помнік драўлянага дойлідства ўсходнепалескай школы (гл. ў арт.Палескія школы дойлідства). Пабудавана ў 1718 у в. Дубянец (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.). Мае рысы стылю барока. Трохзрубны аб’ём глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага бабінца (у 19 ст. да яго прыбудавана званіца), квадратных у плане нефа і алтара з рызніцай. Неф завершаны масіўным светлавым васьмерыковым барабанам, накрытым купалам. Сцены гарызантальна ашаляваныя. У інтэр’еры ветразі барабана аздоблены размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУ́ДНЫ (Іван Пятровіч) (? — 1727),
расійскі архітэктар і мастак. Ураджэнец Украіны. З 1701 на царскай службе ў Маскве. У 1704—07 пабудаваў царкву архангела Гаўрыіла (т.зв. Меншыкаву вежу), у якой традыц. кампазіцыя рус. шмат’ярусных цэркваў спалучана з арх. элементамі і дэкар. дэталямі барока. Барочныя рысы маюць таксама царква Івана Воіна (1709—13, Масква; прыпісваецца З.), і асабліва складаныя шмат’ярусныя іканастасы Праабражэнскага сабора (1719, Талін) і сабора Петрапаўлаўскай крэпасці (1722—27, С.-Пецярбург), зробленыя па яго малюнках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́К ((Caravaque) Луі) (1684—20 ці 26.6.1754),
французскі жывапісец. З 1716 у Расіі. З 1718 у ведамстве «Канцылярыі ад пабудоў», дзе меў вучняў (І.Вішнякоў і інш.). Працаваў у стылі позняга барока, пазней — ракако. Аўтар дэкар. размалёвак, батальных карцін, кардонаў для шпалер, партрэтаў. Сярод твораў: «Палтаўская баталія» (1717), партрэты Пятра I (1716 і 1723), імператрыцы Ганны Іванаўны (1730) і інш. Творчасць К., адметная вытанчанай жывапіснай манерай, паўплывала на рус. партрэт сярэдзіны 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАБАЎ (Іван Кузьміч) (1700 або 1701—1747),
рускі архітэктар. У 1718—27 як пенсіянер Пятра I вучыўся ў Бельгіі і Галандыі. У Пецярбургу перабудаваў у духу ранняга рус.барока будынак Адміралцейства, будаваў Партыкулярную верф на Фантанцы (пачата ў 1735, разабрана), магчыма, царкву Панцеляймона (1735—39). Удзельнічаў у складанні першага рус.арх. трактата-кодэкса. З 1741 працаваў у Маскве. Сярод яго вучняў С.І.Чавакінскі, А.П.Какорынаў, Дз.В.Ухтамскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАПЕ́Т (франц. parapet ад італьян. parapetto ад parare абараняць + petto грудзі),
невысокая суцэльная сценка, якая агароджвае пакрыццё будынка, тэрасу, балкон, набярэжную, мост і інш. Часта бывае пастаментам для дэкар. ваз і статуй. Вядомы са старажытнасці ў архітэктуры Грэцыі і Рыма. Найб. шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У выглядзе П. робяць парадныя агароджы ўчасткаў сквераў і паркаў (П. вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску, 1999).
Парапеты вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІВО́ЛЬТ (італьян. archivolto),
архітэктурна-дэкаратыўная дэталь абрамлення арачнага праёма; вылучае дугу аркі з плоскасці сцяны. Архівольты з’явіліся з развіццём арачных канструкцый у Стараж. Рыме і Візантыі; на Беларусі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. Выконваюць архівольты з клінавых камянёў, тынку, стука. Мае прафіляваную паверхню з выкарыстаннем розных па малюнку абломаў архітэктурных або арнаментаваную разьбой, рустам, лепкай. Архівольт, які самастойна выступае на плоскасці сцяны і не звязаны з праёмам, называецца «сляпой» аркай.
Архівольт аркі галоўнага партала Мінскага паштамта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБА́Ну архітэктуры,
цыліндрычная або шматгранная (звычайна васьмерыковая) верхняя частка будынка, якая абапіраецца на сцены, слупы, падпружныя аркі, ветразі і завяршаецца купалам або шатром. Бываюць светлавыя (з аконнымі праёмамі, паляпшаюць асветленасць будынка) і глухія (без праёмаў). Барабан — важны элемент кампазіцыі культавых збудаванняў, надае ім дынамічнасць, маляўнічы сілуэт. Пашыраны ў хрысціянскім культавым дойлідстве, у архітэктуры Адраджэння, барока і класіцызму.
Барабаны Успенскай царквы ў вёсцы Чарацянка Гомельскага раёна.Барабаны Петрапаўлаўскага са-бора ў Гомелі (злева), Міхайлаўскай царквы ў Слуцку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНВІТЭ́ЛІ ((Vanvitelli) Луіджы) (12.5.1700, г. Неапаль, Італія — 1.3.1773),
італьянскі архітэктар неапалітанскай школы. Працаваў у Рыме, Анконе, Ф’юмічына, Брэшыі, Неапалі, Мілане. Творчасць Ванвітэлі — пераход ад барока да класіцызму. У яго гал. збудаванні Палацца Рэале ў Казерце, каля Неапаля (пач. ў 1752; прамавугольнае ў плане, з 4 унутр. дварамі, утворанымі крыжападобным перасячэннем карпусоў), барочная пластычнасць дэкору і дынамізм прасторавай арганізацыі інтэр’ераў спалучаюцца з класіцыстычнай строгасцю і плоскаснасцю фасадаў.
Л.Ванвітэлі. Лесвіца ў Палацца Рэале ў Казерце каля Неапаля. Пачаты ў 1752.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁЛЬФЛІН ((Wölfflin) Генрых) (21.6.1864, г. Вінтэртур, Швейцарыя — 19.7.1945),
швейцарскі мастацтвазнавец. Праф. ун-таў у Базелі (1893), Берліне (1901), Мюнхене (1912), Цюрыху (1924). Распрацаваў методыку аналізу маст. стылю, якая ў ранніх працах Вёльфліна служыла для даследавання «псіхалогіі эпохі» («Рэнесанс і барока», 1888; «Класічнае мастацтва», 1899). Пазней усё больш звужаў задачы аналізу твораў маст. азначэннем «метадаў бачання», набліжаючы да іх характарыстыку мастацтва розных эпох і народаў («Асноўныя паняцці гісторыі мастацтва», 1915; «Італія і нямецкае адчуванне формы», 1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЮЗІЯНІ́ЗМ (франц. illusionnisme ад лац. illusio падман),
імітацыя бачнага свету ў творах выяўл. мастацтва, стварэнне ўражання рэальнага існавання прадметаў і прасторы. І. зрокава сцірае грані паміж умоўным светам выявы і рэчаіснасцю, стварае падабенства іх узаемадзеяння, знікнення рэчавага матэрыялу, з якога складаецца твор, плоскасці сцяны ці карціны. Узнік у ант. жывапісе, адыграў важную ролю ў мастацтве Адраджэння, быў адным з гал. прынцыпаў манум.-дэкар. мастацтва барока. Сустракаецца і ў станковым мастацтве (нацюрморты-«падманкі» 18 ст. і інш.).