ВІНАГРА́ДАРСТВА,

1) галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем вінаграду. Забяспечвае насельніцтва свежым і сушаным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробную (гл. Вінаробства) і кансервавую прам-сць сыравінай. Вінаградарства мае 4 вытв. кірункі: сталовае вінаградарства — вытв-сць свежага вінаграду для мясц. спажывання, вывазу і захоўвання; вінаградарства як сыравінная база вытв-сці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў; вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80% усяго вінаграду) і кансервавай прамысловасці. Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.

Вінаградарства з’явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор’я, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі. Сусв. вытв-сць вінаграду складае штогод 57—60 млн. т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова. Прамысл. вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўн. мяжа вырошчвання прамысл. вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.

На Беларусі вінаград вядомы з 16 ст. Аматарскае вінаградарства адзначана ў большасці раёнаў, невял. вытворчае — у Пінскім, Столінскім, Хойніцкім і Мінскім. Найб. спрыяльныя для яго развіцця паўд. раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей (акрамя раёнаў, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС). Доследныя работы па селекцыі вінаграду на Беларусі праводзяцца ў Бел. НДІ пладаводства (в. Самахвалавічы Мінскага р-на). Беларусь атрымлівае вінаград пераважна з Малдовы. Прамысл. вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш.

2) Навука аб біял. асаблівасцях вінаграду і спосабах яго вырошчвання; раздзел раслінаводства. Складаецца з агульнага вінаградарства (вывучае пытанні біялогіі, экалогіі і агратэхнікі вінаграду); прыватнага (распрацоўвае агратэхніку вінаграду ў розных глебава-клімат. умовах, для розных вытв. кірункаў, а таксама пры вырошчванні вінаграду ў цяпліцах); ампелаграфіі — навукі аб сартах і відах вінаграду; селекцыі вінаграду — навукі пра вывядзенне новых сартоў.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыдатныя для гасп. выкарыстання аднаўляльныя паверхневыя воды, глебавыя воды і падземныя воды; адзін з найважнейшых відаў прыродных рэсурсаў. Асн. крыніцай водных рэсурсаў служаць прэсныя воды сушы, якія папаўняюцца за кошт ападкаў атмасферных і аднаўляюцца ў працэсе кругавароту вады на Зямлі.

Складаюцца з расходных элементаў воднага балансу рачных басейнаў — сцёку і выпарэння (гл. Водны баланс Зямлі) Рэсурсы сцёку вял. тэрыторый ці рачных вадазбораў вызначаюцца па велічыні паверхневага і падземнага сцёку, рэсурсы глебавай вільгаці — па велічыні выпарэння з сушы ў цёплы (вегетацыйны) перыяд года. Паводле сярэдніх шматгадовых паказчыкаў, рэсурсы сцёку сушы Зямлі складаюць 44,6 тыс. км³ за год, у т. л. Еўропы 3,2, Азіі 14,4, Афрыкі 4,6, Паўн. Амерыкі 8,2, Паўд. Амерыкі 11,8, Аўстраліі і Акіяніі 2,4 тыс. км³ за год. Найб. аб’ём сцёку мае Бразілія — 22% сусв. рэсурсаў (за кошт р. Амазонка). У якасці водных рэсурсаў у асобных мясцовасцях выкарыстоўваюць атм. вільгаць, марскую ваду (апрэсненую), ваду, атрыманую з ледавікоў, і інш. Зямля забяспечана воднымі рэсурсамі, іх дэфіцыт у некаторых краінах узнікае пераважна ў выніку антрапагеннага забруджвання і разбурэння прыродных экасістэм. Комплекснае выкарыстанне і ахова водных рэсурсаў — задача воднай гаспадаркі. Водныя рэсурсы эксплуатуюцца пры водакарыстанні і водазабеспячэнні. Адрозніваюць натуральныя (патэнцыяльныя) і змененыя (наяўныя) рэсурсы рачнога сцёку, натуральныя і эксплуатацыйныя (якія можна выкарыстаць) рэсурсы падземных вод.

