КРЫЖАДЗЮ́БЫ (Loxia),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 3 віды: К.-яловік (L. curvirostra), К.-сасновік (L. pytyopsittacus) і К. белакрылы (L. leucoptera). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр, Амерыцы, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жывуць у хвойных лясах. На Беларусі трапляюцца ўсе віды.

Даўж. да 20 см, маса да 58 г. Апярэнне самцоў буравата-чырв., самак — зеленаватае. Дзюба вял., жоўтая, яе верхняя і ніжняя ч. перакрыжаваныя (адсюль назва). Кормяцца насеннем з шышак елкі. хвоі і інш., насякомымі. Трымаюцца невял. чародкамі, у час гнездавання — парамі. Гнёзды на дрэвах. Нясуць 2—5 яец 1—2 разы за год.

Да арт. Крыжадзюбы. Крыжадзюб-яловік (1 — самец; 2 — самка).

т. 8, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ (Panthera leo),

млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Цэнтр. Афрыцы (10 падвідаў) і Паўд. Азіі (1 падвід). Жыве ў саваннах, радзей у рэдкалессі і пустынях. Індыйскі падвід (Р. 1. persica) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 240 см, маса да 280 кг, самкі драбнейшыя. Тулава моцнае, сухое, лапы невысокія. Хвост даўж. да 110 см, на канцы з цёмным кутасікам. Самцы маюць грыву. Поўсць кароткая, буравата-жоўтая, грыва цямнейшая. Трымаюцца пераважна парамі або прайдамі (групы да 30 асобін рознага полу і ўзросту). Драпежнік. Нараджае 1—6 кацянят раз у 2 гада. Трапляюцца помесі з тыграм і леапардам.

Э.​Р.​Самусенка.

Леў.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАВІКІ́ (Xerocomus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 5 відаў М.: зялёны, ці заечы баравік (X. subtomentosus), каштанавік, або польскі грыб (X. badius), паразітны (X. parasiticus), стракаты, ці чырв., ці казляк (X. chrysenteron), чырванеючы (X. rubellus). Трапляюцца ў хвойных і лісцевых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—12 см, жоўтая, буравата-аліўкавая, слізістая або сухая. Спараносны слой трубчасты, жоўты, зеленавата-жоўты. Ножка цыліндрычная, суцэльная, валакністая. Мякаць белая або жаўтаватая з прыемным пахам і смакам, часта на зломе сінее. Споры верацёнападобныя, гладкія, бура-жоўтыя. Ядомыя.

С.​С.​Колас.

Махавікі.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧАТАКАРЭ́ННІК (Dactylorhiza),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Больш за 150 (па інш. звестках каля 30) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: майскі (D. majalis), мяса-чырвоны (D. incarnata), плямісты (D. maculata), Фукса (D fuchsii). Трапляюцца ў вільготных лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Клубні сціснутыя, пальчатараздзельныя (адсюль назва). Сцёблы прамыя, шчыльныя. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, зялёнае або з цёмнымі буравата-чырв. плямамі. Кветкі няправільныя, жоўтыя, пурпуровыя, ружовыя, фіялетава-чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Пальчатакарэннік: 1 — плямісты; 2 — мясачырвоны.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕТО́ПСІС (Boletopsis),

род базідыяльных грыбоў сям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНАЯ САВА́ (Asio flammeus),

птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.

Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.

Балотная сава.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́ТЫ (ад лац. granatus зярністы),

група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў з агульнай формулай R​2+R​3+ [Sio4]3, дзе R​2+ — Ca, Fe, Mg, Mn, а R​3+ — Al, Fe, Cr. Утвараюць ізаморфныя рады, канцавыя члены якіх — піроп (цёмна-ружавата-чырвоны, чорны), альмандзін (чырвоны, бура-шэры, чорны), спесарцін (аранжава-жоўты, буры, цёмна-чырвоны), грасуляр (мядова-жоўты, бледна-зялёны, буры), андрадыт (жоўты, зеленаваты, буравата-чырвоны), шарламіт (чорны), уваравіт (ізумрудна-зялёны). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае асобныя крышталі, трапляецца і ў выглядзе зярністай масы. Бляск шкляны. Цв. 6—7,5. Шчыльн. 3,2—4,3 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага і магматычнага паходжання. Выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні (празрыстыя і прыгожа афарбаваныя), абразіўныя матэрыялы, у пошукавай геалогіі.

У.​Я.​Бардон.

Гранат.

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУША́Н (Plecotus auritus),

млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.

Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г. Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.

Вушан.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЬШТУЧНІК, зуёк вялікі (Charadrius hiaticula),

птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Трапляецца на вял. спустошаных лугах-пашах, прыбярэжных косах і водмелях. На Беларусі рэдкі від, адзначаны на пралётах і зрэдку летам на пясчаных берагах, косах і водмелях Дняпра, Сажа. Прыпяці і інш. рэк; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 22,5 см, маса 55—75 г. Патыліца. спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка, сярэдзіна лба і падхвосце белыя. На валляку чорная папярочная паласа — «гальштук» (адсюль назва). Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны. Корміцца чарвямі, малюскамі і інш. беспазваночнымі. Гняздуецца на пясчаных і галечнікавых водмелях, выдмах. Нясе 3—5 яец.

Гальштучнік.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ginger

[ˈdʒɪndʒər]

1.

n.

1) імбі́р -у m.

2) прыпра́ва зь імбі́ру

3) informal жы́васьць, жва́васьць, вёрткасьць; руха́васьць, энэргі́чнасьць f.

2.

adj.

чырванава́та- або́ бурава́тао́ўты о́лер)

3.

v.t.

1) запраўля́ць імбі́рам

2) informal ажыўля́ць

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)