буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).
Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч.брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл.Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШЭ́ЧНІК,
частка стрававальнага тракту ад страўніка да задняга праходу ці клаакі (у чалавека, пазваночных, членістаногіх, кольчатых чарвей) ці страва вальная трубка (у кішачнаполасцевых круглых чарвей). У К. адбываюцца асн. працэсы ператраўлення ежы (поласцевае, прысценкавае, мембраннае і ўнутрыклетачнае страваванне) і ўсмоктвання значнай ч. пажыўных рэчываў і вады.
У чалавека і пазваночных жывёл К. падзяляецца на тонкую (дванаццаціперсная кішка, парожняя і падуздышная) і тоўстую (сляпая, абадочная, сігмападобная і прамая) кішкі. Даўж. К. ў некалькі разоў перавышае даўж цела [у чалавека ў 3—4 разы (4,5—6 м), у свінні ў 17 разоў і інш.]. К. у чалавека фарміруецца на трэцім тыдні эмбрыянальнага развіцця. Прымацаваны да задняй сценкі жывата пры дапамозе брыжэйкі. Звонку К. укрыты брушынай; сценка складаецца са слізістай абалонкі, укрытай аднаслаёвым эпітэліем, падслізістага слоя, мышачнай (забяспечвае перыстальтыку) і серознай абалонак. Слізістая абалонка тонкай кішкі мае да 150 млн. уласна залоз (крыптаў), шмат складак, да 4 млн. варсінак, мікравырасты эпітэліяльных клетак, таму паверхня слізістай абалонкі павялічваецца да 1300 м². У тоўстай кішцы ўсмоктваюцца вада, мінер. солі, фарміруюцца калавыя масы, расшчапляецца клятчатка расліннай ежы ад браджэння і гніення, выкліканага мікраарганізмамі. Кровазабеспячэнне К. адбываецца з галін брушной аорты — верхняй і ніжняй брыжэйкавых артэрый; адток венознай крыві, што ўтрымлівае прадукты ўсмоктвання, — па варотнай вене ў печань. Адток лімфы забяспечваюць капілярныя лімфатычныя сеткі варсінак (усмоктванне тлушчаў), што зліваюцца ў лімфатычныя сасуды. Дзейнасць К. рэгулюецца вегетатыўнай нервовай сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
частка нерв. сістэмы, што рэгулюе дзейнасць унутр. органаў і жыццёва важныя функцыі арганізма (абмен рэчываў, страваванне, тэрмарэгуляцыю і інш.).
Тэрмін «вегетатыўная» прапанаваў франц. анатам М.Біша (1800). Адрозніваюць сімпатычную і парасімпатычную часткі вегетатыўнай нервовай сістэмы; кожная з іх прадстаўлена цэнтр. і перыферычным аддзелам. Вегетатыўныя цэнтры сімпатычнай нерв. сістэмы складаюцца з нерв. клетак, размешчаных у бакавых рагах спіннога мозга (сегментарныя цэнтры) і звязаных перадгангліянарнымі нерв. валокнамі з пагранічным сімпатычным ствалом і вузламі перадпазваночных спляценняў. Валокны перыферычнай часткі, што пачынаюцца з пагранічнага сімпатычнага ствала і вузлоў перадпазваночных спляценняў (постгангліянарныя), ідуць да ўнутр. органаў. Валокны ад бакавых рагоў спіннога мозга перарываюцца на клетках вузлоў нерв. спляценняў брушной поласці (чарэўнае, падчарэўнае і інш.) і на клетках вузлоў каля ўнутр. органаў (сардэчнае, лёгачнае, ныркавае і інш.), а потым ідуць ва ўнутр. органы. Вегетатыўныя цэнтры парасімпатычнай нерв. сістэмы размешчаны ў ствале галаўнога мозга (сярэдні і прадаўгаваты мозг) і крыжавым аддзеле спіннога мозга. Адросткі клетак гэтых цэнтраў перарываюцца на нерв. клетках вузлоў галавы і з чарапнымі нервамі ідуць да зрэнак, слінных залоз, унутр. органаў. Нерв. валокны, што ідуць ад клетак крыжавога цэнтра парасімпатычнай нерв. сістэмы, пасля перарыву ў нерв. гангліях тазавага спляцення інервуюць мачавы пузыр, прамую кішку і палавыя органы. Кожны ўнутр. орган інервуецца абодвума аддзеламі вегетатыўнай нервовай сістэмы. Маючы розныя функцыі, сімпатычны і парасімпатычны аддзелы вегетатыўнай нервовай сістэмы дзейнічаюць на органы адначасова і рэгулююць іх дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́СКІ (Mollusca),
мяккацелыя, тып беспазваночных жывёл. 2 падтыпы: боканервовыя (2 або 3 класы) і ракавінныя (5 кл.). Каля 130 тыс. сучасных і больш за 100 тыс. вымерлых відаў. Вядомы з ранняга палеазою (больш за 550 млн. гадоў назад). Важны сродак вызначэння ўзросту геал. адкладаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі больш за 60 відаў з кл.двухстворкавых малюскаў і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. У Чырв. кнізе Беларусі жамчужніца звычайная.
Даўж. ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна), на Беларусі да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некат. відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некат. відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хім. адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі ч. раслін; ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Ядомыя М. (вустрыцы, грабеньчыкі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны М выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкар.-прыкладным мастацтве. Гл. таксама Галаваногія малюскі.