Водныя рэсурсы Беларусі складаюцца з рачнога сцёку, глебавай вільгаці і падземных вод. За год выпадае 146 км³ атм. ападкаў, з іх 110 км³ ідзе на выпарэнне, астатняе — на сцёк. Сярэднешматгадовыя натуральныя рэсурсы сцёку (км за год): мясцовыя 36,4, агульныя (разам з прытокам з-за мяжы) каля 58, наяўныя мясцовыя каля 38,8, агульныя — 63. Прырост наяўных рэсурсаў адбыўся ў выніку гідрамеліярацыі ў вадазборы Прыпяці. Рэсурсы глебавай вільгаці складаюць каля 90 км³ за год. Натуральныя рэсурсы падземных вод складаюць 15,9, эксплуатацыйныя — 18,1, з іх разведаныя агульныя эксплуатацыйныя запасы — 2,31 км³ за год. Пытанні выкарыстання і аховы водных рэсурсаў рэгулююцца актамі воднага заканадаўства і інш.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРОДАНАСЕ́ЛЬНІЦТВА, насельніцтва,

сукупнасць людзей, якія жывуць на зямным шары (чалавецтва) ці ў межах канкрэтнай тэрыторыі, кантынента, краіны. У адрозненне ад універсальнага тэрміна «насельніцтва» тэрмін «Н.» часцей выкарыстоўваецца пры сац.-эканам. характарыстыцы насельніцтва. Н. характарызуюць паказчыкі: колькасць насельніцтва і яе дынаміка, інтэнсіўнасць асобных дэмаграфічных працэсаў — нараджальнасць, смяротнасць, натуральны прырост, працягласць жыцця, узростава-палавы склад і сямейнае становішча, нацыянальны склад насельніцтва, рассяленне, міграцыя насельніцтва, урбанізацыя, расавы, этн. і рэліг. склад. Паказчыкі, якія адлюстроўваюць сац.-эканам. структуру Н., — эканамічна актыўнае насельніцтва, яго прафесійны і класавы склад, занятасць. Арыенціровачна да канца эпохі палеаліту (каля 15 тыс. г. да н.э.) колькасць насельніцтва дасягала 3 млн. чал., да канца неаліту (2 тыс. г. да н.э.) — 50 млн. чал., на пач. нашай эры — 230 млн. чал., у 1650—550 млн. чал., у 1750—725, у 1850—1175, у 1900—1600, у 1950—2556, у 1980—4458 млн. чал.; па разліках ААН на 12.10.1999 у свеце налічвалася 6 млрд. чалавек.

Для найлепшага спалучэння росту насельніцтва з эканам. развіццём асобных краін і свету ў цэлым вял. значэнне мае нацыянальная дэмаграфічная палітыка (сац., эканам., юрыд. і інш. мерапрыемствы, накіраваныя на змену працэсаў узнаўлення пакаленняў, міграцыі і інш.). З краін Еўропы найбольш актыўную дэмаграфічную палітыку праводзіць Францыя. Шырокая праграма планавання велічыні сям’і ажыццяўляецца ў Японіі. Кітаі і Індыі (скарачэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва). Буйнейшыя па колькасці Н. краіны (1998, млн. чал.): Кітай (1236,9), Індыя (984), ЗША (270,3), Інданезія (212,9), Бразілія (169,8), Расія (146,9), Пакістан (135,1), Бангладэш (127,6), Японія (125,9), Нігерыя (110,5). Н. зямнога шара размяшчаецца нераўнамерна — на 7% сушы жыве 70% усіх людзей, 37% сушы не заселена. Н. свету складаецца з прыкладна 2 тыс. народаў, частка з іх склалася ў нацыі, інш. ўяўляюць сабой народнасці або групы плямён. Даследаваннямі Н. займаецца навука дэмаграфія. Паводле перапісу 1999 на Беларусі Н. складае 10203,8 чал.

Літ.:

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;

Валентей Д.И. Проблемы народонаселения. М., 1961;

Народонаселение. Соврем. состояние науч. знания. М., 1991.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.​Н.​Жданоўская, Г.​П.​Астапенка.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЗНАВА́ЛЬНЫЯ ЗНА́КІ,

адзнакі на транспартных сродках, ваен. тэхніцы і ўзбраенні. Вызначаюць іх дзярж. прыналежнасць, прызначэнне, дачыненне да аб’яднанняў, відаў і родаў войскаў і інш. Складаюцца з сімвалаў, літар, лічбаў, спец. знакаў і іх камбінацый.

