаў з Нью-Йоркскім філарманічным аркестрам. У 1935 эмігрыраваў. У 1936—49 гал. дырыжор т-ра «Калон» у Буэнас-Айрэсе. У 1954—55 узначальваў Дзярж. оперу ў Берліне. Інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Р.​Штрауса; імкнуўся да максімальнага выяўлення аўтарскай задумы. Аўтар «Капрычыо», варыяцый і уверцюры для сімф. аркестра, канцэртаў для фп. і скрыпкі з аркестрам, камерных твораў, рамансаў.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКА́НЧЫКАЎ (Аляксей Уладзіміравіч) (30.7.1940, г.п. Ягаднае Магаданскай вобл., Расія — 29.1.1972),

бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Засл. майстар спорту СССР (1966). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1962). Сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка) у камандным першынстве. Чэмпіён свету ў асабістым (1966, Масква; 1967, г. Манрэаль, Канада; 1970, Анкара) і камандным (1967, Манрэаль; 1969, Гавана) першынстве. Сярэбраны (1966, Масква; 1971, Вена) і бронзавы (1962, Буэнас-Айрэс; 1965, Парыж) прызёр чэмпіянатаў свету ў камандным першынстве, сярэбраны (1969) прызёр у асабістым першынстве. Чэмпіён СССР (1969, 1971) у асабістым першынстве. Лепшы шпажыст свету (1969).

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАК ((Pollack) Міхай) (1773, Вена — 5.1.1855),

венгерскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Венскай АМ. З 1799 працаваў у Пешце. Пабудовы П. ў значнай ступені ствараюць класіцыстычнае аблічча левабярэжнай ч. Будапешта 18—1-й пал. 19 ст. Ім уласцівы манументальнасць і прастата форм, стрыманая пластыка фасадаў, выразнасць архітэктанічнага дэкору: у Будапешце — лютэранская царква (1799), уласны дом (1822), будынкі Ваен. акадэміі (б. ліцэй Людовіка; 1829—35), Нац. музея (1837—47); Дом абл. савета ў Секешфехервары (1807—12, з Я.​Тэглем), замак у Алчуце (1819—27, не захаваўся), дом камітацкай управы ў Сексардзе (1827—53).

І.​Л.​Чэбан.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

артэ́рыя

(гр. arteria)

1) крывяносны сасуд, які нясе кроў ад сэрца ва ўсе часткі цела (параўн. вена);

2) перан. важны шлях зносін (напр. водныя артэрыі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ГРЫ́ЛЬПА́РЦЭР ((Grillparzer) Франц) (15.1.1791, Вена — 21.1.1872),

аўстрыйскі драматург, празаік, адзін з пачынальнікаў новай аўстр. л-ры. Чл. Аўстр. АН. Атрымаў юрыд. адукацыю. Першы значны твор — «трагедыя лёсу» «Прамаці» (1817). Трагедыя «Сафо» (1818) прысвечана адвечнаму і непазбежнаму антаганізму паэзіі і жыцця, немагчымасці шчасця для сапраўднага мастака. Гісторыя крушэння Напалеона адлюстравана ў трылогіі «Веліч і падзенне караля Атакара» (1825). Аўтар гіст. трылогіі «Залатое руно» (1822), трагедыі «Хвалі мора і кахання» (1831), драм. казкі «Сон — жыццё» (1834), гіст. камедыі «Гора лгуну» (1837), навел (зб. «Сандамірскі кляштар», 1828), філас. медытатыўнай лірыкі, прац па эстэтыцы, гісторыі л-ры і тэатра.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М.; Л., 1961.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЭНЦ ((Lorenz) Конрад) (7.11.1903, Вена — 27.2.1989),

аўстрыйскі заолаг і філосаф; адзін з заснавальнікаў эталогіі. Вучыўся ў Нью-Йоркскім і Венскім ун-тах. З 1940 праф. Кёнігсбергскага ун-та. У 1944—48 у сав. палоне. З 1950 кіраўнік Ін-та фізіялогіі паводзін навук. т-ва Макса Планка (Германія). Навук. працы па пытаннях ранняга абучэння (запамінання) і яго ролі ў фарміраванні паводзін у дарослых жывёл. Распрацаваў вучэнне аб інстынктыўных паводзінах і іх развіцці ў анта- і філагенезе.

Распаўсюджваў біял. заканамернасці паводзін жывёл на чалавека і чалавечае грамадства. Філас. працы па эвалюц. эпістэмалогіі, сацыябіялогіі і інш. Нобелеўская прэмія 1973 (разам з Н.Тынбергенам і К. фон Фрышам).

К.Лорэнц.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙТРА, Нёйтра (Neutra) Рыхард Іозеф (8.4.1892, Вена — 16.4.1970), амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Скончыў Вышэйшыя тэхн. школы ў Вене (1917), вучыўся ў Цюрыху (1918—23). У 1921—22 супрацоўнічаў з Э.Мендэльзонам у Берліне. З 1923 жыў у ЗША, працаваў з Ф.Л.Райтам. Асэнсоўваючы вопыт еўрап. функцыяналізму і амер. арганічнай архітэктуры, вял. значэнне надаваў сувязі збудаванняў з наваколлем, будаваў свабодныя паводле аб’ёмнай кампазіцыі дамы з выкарыстаннем жалезабетону, шкла і стальнога каркаса. Асн. работы: Жардынет-апартментс (1927), Лоўэл-хаўс (1927—29) у Лос-Анджэлесе, дом Каўфлана, т.зв. асабняк у пустыні (1946—47) у Палм-Спрынгсе; школы павільённага тыпу, пасёлкі з ізаляванымі трансп. патокамі.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТЛЬ ((Mottl) Фелікс) (24.8.1856, Вена — 2.7.1911),

аўстрыйскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Венскую кансерваторыю, вучань А.Брукнера і інш. З 1881 дырыжор, з 1893 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра ў г. Карлсруэ, з 1903 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра і адначасова (з 1904) адзін з кіраўнікоў Муз. акадэміі ў Мюнхене. Вядомы пераважна як інтэрпрэтатар опер Р.​Вагнера, якімі дырыжыраваў у Байройце («Трыстан і Ізольда», 1886), Лондане («Пярсцёнак нібелунга», 1898), Маскве і Пецярбургу (1910, 1911). Выступаў і як сімф. дырыжор. Аўтар стр. квартэта, песень, шматлікіх рэдакцый, апрацовак, арк. і фп. пералажэнняў п’ес Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, А.​Грэтры, К.​В.​Глюка і інш.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕРН ((Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон) (3.12.1883, Вена — 15.9.1945),

аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.

Тв.:

3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак. творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар. рэліг. тэксты.

Літ.:

A. Webern. Bd. 1. München, 1983.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР ((Bauer) Ота) (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),

адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)