Апазнавальныя знакі лятальных апаратаў (ЛА) вызначаюцца Міжнар. арг-цыяй грамадз. авіяцыі (ІКАО). Звычайна складаюцца з пач. літар назвы дзяржавы і лічбавага знака, які прысвойваецца ЛА пры занясенні ў рэестр грамадз. паветр. суднаў дзяржавы. Наносяцца на крылы, бакавыя паверхні фюзеляжа, кіль. Ваен. самалёты і верталёты маюць апазнавальныя знакі ў выглядзе геам. фігур (кругоў, квадратаў, палос, зорак, крыжоў і інш.). Напр., апазнавальныя знакі ЛА Германіі — чорны крыж і выява дзярж. сцяга; Японіі — чырвоны круг; ЗША — белая пяціканцовая зорка. Апазнавальныя знакі караблёў і суднаў (у т. л. ваен.) — выява дзярж. сцяга і бартавы нумар (вялікія караблі маюць таксама ўласную назву). Апазнавальныя знакі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, іх прыналежнасці да віду ўзбр. сіл, роду войскаў (службы) маюць большасць дзяржаў. Апазнавальныя знакі прыналежнасці да аб’яднання, злучэння і інш. ўключаюць іх эмблемы і групу лічбаў, іншыя апазнавальныя знакі — спец. каляровыя знакі ў выглядзе палос, рысункаў, геам. фігур і г.д. На грамадз. трансп. сродках наносяцца міжнар. апазнавальныя знакі (гл. табл.).

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь апазнавальныя знакі — круг, падзелены гарызантальнай лініяй. У верхняй палове круга літары МА, знізу — выява дзярж. сцяга. На аўтамабілі, матацыклы, прычэпы таксама наносяцца: чырвоны крыж — на санітарныя машыны; Т — на машыны трансп. групы; ВАІ — на аўтамабілі і матацыклы ваен. аўтаінспекцыі і інш.

Міжнародныя апазнавальныя знакі на аўтамабілях
Аргенціна RA ЗША USA Расія ROS
Аўстрыя A Ізраіль IL Румынія RO
Балгарыя BG Індыя IND Турцыя TR
Беларусь BY Іспанія E Украіна UA
Бельгія B Італія I Фінляндыя SF
Бразілія BR Канада CON Францыя F
Венгрыя H Кітай TJ Чэхія CZ
Вялікабрытанія GB Латвія LR Швейцарыя CH
Германія D Нарвегія N Швецыя S
Данія DK Партугалія P Югаславія YU
Егіпет ET Польшча PL Японія J
Апазнавальныя знакі на ваенных самалётах: 1 — Вялікабрытаніі; 2 — ЗША; 3 — Італіі; 4 — Кітая; 5 — Фінляндыі; 6 — Францыі; 7 — ФРГ; 8 — Японіі.
Апазнавальныя знакі (эмблемы) на трубах гандлёвых суднаў: 1 — Вялікабрытаніі (кампанія «Рабінзон энд Сан»); 2 — Галандыі («Конінклійке»); 3 — ЗША («Мобіл Ойл»); 4 — Італіі («Адрыятыка Сасьетэ»); 5 — Канады («Уэстэрн Канада Стымшып»); 6 — Турцыі («Дэнезчылык Банкасы»); 7 — ФРГ («Ханза»); 8 — Японіі («Таё Каюн Сангуо»).
Апазнавальныя знакі авіяэскадрылляў. Тактычных знішчальных: 1—2 — Вялікабрытаніі; 9—12 — ЗША; знішчальных: 3—4 — Вялікабрытаніі; 5—8 — Францыі («Эльзас», «Іль дэ Франс», «Нармандыя—Нёман», «Ларэн»).

т. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),

інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.

Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.​Б.​Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.​Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.​Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.​Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.

На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.​Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.​Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.​Бетховена, І.​Гайдна, Ш.​Гуно, Л.​Керубіні, В.​А.​Моцарта, Дж.​Расіні, Д.​Чымарозы, Р.​Крэйцэра, М.​Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.​Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.​Мендэльсона, Б.​Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.​Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцгвам Ф.​Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.​Тэраўскага і В.​Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел. прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял. Айч. вайны М.​Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел. нар. мелодый для духавога арк. М.​Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.​Алоўнікава, Я.​Глебава, І.​Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.​Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.​Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.​Цізола і Э.​Элінгтана, «Фламінга» Г.​Гроя, «Бразілія» А.​Барэса) кампазітараў.

Літ.:

Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.

А.​Л.​Карацееў.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБО́Р,

1) афіцыйны сход епіскапаў і інш. прадстаўнікоў хрысц. цэркваў, які склікаецца з мэтай распрацоўкі палажэнняў веравучэння, богаслужэння, дысцыплінарных норм і мер барацьбы з ерасямі. Па традыцыі першым С. лічыцца сустрэча апосталаў у Іерусаліме. Бываюць памесныя, на якіх збіраюцца іерархі асобных краін ці рэгіёнаў, і ўсяленскія саборы. У каталіцызме памесны С. наз. сінодам.

2) Гал. храм горада ці манастыра, дзе богаслужэнне праводзіць вышэйшая асоба (патрыярх, архіепіскап і інш), таксама храм, прызначаны для сумеснага богаслужэння духавенствам з некалькіх цэркваў. Саборны храм у епархіяльным горадзе наз. кафедральным. Архітэктура С. звычайна вызначаецца ’манументальнасцю форм, адлюстроўвае асн. тэндэнцыі пануючага арх. стылю. Сярод найб. яскравых узораў саборнай архітэктуры: Канстанцінопальскі Сафійскі сабор (532—537), С. ў гарадах Вормс, Майнц, Трыр, Шпаер (Германія), Саламанка (Іспанія; усе раманскі стыль), Светыцхавелі(Грузія, 1010—29), Ланскі сабор, Кёльнскі сабор, Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Шартрскі сабор, С. ў Мілане (Італія), Кентэрберы (Вялікабрытанія; усе готыка), Рыжскі Домскі сабор (раманагатычны стыль з рысамі барока), Рымскі сабор святога Пятра, С. Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (Італія, абодва рэнесанс), св. Хрыстафора ў Гаване, св. Гала ў г. Санкт-Гален (Швейцарыя), Успенскі ў Смаленску (усе барока), Ісакіеўскі сабор і Казанскі сабор у Пецярбургу, св. Паўла ў Лондане, кафедральны ў Вільнюсе (усе класіцызм) і інш. Вылучаюцца помнікі стараж.-рус. і сярэдневяковага дойлідства — Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор, саборы Крамля Маскоўскага, Пакроўскі С., што на Рове ў Маскве (гл. Васіля Блажэннага храм) і інш.

На Беларусі С. вядомы з 11 ст. Найб. значныя з іх: Полацкі Сафійскі сабор (11—17 ст.), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Пакроўскі С. у Віцебску (усе класіцызм), Барысаўскі Васкрасенскі сабор (псеўдарус. стыль) і інш. У Мінску кафедральным правасл. С. з’яўляецца Святадухаўскі сабор (у будынку Мінскага касцёла і кляштара бернардзінак). Гал. храмы манастыроў: Успенскі С. Жыровіцкага Успенскага манастыра, Крыжаўзвіжанскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і інш. Зрэдку С. наз. храм, які мае некалькі прыдзелаў (алтароў).

3) У іканаграфіі С. — кампазіцыйна пабудаваная выява некалькіх асоб ці мноства святых, Сіл нябесных, аб’яднаных паводле прынцыпу іх узаемасувязі. Напр., С. апосталаў, С. архангела Міхаіла, С. бел. святых (пасля кананізацыі С. Новапакутнікаў Мінскай епархіі напісаны і асвячоны аднайм. абраз; 1999, іканапісец П.​Жараў), а таксама складаныя іканапісныя сюжэты (напр., С. архангела Міхаіла, С. Маці Божай, С. Іаана Прадцечы).

Літ.:

Соборы мира: Пер с англ М., 1998.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Да арт. Сабор. П.​Жараў. Сабор Новапакутнікаў Мінскай епархіі.
Успенскі сабор у г. Уладзімір (Расія).
Сабор святога Паўла ў Лондане.
Сабор у г. Бразілія. 1970.
Сабор-крэпасць у г. Трыр (Германія).
Крыжаўзвіжанскі сабор у г. Полацк.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,

галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем с.-г. жывёл для вытворчасці жывёлагадоўчых прадуктаў. Забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малочныя прадукты, мяса, яйцы, мёд і інш.), лёгкую і харч. прам-сць сыравінай (скура, воўна, мяса, малако і інш.), дае жывую цяглавую сілу (коні, валы, аслы, мулы, вярблюды, паўн. алені і інш.), асобныя кармы (касцявая мука і інш.), лек. сродкі (гармоны, сывараткі) і арган. ўгнаенні. Грунтуецца на заатэхніі. Цесна звязана з раслінаводствам. Гал. падгаліны: буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля, козагадоўля, аленегадоўля, птушкагадоўля, зверагадоўля, пчалярства, рыбагадоўля, трусагадоўля, шаўкаводства. Развіта ў большасці краін свету. Таварная мясная і малочная Ж., птушкагадоўля на прамысл. аснове развіты ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, мясная Ж. — у краінах Лацінскай Амерыкі, свінагадоўля — у Кітаі, авечкагадоўля — у Аўстраліі і Новай Зеландыі. У свеце налічваецца (1994; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1279,5, у т. л. ў Індыі — 193, Бразіліі — 151,6, ЗША — 101,8; свіней — 873,1, у т. л. ў Кітаі — 400,7, Бразіліі — 151,6, ЗША — 56,8; авечак — 1103, у т. л. ў Аўстраліі — 132, Кітаі — 112,4, Новай Зеландыі — 51. Вытв-сць асн. прадуктаў Ж. складае (1994; млн. т); мяса — 193,8 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Бразілія), малака — 460,1 (гал. вытворцы ЗША, Расія, Індыя), яец — 39 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Японія), воўны — 2,7 (гал. вытворцы Аўстралія, Новая Зеландыя, Кітай). Ж. развіта ва ўсіх краінах, якія ўтварыліся на тэр. б. СССР, асабліва ў Прыбалтыцы, на Украіне, у Расіі. Аднак пагалоўе жывёлы і аб’ёмы вытв-сці прадукцыі Ж. ў гэтых краінах у 1990-я г. набылі тэндэнцыю да скарачэння. У Беларусі мяса-малочная Ж. займае вядучае месца сярод галін сельскай гаспадаркі. Найб. актыўна яна развівалася ў 1960—80-я г. (гл. табл. 1). У сувязі са скарачэннем пагалоўя ў 1990-я г. знізілася і валавая вытв-сць усіх відаў прадукцыі Ж. (гл. табл. 2). Скараціліся вытв-сць і спажыванне прадукцыі Ж. ў разліку на душу насельніцтва. У 1990 было атрымана мясной прадукцыі на 1 чалавека 75 кг, а ў 1996—60,5 кг. У структуры мясной прадукцыі, атрыманай на Беларусі, ялавічына складае 44,4%, свініна — 43,8, птушынае мяса — 10,2, бараніна — 0,6, іншыя віды — 1%. Асноўная ч. атрыманага мяса, малака і яец прыпадае на грамадскі сектар, адпаведна 72, 59 і 60% (1996). Больш развіта Ж. на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай і на З Мінскай абласцей, якія лепш забяспечаны кармамі, прац. рэсурсамі і матэрыяльна-тэхн. сродкамі.

Н.​В.​Жураўская.

Н.​В.​Жураўская.
Табліца 1. Пагалоўе жывёлы ў Беларусі (на пачатак года, тыс. галоў)
Усе катэгорыі гаспадарак 1941 1970 1991 1995 1997
Буйная рагатая жывёла, 5077 6975 5404 4855 2844
у т. л. каровы 1956 2522 2362 2181 2043
Свінні 2520 3651 5051 4004 3715
Авечкі і козы 2578 670 445 284 214
Коні 1170 333 217 220 232
Птушкі, млн. галоў — 24,3 50,6 45,3 40,8
Табліца 2. Вытворчасць асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі ў Беларусі
Усе катэгорыі гаспадарак 1940 1970 1990 1995 1996
Мяса (у забойнай вазе), тыс. т. 275 710 1181 657 623
у т. л. свініны 134 335 438 263 273
Малака, тыс. т 2005 5296 7457 5070 4908
Яец, млн. шт. 612 1671 3657 3373 3441
Воўна, т 3285 1213 958 396 328

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),

першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г. Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.​Друманд у 1919—33; Ж.​Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар. арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Літ.:

Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;

Илюхина Р.​М.​Лига Наций, 1919—1934. М., 1982.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.

П. ўзнікла каля 4—3 тыс. г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.

У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-г. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.

т. 13, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)